^ Back to Top

У цэнтры Гомеля знайшлі Амулет Цмока! (фота, відэа)

Усе ведаюць палац Румянцавых і Паскевічаў у цэнтры Гомеля.

 

Адразу за ім, на ўзбярэжжы Сожа, стаіць помнік першаму міфічнаму гамельчуку, які прыплыў сюды на чоўне разам з рыссю.

-- Паводле распаўсюджанай легенды, гэты гомелепітэк пабачыў мель і закрычаў сваёй рысі: “Го! Мель!”. Або рысь яму закрычала -- даўно было, ніхто ўжо дакладна не памятае, -- пераказвае гарадскі апокрыф Яўген Меркіс. – Нібыта так і з’явілася назва нашага горада.

 

Яўген кажа, што да гэтай версіі можна ставіцца па-рознаму. Але бясспрэчным з’яўляецца іншы неверагодны факт: амулет, які вісіць на грудзях гэтага першага міфічнага гамельчука. Вы здагадаліся слушна: гэта Цмок!

-- Гэта не прыдумка скульптара, -- ужо зусім сур’ёзна дадае спадар Яўген. – Гэта рэальная археалагічная знаходка, якая была зробленая ў цэнтры нашага горада, на гарадзішчы, зусім побач ад гэтага месца. Раней там стаяў замак, а цяпер на ягоным месцы стаіць палац Румянцавых і Паскевічаў.

 

-- Чаму на гэтым амулеце выяўлены Цмок?.. – задае рытарычнае пытанне Яўген Меркіс. – Адказ вельмі просты: у тыя часы людзі выяўлялі на амулетах і ўпрыгожаннях тое, што бачылі навокал сябе…

 

З гэтымі словамі Яўген вядзе нас на суседнюю вуліцу і паказвае чырвоны дом па адрасе Савецкая, 4, дзе месціцца вядомая крама “Дары мора” (паколькі Цмок – істота вадзяная,  то назву падабралі цудоўна).

 

З фасада, як вы ўжо здагадаліся, на нас глядзяць самыя сапраўдныя Гомельскія Цмокі!

 

-- Вось яшчэ адно сведчанне, што гэта ўсё прыдумалі не мы, краязнаўцы, а што Цмокі даўно і трывала жывуць у памяці і свядомасці людзей… -- дадае Яўген Меркіс.

 

…Цяпер, як патрапіце ў Гомель, вы ўжо ведаеце, што тут паглядзець найперш!..