^ Back to Top

“Цмок узяў і дзяўчыне за гэта пяцярнёй ўрэзаў. Я тую дзяўчыну добра памятаю…” (ФОТА, ВІДЭА)

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота, відэа Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗДВА), Ваўкавышчыну (РАЗ, ДВА). Гэтым разам нас чакала сапраўдная сенсацыя…

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7657

Змееў камень: унікальныя ўспаміны мясцовага жыхара Віктара Патапава

 

Ніколі яшчэ нашая экспедыцыя не была такая блізкая да Цмока! Здаецца – толькі што ён быў тут, вунь там за кустом мільгануў ягоны цень… Але – пра ўсё па парадку.

Думаеце, пошукі Цмока – гэта як адпачынак на курорце? Дзе ж там! На гадзінніку – чвэрць да шостай ранку. Ваколіцы Новалукомля (альбо, як будзе больш слушна па-беларуску -- Навалукам’я). Вёска Гогалеўка. Каардынаты нашай мэты – дакладней не бывае: “за 1,5 км на поўдзень ад вёскі”.

А мэта не хухры-мухры – Змееў камень, які ёсць увогуле адным з найвялікшых (калі не самым) валуноў Беларусі: 12 метраў у даўжыню, 4,3 у вышыню. Па аб’ёму супастаўны з трыма легкавікамі, скажам так. Камень – менавіта пад такой назвай! – унесены ў Дзяржаўны ахоўны спіс, з’яўляецца помнікам прыроды.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7260

І вось на світанні мы шукаем яго. Паўгадзіны, гадзіну… Вёска спіць, памагчы няма каму. Міма праязджае дзед на возе з суседняй вёскі. Кажа, што сам на камяні не быў, але “недзе там у лесе, знойдзеце”. Наразаем кругі. Хаваецца Змееў камень!

Нарэшце на краі вёскі заўважаем дзеда, які выйшаў з расою касіць траву каню.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7045

-- Дык яго лёгка знайсці! – пасміхаецца дзед. – Вось гэтай дарожкай, потым яна правей пойдзе, ну і там на ўзлеску таблічка стаіць.

Зноў кіруемся на пошукі. Не знаходзім.

Жаласліва просім дзеда паказаць. Кажам, 300 кіламетраў праехалі, каб пабачыць! Літасцівіцца – ідзе паказваць.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7052

Дарогаю пачынаю распытваць.

-- А якія легенды ходзяць пра гэты камень?.. Кажуць, пра Цмока нешта расказваюць?..

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7065

-- Якія тут легенды, мой бацька яшчэ таго Цмока памятаў!..

Мы слупянеем. Фатограф Таранціна забываецца, на які гузік ціснуць, каб фатаграфаваць. Я прыгадваю, чым грэўся ўчора на ноч. І ці паспеў папярэдзіць жонку на выпадак, калі патраплю ў Навінкі.

-- Цмок той быў як чалавек, толькі дужы надта, дрэва мог узяць ды вырваць. І як небяспека якая – ён цераз сябе перакуліўся і Змеем зрабіўся! Крылы паяўляюцца -- і паляцеў! А ў камяні гэтым ён жыў, дом там ягоны быў.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7082

Пакуль я асэнсоўваю пачутае, дзед вырашае мяне дабіць.

-- У таго Цмока была дзеўка, з суседніх Сіманавічаў, якія амывае наша Лукомскае возера…

-- І ён да дзеўкі хадзіў?.. – дзівіцца падрабязнасцям асабістага жыцця Цмока фатограф Таранціна.

-- Якое хадзіў!? Лётаў! – папраўляе пачынаючых цмоказнаўцаў дзед. – Дык вось, лёг ён спаць, а яе папярэдзіў: “Як будзе Пярун ляцець – дык пабудзі мяне, каб не забіў”. А яна ўзяла і не пабудзіла – Цмоку давялося спешна ўцякаць, чуць жывы астаўся. За гэта ён дзеўцы той пяцярнёй па твару ўрэзаў. Ды чырвоная пяцярня ў яе на твары так і засталася. Пражыла яна 120 гадоў – і ніхто яе замуж браць не хацеў, бо пяцярня тая чырвоная Цмокава на ёй была. Я тую дзеўку добра помню – як малы быў, яна жыла яшчэ…

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7126

Я пачынаю ікаць. Ад разумення, што дзед нас не троліць, а на поўным сур’ёзе распавядае тое, што ведае. Прычым дзед з выгляду – не п’е зусім!

