Паводле: Блукач ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ), LEPEL.BY
Мінулым летам у аграсядзібе “Поўсвіж” адбыўся пленэр мастакоў Віцебскай вобласці. А ў верасні ў Лепелі прайшоў Фестываль лепельскага цмока, у межах якога юныя мастакі стваралі мастацкія прысвячэнні нашаму герою. І вось цяпер у лепельскім салоне-краме “Скарбонка” адкрыўся супольны вернісаж па выніках тых двух мерапрыемстваў. У межах таго Фэсту “Будзьма беларусамі” перадала ў “Скарбонку” нашую памятную шыльду “Тут жыве беларускі Цмок” – так што цяпер кола замкнулася!
На выставе можна пабачыць як разнастайныя выявы Цмока, гэтак і проста мастацкія фантазіі аўтараў і творчыя развагі “на тэму”. Твораў настолькі шмат, што на сценах іх давялося павесіць “у тры паверхі”.
На адкрыцці прагучала і песня пра Цмока, якой, паводле перакананняў мясцовых краязнаўцаў, не адна сотня гадоў.