Гэтыя ўнікальныя здымкі даслаў чытач cmok.budzma.org Зміцер Смірноў.
Тэмай ліста значылася: “Цмокi у нас былi”.
Зміцер піша, што днямі быў у гасцях у сябра ў Пухавіцкім раёне. У гэты час да сябра завітаў сусед, каб паказаць неверагодную знаходку. Паводле словаў суседа, гэта быў “камень з выяваю дэльфіна”. Але Зміцер з сябрам, калі зірнулі на свае вочы, ажно ахнулі: на іх глядзела акамянелая галава маленькага цмока! Сусед, пабачыўшы цікавасць хлопцаў да знаходкі, тут жа пагадзіўся саступіць ім галаву цмока за пляшку гарэлкі.
-- Гэтая знаходка яшчэ раз пераканала мяне, што цмокі ў нас былі! – сказаў Зміцер у інтэрв’ю нашаму сайту. – Таму за вашымі падарожжамі “У пошуках Цмока” я стаў сачыць з падвойнай цікавасцю! Дарэчы, калі прыгледзецца, то ў гэтай акамянелай галаве можна нават пабачыць сляды зубоў…
Паводле Змітра, ён быў бы не супраць перадаць акамянелую галаву маленькага цмока на даследаванні -- калі нейкія навукоўцы праявяць цікавасць. А таксама, кажа Зміцер, калі нарэшце будзе створаны Музей беларускіх цмокаў -- ён з ахвотаю перадасць гэты каштоўны экспанат туды.
Шаноўныя чытачы, дасылайце і вы свае цмачыныя цікавосткі на адрас belaruskicmok@gmail.com !