^ Back to Top

Ірына Дубянецкая: Вялейшчына – сапраўдны Край Цмокаў! (відэа)

Ірына Дубянецкая, адзіная ў Беларусі жанчына-доктар тэалогіі і доктар філасофіі, ужо з’яўлялася на нашым сайце ў якасці эксперта па Цмоках. Аднак выявілася, што яе захапленне даволі “практычнае” – днямі спадарыня Ірына вярнулася з чарговай Цмачынай экспедыцыі – на Вялейшчыну. Пра што распавяла ў інтэрв’ю Cmok.budzma.org.

 

-- Для Беларусі гэта ўнікальны край у сэнсе захавання Вялесавых, ці Цмачыных легенд, -- кажа Ірына Дубянецкая. – Трэба сказаць, што сама рака Вялля ў даўнасці звалася Вялея. Захаваўся цэлы шэраг легенд, як дзяўчына ператвараецца ў раку… Сама назва ўказвае на наўпроставую сувязь з Вялесам. А як вядома, беларускі цмок завецца Вяль. Гэта адзінае імя Цмока, якое наўпрост называецца ў легендах. Таму слушна казаць Вялейка і Вялейскі, а “Вілейка” – прапанавалі палякі.

Ірына Дубянецкая ездзіць у экспедыцыі на Вялейшчыну ўжо не адно дзесяцігодззе. І добра вывучыла гэтыя мясціны.

-- Сама ракі Вялля робіць там 9 петляў, а непадалёк знаходзіцца цмачынае ўрочышча Крывазнакі… -- працягвае спадарыня Ірына. – Там захавалася шмат агромных камянёў, якія завуцца “валы” або “быкі”. Паводле мясцовых гісторый, было так, што які-небудзь чалавек грашыў – араў зямлю на Вялікдзень. І за гэта быў пакараны – ці разам са сваімі валамі ператвараўся ў камяні, ці правальваўся пад зямлю – а на гэтым месцы з’яўляліся камяні. Групу з трох такіх камянёў мы ў свой час знайшлі ля вёскі Кузьмічы. Цяпер застаўся адзін – пад могілкамі, вельмі прыгожы, вялізны, з чырвонага граніту, з блакітна-шэрымі кварцавымі ўкрапленнямі… Але самыя вядомыя “валы” – Сцебярацкія. Яны вядомыя тым, што на іх выбітыя вельмі цікавыя знакі, падобныя да лука і стрэлаў… Ёсць камяні і ля вёскі Астравы…

Сцебярацкія камяні. Фота: ufo-com.net

Фота: ufo-com.net

Даследваць вялейскія камяні пачалі не ўчора – а яшчэ ў пазамінулым стагоддзі!

Варацішын крыж

-- Самы шыкоўны вялейскі камень пачалі даследваць яшчэ ў ХІХ стагоддзі Адам Кіркор і Канстантын Тышкевіч. На ім напісаны тэкст, які паведамляе, што гэта “Варацішын крыж”. Пра яго шмат легенд. Адна з іх – пра Вялляну і Сцяпана. Зноў жа, і тут Вяль, Вялес, то бок Цмок… Кажуць, гэтыя хлопец з дзяўчынай некалі праклялі адно аднаго… Яна яму сказала: “Каб ты стаўся каменем”. А ён ёй: “Каб ты сталася ракою!”. І рака кожны год усё бліжэй і бліжэй падмывае да каменя. Кажуць, што калі яна падбярэцца зусім блізка, то ён зноў стане хлопцам,а  яна – дзяўчынаю…

Ёсць у гэтых мясцінах і… акамянелы дом цмока-краўца!

-- Таксама на Вялейшчыне цмат гісторый пра камяні, у якіх Цмок працаваў краўцом або шаўцом, -- дадае Ірына Дубянецкая. – Самы шыкоўны камень у гэтым сэнсе – Гомсін камень ля вёскі Куранец. Кравец там шыў боты на Вялікдзень… Людзі вярталіся з царквы, прапяяў певень, ударыла маланка… І людзі пабачылі, што няма таго дома і краўца – а ёсць гэты камень. Калі цяпер падыходзіш да яго – бачыш, што гэта сапраўды дом! Велізарны! Прычым, як сказаў наш праваднік, ён быў у разы большы – але людзі паразбівалі на помнікі…

У дадатак да ўсяго можна пабачыць яшчэ і месца, дзе Цмок праваліў пад зямлю цэлую карчму з людзьмі!

-- Каля вёскі Касцяневічы ёсць месца, дзе “ў возера правалілася карчма”. І пра гэта і цяпер расказваюць мясцовыя жыхары. Гэта абсалютна цмачыная традыцыя – забіраць пад зямлю тое, што просіць дапамогі; або тое, што правінілася. Пра гэтую карчму кажуць, што яна правалілася, бо туды заехала вяселле замест таго, каб ехаць у царкву… Самая старая жыхарка Касцяневічаў сказала нам: “Так-так! Была карчма – і правалілася!.. І доўга-доўга вэлюм плаваў…” Такая вось дэталь!

Ірына Дубянецкая падводзіць рысу – і запрашае ўсіх вандраваць па Вялейскім краі!

-- Рака Вялля – гэта той беларускі Цмок, якога можа пабачыць кожны…

 

Поўную версію інтэрв'ю глядзіце на відэа.