Як вы памятаеце, падчас экспедыцыі "У пошуках Цмока" мы патрапілі ў адзіную ў Беларусі пячору каля вёскі Сахновічы Глыбоцкага раёна, на беразе возера Гінькава. Паколькі яна не мела назвы, мы тут жа зразумелі, што яна павінна звацца Цмокавай! У пячоры мы пакінулі нашага фірмовага Цмока, а таксама шыльду "Тут жыве беларускі Цмок".
Пасля чаго абвесцілі акцыю: кожны, хто патрапіць у пячору і сфоткаецца там (ці сфоткае ўласна шыльду), атрымае ад нас памятныя прызы з цмачынай сімволікай.
І вось на пошту прыйшоў чарговы ліст ад шукальнікаў прыгодаў.
"Добры вечар! Дзякуючы вашай экспедыцыі "У пошуках цмока", сёлета і я з сябрамі пабачылі Цмокаву пячору. Акрамя пячоры і возера Гінькава мы таксама наведалі Глыбоцкі дэндралагічны сад і возера Доўгае ў Глыбоцкім раёне (а што, яго глыбіня складае 53,7 м - там таксама павінны вадзіцца цмокі!). Падарожжа атрымалася вельмі цікавым і багатым на прыгоды. Цмок упарта не хацеў пускаць нас да сябе: пакуль шукалі пячору лездь не зваліліся з адхону ў яр, не аднойчы падалі ў гэтым яры (бо шукалі пячору менавіта на адхоне), выпэцкаліся па вушы, пазбівалі ногі аб камяні. Але мала таго, што мы ў рэшце рэшт знайшлі пячору, дык мы убачылі і самаго цмока - каменнага, які выпаўзаў з другой пячоры на адхоне (сама пячора абвалілася, але цмок застаўся)...