Экскурсія па месцах баявой славы Цмока тым часам працягваецца.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7169

-- Вось тут крынічка была, з якой Цмок піў. А вось тут, кажуць, падземнае возера ёсць… А вось тут ягоная лазня была. Цмокава.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7176

Усіх, хто дагэтуль не верыць у існаванне беларускага Цмока, я б сілком вёз на аўдыёнцыю да гэтага дзеда, якога, як высветлілася, клічуць Віктар Паўлавіч Патапаў. Мы падыходзім да ўзлеска. А Віктар Паўлавіч працягвае сыпаць фактамі. Мы старанна фіксуем усё на відэа – разумеючы, што без гэтага вы можаце нам і не паверыць!..

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7311

-- На нашым Лукомскім возеры ёсць востраў… Ён называецца Востраў Любві або Востраў Смерці. Туды як едуць любоўнікі маладыя – дык яны ўсё адно адтуль не вяртаюцца, патопяцца. Бо там каля вострава глыбіня 9 метраў. А ў іншым месцы возера дык і метр бывае.

-- А вы там былі?

-- А чаму не быў – быў некалькі разоў летам…

-- З дзеўкай?

-- З рыбакамі! – пакрыўджана адказвае дзед. – Плавалі ў такіх агромных спецыяльных лодках. Яны туды коні перавозілі пасвіцца. Бо адтуль коні ўжо нікуды не дзенуцца.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7304

Востраў таксама мае непасрэднае дачыненне да Цмока. Паводле словаў Віктара Патапава, ён утварыўся, калі Пярун ударыў маланкай у Цмока, які яд яго ўцякаў. Цмок вывярнуўся – і маланка патрапіла ў возера. Таму каля вострава і так глыбока – гэта своеасаблівая варонка.

Вось і камень. Прызнацца – самі ніколі б не адшукалі. Бо ахоўная таблічка стаіць ужо фактычна на ўскрайку леса, у кустах – і з дарогі яе не прыкмеціць.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7267

-- Хоць некаторыя самі знаходзяць, -- кажа Віктар Паўлавіч. – Хаця во журналісты з Лепеля самі не знайшлі без мяне!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7108

Камень – без усялякіх прыўкрас – проста неверагодны. Памятаеце, як мы знайшлі адзіную ў Беларусі пячору і менавалі яе Цмокавай? Дык вось, паводле структуры ён нагадвае пароду, з якой складаецца пячора – неаднародны, увесь у норах і рытвінах.

Тым часам Віктар Паўлавіч пачынае экскурсію па камяні.

-- Ён і цяпер здаровы, але гэта ён ужо ў зямлю ўрос. А раней, мо, метры на чатыры вышэйшы быў. Вось тут быў уваход – во і камень ад ганка захаваўся.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7221

А вось гэтыя дзіры – гэта вокны былі.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7213

Памятаю, бацька распавядаў, як яны з дзядзькам вырашылі праверыць, што ж там той Цмок робіць. Але самі зазіраць баяліся. Дык яны свайго вялізнага сабаку, з якім каровы пасвілі, узялі – і ў вакно закінулі. Сабака толькі раз гаўкнуў – і ўсё, болей ужо не вярнуўся.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7215

-- Дык за што яны так сабачку?

-- А хто ж ведаў, што не вернецца, што так будзе?! – як бы апраўдвае сваякоў дзед.

 

Пытаюся, калі тое было, каб навесці храналогію.

-- У якім годзе, цяжка сказаць, але і бацька мой, і дзед больш, чым па 100 гадоў пражылі.

Ну проста запаведнік доўгажыхароў! Бацька і дзед – больш за 100, Цмокава дзеўка – увогуле 120!

Пытаюся, можа і яму, Віктару Паўлавічу, не 80, а 120?..

-- Восемдзесят! Ногі ўжо схадзіліся! – адказвае дзед.

