Як стала вядома нашаму сайту, Рыгор Барадулін з Цмокам сябруе даўно.
-- Цмок -- гэта вельмі даўні сімвал, даўні беларускі грамадзянін, -- сказаў у інтэрв'ю Cmok.budzma.org народны паэт Беларусі. -- Гісторыі пра Цмока сягаюць каранямі ў часы паганства. Але, хоць беларусы сёння ходзяць у касцёл ці царкву, паганства не забываецца. Гэта і даўнія народныя святы, і абрады, і прыкметы. Беларусы ходзяць у храм, але калі лета сухое -- то дажджу таксама ведаюць у каго папрасіць. Таму адраджэнне легендарнага Цмока -- гэта вельмі добрая і натуральная справа! Беларускі Цмок не добры, і не злы -- ён па-беларуску хітры і мудры!
Дзядзька Рыгор, атрымаўшы ў падарунак сувеніры з лагатыпам "Краіна Цмокаў", іранічна заўважыў: "За такі лозунг у сталінскія часы вас бы ўжо даўно адправілі шукаць Цмока на Калыму!".
У падарунак нашаму сайту Рыгор Барадулін перадаў два свежыя цмачыныя вершы. І намякнуў, што варта чакаць працяг цмачынай тэмы!
Вашай увазе -- рукапісы вершаў.
Нагадаем, камунікацыйны праект "Краіна Цмокаў" кампаніі "Будзьма беларусамі" працягваецца ўжо амаль два гады. Яго мэта -- паралельна з зубрам і буслам -- стварыць адметны беларускі турыстычны брэнд, які б грунтаваўся на народных паданнях пра Цмока.
Шануйся, хітравокая,
Тут і цябе цмок
Зацмокае!
Шчыра рад
Не ў дакор.
Цмокаў брат
дзед Рыгор.
Не нідзе --
Цмок жыве ў вадзе.
Смачна ў багне,
Цёпла ў багне.
Цмок ніколі не засмягне.