Новыя згадкі аб Цмоках на Гомельшчыне знайшла Ірына Глушэц. У працы даследчыцы С.М. Талстой "Матэрыялы да апісання палескага купальскага абраду" чытаем чорным па белым: "У Стадолічах запісаны расповед пра змеяў (цмокаў), якія прыляталі на Івана Купалу і паведамлялі людзям пра цудадзейныя зёлкі, якія маглі зрабіць быдла і людзей несмяротнымі: "Була во тут яворына і туды злеталіся змеі на етого самого на купаліного Івана і говорілі етыі змеі што кажа у Корме есть така зілле што коб его хто знав, тоб ніколі худоба б не дохла, жыла б усю жызнь, не дохла. І у Стодолічах була така крініца і був такі поплаў, его ніхто не ораў, січас ужэ его нема, зоралі, то понад стодоліцкой крініцы такэе зелле, штоб ніколі люді не уміралі. Коб его хто знаў ды ўрваў".
Такія звесткі паведаміла даследчыцы Т.К. Казачэнка. Як вядома, "змей" у жывой гаворцы ёсць сінонімам слова "цмок". Вёска Стадолічы знаходзіцца ў Лельчыцкім раёне, непадалёк мяжы з Украінай.
-- Гэта яшчэ адно пацьвержанне, што менавіта Гомельшчына -- беларускі край цмокаў, -- мяркуе гомельскі цмоказнаўца Яўген Меркіс. -- Тое, што першы ў Беларусі помнік Цмоку паставілі ў Лепелі -- несправядліва, трэба было ў нас ставіць! Але няхай сабе. Ім помнік, а нам -- сапраўдныя цмокі!
У найбліжэйшы час Яўген рыхтуе экспедыцыю ў Стадолічы дзеля пошукаў той замай крыніцы і тых самых зёлак. Сачыце за навінамі.