Пад кіраўніцтвам Цм… перапрашаю, Віктара Патапава роўна над камянём чапляем на дрэва шыльду, якая  праўдзівая, як ніколі: “Тут жыве беларускі Цмок!”

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7148

Дэталь, каб вы ўяўлялі маштабы камяня: дрэва на здымку расце непасрэдна на ім. Аднак Віктар Паўлавіч перажывае, што яно каранямі разбурыць валун – таму абкарыў яго, каб дрэва ссохла. А яно не ссыхае!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7131

Паводле нашага гіда, Змееў камень хацелі ўзарваць у вайну партызаны – каб паглядзець, што там. Але нешта перашкодзіла. Ці нехта?..

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7314

Тут Віктар Паўлавіч прыгадвае, што не дакасіў траву – а раса хутка сыдзе і не будзе як. Кіруе нас на гару за валуном:

-- Ідзіце праменька, там падмуркі ад ягонага хлява пабачыць можна.

Раней каля таго хлява дуб рос – Цмок за яго свайго быка прывязваў. Гаспадарка ў яго была добрая: коні, каровы…

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7162

Ідзем. Як кажуць, хочаце верце… Але пасярод леса сапраўды захаваліся рэшты нейкіх падмуркаў!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7153

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7203

Пасля ўсяго гэтага найменей нам хочацца адсюль з’яжджаць. Хочацца сесці на лаву, якую нехта клапатліва змайстраваў пры самым Змеевым камяні – і добра падумаць пра ўсё гэта… Але ж экспедыцыя мае маршрут – і мусіць крочыць далей!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7226

Увага! Камень знайсці даволі цяжка, таму падаем зафіксаваныя каардынаты GPS

IMG_1251

Белая Царква: унікальны храм у стылі ранняга італьянскага барока

 

У вёсцы Белая Царква на паўвостраве стаіць унікальны храм – Траецкая царква 1599 года.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7368

Храм збудаваны ў сталі барока літаральна праз 10-15 гадоў пасьля таго, як гэты стыль быў вынайдзены ў самой Італіі. Яркае сведчанне таго, наколькі шчыльна Беларусь была звязаная з астатняй Еўропай у той час!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7396

Некаторыя патрыятычныя даследчыкі нават сцвярджаюць, што ў неперабудаваным выглядзе храмы ў гэтым стылі не ацалелі нават у самой Італіі – і Белая Царква адна такая ў свеце.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7374

-- О, зараз папросім каня папазаваць нам на тле храма, -- выбудоўвае кадр фатограф Таранціна.

Аднак пасля майго аповеду, што мінулы раз гэты конь бегаў за мной вакол царквы, Таранціна сцішваецца і пагаджаецца зазняць шляхетную жывёлу як ёсць.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7355

Храм стаіць у руінах, аднак мясцовыя вернікі прыбралі тут смецце і павесілі абразы, стварылі імправізаваны алтар.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7385

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7383

На сцяне храма і сумная памятная таблічка – што тут за савецкім часам загінула маладая альпіністка. Дзіўны быў звычай тады, канешне, -- трэніравацца ў спрыце, забіваючы жалезныя штыры ў святыя сцены…

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7378

У суседняй Чарэі стаіць царква Міхала Арханёла 1601 года, якую як можа аднаўляе мясцовы святар. Аднак туды заехаць мы не паспяваем – неперадзе яшчэ сотні кіламетраў!

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7404

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7331

 

 

Свіслач: замчышча і руіны XVIII стагоддзя

У Асіповіцкім раёне, проста на нашай дарозе – мястэчка Свіслач, дзе на гары стаяць руіны замка. Гэта паводле рамантычнай версіі. А паводле мясцовых краязнаўцаў, перад намі – гаспадарчая пабудова, якая была ўзведзеная на месцы замка ў XVIII стагоддзі ў складзе сядзібы Незабытоўскіх. Паводле сведчання краязнаўцы Н. Сакавай, у пазнейшы час гэты будынак займала сінагога, потым школа, потым тут пяклі хлеб. Яшчэ ў 1980-я гады тут месцілася дарожна-будаўнічае ўпраўленне. Аднак цяпер будынак даведзены да ручкі, дзякуючы нядбайнасці мясцовых уладаў ад яго засталіся толькі сцены…

…Што казаць, і архітэктары замка, і паны Незабытоўскія ўпадабалі гэтае месца не дарма. Будыніна стаіць на высокім беразе над месцам, дзе зліваюцца Бярэзіна і Свіслач.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7419

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7463

На гэтай гары напраўду можна медытаваць – аглядаючы фанстастычныя краявіды на поймавыя дубровы…

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7423

 

Бабруйск: хто хаваецца ў падзямеллях магутнай крэпасці?

