Гарадзенскія аматары экстрэмальных гульняў шукалі ў горадзе над Нёманам цмока — легендарную жывёліну, якая калісьці нібыта жыла на тэрыторыі Беларусі. Некалькі гадоў таму праект “У пошуках цмока” ладзіла агульнанацыянальная кампанія “Будзьма беларусамі!”, і гарадзенцы вырашылі падтрымаць гэты праект, правёўшы гульню ў якой удзельнічала каля 50 жыхароў горада.
Паводле аўтараў гульні “У пошуках цмока”, “цмок, які жыў калісьці ў старажытнай Гародні, незвычайны: кажуць, што ён умеў мяняць аблічча. То ён вадзяны, то хаваецца ў падземным палацы, то ў жывёліну ператворыцца, любую, якая яму спадабаецца, а то возьме і прыме выгляд іншаземнага госця”.
Гэтым разам пошукі цмока былі звязаныя цікавым беларускамоўным апісаннем да кожнага задання. Іх было 14, і на кожнае заданне былі свае загадкі. Першапачаткова цмок хаваўся ў гарадзенскім доме мары, затым у падзямеллях, што знаходзяцца на ўскрайку горада, а скончылася падарожжа гарадзенскім прычалам, дзе раней прыпыняліся чаўны, а цяпер адзіны гарадзенскі карабель “Вольга Соламава”
Пра гульню расказвае адзін з яе аўтараў, гарадзенскі фатограф Аляксандр Саенка:
Гэтая гульня была “завязаная” на гістарычных месцах горада. Гульцы змаглі наведаць старыя падзямеллі, дзе раней апрацоўвалі скуру, таксама можна было пабачыць вадзяны млын ХІХ стагоддзя, наведалі такія цікавыя месцы ў горадзе, як дом масонаў, пабачылі ўсёбачнае вока на францішканскім кляштары.
Загадкі былі напісаныя даволі цікавым спосабам. “Далібог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо — з нашых бедаў. І зубы агромністыя былі, велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга. Зубы былі вострыя, нібы цыркулі. Адныя былі падобныя на малаткі, другія нібы калоны, самыя дзіўныя выглядалі нібы ступені. Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя. І страшна было глядзець у тыя вочы, і мурашкі па спіне, нібы жудаснага змія ўбачыў, і непамысна неяк, і нібы ў чымсьці вінаваты”, — напрыклад, так быў зашыфраваны адзіны ў горадзе дом Масонскай ложы.
Перамагла каманда “Старички-разбойники”, якія гуляюць у такія гульні трохі больш за паўгода. Каманды, што занялі тры прызавыя месцы, атрымалі падарункі ад кампаніі Symbal.by.
Арганізатары плануюць летам 2015 года зрабіць другую частку гульні.
Андрэй Мялешка, www.budzma.by
Фота Аляксандра Саенкі