Помнік Цмоку адкрылі ў Лепелі мінулай восенню. У адкрыцці браў удзел нават старшыня выканкама, а грошы на помнік вылучылі з мясцовага бюджэту. Ініцыятыва ж усталявання помніка належала мясцоваму краязнаўцу, рупліўцу Валадару Шушкевічу.
Днямі мы атрымалі паведамленне ад чытача нашага сайта Алеся Мазаніка з Мінска.
"Быў на выходных у Лепелі, едзіў спецыяльна, каб пабачыць яшчэ раз адзіны ў Беларусі помнік Цмоку. Якое ж было маё здзіўленне, калі за 50 метраў ад помніка я заўважыў змяю, якая паўзла ў пустым фантане!.. Аказалася, гэта вуж. А вуж, як вядома, -- родны брат Цмока!"
Алесю ўдалося зняць вужа на відэа.
Іншы наш чытач, Мікалай, звярнуў увагу на незвычайныя абрысы сушы ў тым месцы, дзе стаіць помнік Цмоку. Калі ўвесці ў Google maps "Лепель", то ў гэтым можа пераканацца кожны з вас. Бачыце тут галаву Цмока?..
Шаноўныя чытачы, скідвайце свае цмачыныя цікавосткі на belaruskicmok@gmail.com
Будзьма цмокамі!