^ Back to Top

Мінская фларыстка пераклала казку пра Лепельскага Цмока

- Набыла ў краме шакаладныя падушачкі вядомай віцебскай фірмы "Віцьба", - кажа мінская фларыстка Людміла Карабань.

- Там выяўлены Цмок, але ж - ні слова па-беларуску!.. - працягвае Людміла - А на адвароце нейкая безаблічная гісторыя пра "дракона". Таму я і вырашыла зрабіць адвольны пераклад гэтый казачкі, прыстасаваўшы яго да нашых рэаліяў. Бо вядома, што галоўнs беларускі цмок жыве ў Лепелі -- нездарма яму там нават помнік паставілі!

КАЗАЧКА ПРА ЦМОКА.

Зусім недалёка ад Віцебска, у горадзе Лепель, ля возера, жыве-сабе маленечкі такі Цмок. Кожным ранкам прачынаецца ён у сваёй трохпакаёвай пячорцы, старанна чысціць зубы (усе да адзінага), робіць некалькі практыкаванняў для галавы, лапак, крылаў і хваста (цмок мае быць дужым і трывалым), ды ідзе сьнедаць.

Больш за ўсё яму падабаюцца вельмі смачныя і хрусткія падушачкі “Віцьба” з шакаладным начыннем. Ён запівае іх цёплым сырадоем і атрымлівае ад гэтага вялікую асалоду! Гэта толькі заморскія драконы ядуць прынцаў і прынцэс, а наш Лепельскі Цмок любіць менавіта беларускія прысмакі.

Пасля сняданку Цмок ляціць у горад, каб гуляць з дзецьмі. Ён вельмі любіць дзетак і заўсёды частуе іх падушачкамі.

Напрацягу ўсяго дня Цмок гуляе з малымі ў хованкі, чытае ім казкі і ўздымае іх у паветра, узмахваючы сваімі маленькімі, але ж вельмі дужымі, крылцамі.  Гэта вельмі цешыць дзяцей.

Прынамсі, няма лепшай нянькі для дзяцей, чым Цмок, асабліва, калі ён кожны дзень харчуецца хрусткімі падушачкамі!