^ Back to Top

З Цмокавай пячоры... скралі Цмока! (фота, відэа)

Як распавёў спадар Андрэй, яго вельмі зацікавіў матэрыял "Адзіную ў Беларусі пячору назвалі Цмокавай" на нашым сайце.

Ад ягонага роднага Наваполацка да ўнікальнай пячоры не так і далёка, таму ён прыхапіў сябра і рушыў шукаць цмокаву таямніцу.

- Дзякуючы вашаму апісанню і каардынатам, знайсці пячору аказалася даволі лёгка, - прызнаецца Андрэй Шардыка. - Пераадолеўшы лагчыну і ўзгорак, мы ўбачылі той самы ўваход, які быў і на вашых фота.

- Прызнацца шчыра, тут нам стала крыху не па сабе, - кажа Андрэй. Бо ўваход вельмі вузкі, наперадзе не відаць нічога, трэба паўзці некалькі метраў практычна навобмацак, нават не скарыстаешся зручна ліхтарыкам. Але наважыліся - і нарэшце патрапілі ў яе, адзіную ў Беларусі Цмокаву пячору!

Андрэй прызнаецца, што быў уражаны, што ў нашай краіне можа быць нешта падобнае - ніколі такога не сустракаў!

- Калі патрапілі ўсярэдзіну, то ўсцешана знайшлі вашую шыльду "Тут жыве беларускі Цмок!". На ёй ужо выдрапана нейкае імя - выглядае, што нехта быў тут пасля вас. А вось чырвонага Цмока, якога вы там пакінулі, ужо няма...

Калі Андрэй з сябрам выйшлі з пячоры і пакрочылі да машыны, пачалася містыка - іх сталі пераследаваць 8 змей... А змяя, як вядома, самы блізкі сваяк Цмока!

- Нібыта вялі нас куды... - прыгадвае суразмоўца. - І раптам мы пабачылі на стромкім адхоне яшчэ адзін уваход!

Уваход аказаўся занадта вузкі, каб у яго мог патрапіць чалавек. Аднак ён быў на значнай адлегласці ад першага, таму можна меркаваць, што над возерам Гінькавым цэлая сетка Цмокавых пячор...

Усё скончылася добра - і Андрэй атрымаў заслужаныя прызы ад кампаніі "Будзьма беларусамі".

А свае неверагодныя прыгоды ён апісаў для нас яшчэ і на відэа:

Сябры! Вандруйце па Беларусі, наведвайце Цмокавы пункты - і атрымлівайце файныя прызы ад кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Будзьма цмокамі!