^ Back to Top

Мінчанка сабрала калекцыю з трох дзясяткаў цмокаў! (фота)

Да адной з нашых публікацыяў паэтка і культуролаг-даследчыца Ірына Хадарэнка пакінула інтрыгуючы каментар: “А ў мяне дома ёсць калекцыя больш, чым з дваццаці цмокаў…” Натуральна, мы неадкладна выехалі на месца! Сустрэчу пані Ірына прызначыла у самым цэнтры Мінска, каля агромністага цмока, якога забівае Арханёл Міхаіл пад сценамі Чырвонага касцёла...

― Захапленне цмокамі ў мяне здаўна, ― кажа спадарыня Ірына. ― Магчыма, часткова праз тое, што я - Цмок паводле гараскопу. Калекцыя пачала збірацца натуральным чынам, а яе “ветэран” з’явіўся ў мяне яшчэ ў падлеткавым узросце.

― Гэта цмок-бірулька для ключоў. Цяпер, праўда, на службе яго змяніў больш маладзейшы калега.

― А вось гэтую мініяцюрна-гламурную цмачыху мне калісьці падарыў бацька. Доўгі час яна была ў адзіноце, але ў мінулым годзе ў яе нарэшце з’явіўся такі ж шкляны кавалер, так што цяпер яны разам выглядаюць гарманічна.

― Гатычны цмок быў набыты мной у 2006 годзе ў Германіі, на вядомым музычным фестывалі “Mera Luna”. У якасці падсвечніка ён пакуль ні разу не выкарыстоўваўся, проста стаяў на палічцы як змрочны ахоўнік жытла.

― У адрозненне ад нямецкага, наш беларускі цмок значна лагаднейшы і весялейшы.

― Некалькі год таму мне пашчасціла наведаць фабрыку керамічных вырабаў у Радашковічах, адкуль і прыбыў гэты экзэмпляр. Яго можна выкарыстоўваць не толькі для сыпучых прадуктаў, але і як капілку. Між іншым, я б параіла кожнай беларускай сям’і завесці ў хаце ўласнага цмока, бо, як вядома, яны спрыяюць дабрабыту і мудрасці. У многіх казках цмокі вылупляюцца з яйка, а вось гэты руды цмок, які таксама прыехаў з Радашковічаў, сам можа змяшчаць або яйка, або дробныя манеткі і гузікі.

―Яшчэ цмокі здольныя ствараць розныя дзівосныя гукі, як, напрыклад, вось гэты цмок-акарына.

― Двое наступных керамічных цмокаў ― цямнейшы і святлейшы ― таксама зроблены ў Беларусі і нібы ўвасабляюць традыцыйныя ўяўленні нашых продкаў пра гэтых істот. Айчынныя цмокі ― не зласлівыя і агрэсіўныя, а разважлівыя і стрыманыя, амаль, як мы самі.

Да іх у кампанію міжволі далучыліся браты з Прыбалтыкі – зялёны цмок з кветачкай прыехаў з літоўскага Коўна, а яго сябрук са смешнымі лапкамі – з латышскага Вентспілса.

― Безумоўна, калекцыя не абыйшлася і без кітайскіх цмокаў. У Азіі цмокі, як вядома – асноўныя фігуранты міфалагічнага пантэону, што сімвалізуюць пачатак “ян” і атачаюцца надзвычайнай пашанай. І ўсё ж такі добра, што мы жывём не ў Кітаі і, тым больш, не ў часы дынастыі Цын. Інакш за свой блакітны халацік з выявай цмока я магла б развітацца з жыццём, бо такое права раней належала толькі чальцам імператарскай сям’і.

Дык вось, кітайскія цмокі прадстаўлены ў разнастайных абліччах. Цмок-геданіст – аматар бавіць час за півам.

― Яго сусед больш адпавядае вобразу цмока ў еўрапейскіх казках, дзе, пераважна пад уздзеяннем хрысціянства, ён атаясамліваўся са знешняй пагрозай і ахвярнасцю.

― Цалкам супрацьлеглы на выгляд жоўты цмок. Ён мне нагадвае цікаўнага Дракошу з вядомага мульціка паводле казкі англійскага пісьменніка Дональда Бісэта.

― А вось гэты зялёны пачварык – цмок кібермеханістычны. Ён можа пішчаць і выконваць функцыю ліхтарыка.

― Малюткі цмок спартовага выгляду быў знойдзены мной на балтыйскім пляжы.

― Асобная серыя – кракаўскія цмокі. З гэтым горадам у мяне звязана шмат эмоцый і ўспамінаў. Калісьці мой дзед распавядаў, што ў перыяд Другой сусветнай вайны яму давялося ўдзельнічаць у аперацыі па размініраванні Кракава. А мне ў сваю чаргу пашанцавала амаль год пражыць там падчас вучобы ў Ягелоньскім універсітэце. Канешне, цмокі ў Кракаве сустракаюцца на кожным кроку. Вось, напрыклад, гэты дабрадушны сімпацяга.

― Цмок у акадэмічнай шапачцы нагадвае пра тое, што культурная сталіца Польшчы – гэта перадусім горад студэнтаў і навукоўцаў.

― А гэты мяккі чырвона-жоўты з зялёнай стужачкай – адзін з маіх любімчыкаў.

― Яшчэ адзін “кракавяк” – керамічны цмок-званочак, набыты на адмысловым тамтэйшым свяце – Парадзе Цмокаў.

― Залацісты цмок-чараўнік з магічным камянём і кнігай “эміграваў” з Любляны.

― Нагадаю, што адной з найбольш знакамітых цікавостак славенскай сталіцы з’яўляецца Цмачыны мост, які будаваўся, калі краіна яшчэ была ў складзе Аўстра-Венгрыі. Мост упрыгожаны скульптурамі чатырох зялёных цмокаў і рэгулярна атакуецца турыстамі з фотаапаратамі.

Ёсць у калекцыі і парачка магнітаў, што месцяцца на маёй лядоўні. Рамантычны беларускі цмок тут ізноў суседнічае з прагматычным кітайскім.

― Апроч таго, што цмокаманія садзейнічае развіццю асветы і турызму, мяркую, што дадаткова добра было б узбагачаць нашу мову адпаведнай лексікай. Напрыклад, прыцмочыць – прыціснуць, прымусіць, нацмочыць – накруціць-намуціць, перацмочыць – пераклініць і г.д.

Стракаты цмок з рухомай галавой прыляцеў сюды са Злучаных Штатаў Амерыкі. Там я набыла яго на кірмашы ў індзейца як характэрны для іх культуры сувенірны выраб. На маю думку, гэта такая міні-мадэль Кетцалькоатля, сукупны вобраз боскага панавання і моцы пераўтварэння.

Увогуле, цмок у культурнай прасторы можа разглядацца як сімвал трансфармацыі і адраджэння, што для беларусаў было і застаецца надзвычай актуальнай задачай. І нават міф пра Георгія-пераможцу і Архангела Міхаіла ва ўмовах сучаснага дыскурсу можа быць перачытаны па-новаму – як аналогія пераадолення страху і невуцтва на шляху да свабоды духу і Абсалюту. Менавіта гэтага напярэдадні калядных святаў зычу грамадзянам нашай краіны  я і мае разнастайныя цмокі.