 

Бабруйская крэпасць была закладзеная на загад расейскага цара Аляксандра I 16 чэрвеня 1810 года, яе будаўніцтва працягвалася да 1836 года (хоць асноўныя форты былі збудаваныя літаральна цягам года). Крэпасць мусіла стаць абаронцам межаў Расейскай імперыі на Усходзе.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7533

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7524

Да будаўніцтва крэпасці спрычыніліся генерал-маёр інжынернага корпусу Карл Аперман ды інжынер-паручык Тэадор Нарбут. Альтэрнатываю Бабруйску разглядаліся таксама Рагачоў і Быхаў, аднак было вырашана ўзводзіць крэпасць тут.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7528

Трэба сказаць, што расейскія інжынеры паставіліся да 400-гадовага беларускага горада больш, чым цынічна. Крэпасць мусіла ўзнікнуць якраз на месцы старога ядра горада, а ўсе жыхары адсяляліся ў навакольныя фарштадты. Ад старога Бабруйска пакідаліся толькі сцены езуіцкага касцёла, які перабудавалі ў цэйхгаўз. Зрэшты, вось гэты будынак у цяперашнім стане – пасля безгасапдарання і пажару… Гэта – самы стары будынак у сённяшнім Бабруйску.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7465

Крэпасць не зазнала вялікіх атак, аднак у некалькіх войнах усё ж паўдзельнічала. У вайне 1812 года, якая сталася для Беларусі грамадзянскай, расейцы папаўнялі ў крэпасці запасы ежы, пакідалі тут параненых.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7522

Дзякуючы падтрымцы крэпасці Багратыён здолеў злучыць свае сілы з войскам генерала Барклая дэ Толі, якога нашыя людзі празвалі “баўтай-у-торбе”. Потым крэпасць некалькі месяцаў блакавала польскае войска, аднак значных разбурэнняў не было.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7492

У Другой сусветнай вайне крэпасцю авалодалі фашысты. Паводле некаторых звестак, у арганізаваным тут канцлагеры былі забітыя 40 тысяч чалавек…

За савецкім часам тут была вайсковая частка, якая з’ехала не так даўно. Пасля гэтага крэпасці пачаў прыходзіць паступовы гамон. Хоць 200-гадовая цэгла трымаецца добра, але нядбайнасць і вандалізм робяць сваю справу.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7516

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7514

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7520

Бабруйцы былі вельмі ўзрадваліся, калі ў непасрэднай блізкасці ад фартоў, на тэрыторыі крэпасці ўлады ўляпілі шклянку лядовага палаца на 7000 чалавек. Думалі, што добраўпарадкуюць і крэпасць. Аднак далей расчысткі бліжэйшых будынкаў справы не пайшлі.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7503

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7539

Застаецца спадзявацца, што бабруйскі Цмок, пра якога казаў наш эксперт Сяргей Плыткевіч, будзе берагчы крэпасць і надалей…

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7548

Вялікія Бортнікі: музей пад адкрытым небам

Прызнаюся, некаторыя яркія пункты вандровак – заслуга нашага фатографа Таранціны. Пакуль я кірую выгодным Ford Kuga, Таранціна зыркае па баках у пошуках Цмока.

-- Стой!.. – крычыць Саша, нібыта пабачыў вывадак Цмокаў.

Пры плоце вясковай хаты – сапраўдная этнаграфічная экспазіцыя.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7579

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7641

На візгат тармазоў выходзіць гаспадыня.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7593

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7637

-- Голуб Ганна Анатольеўна, -- рэкамендуецца кабета. – Працавала ў мясцовым доме культуры, а як пайшла на пенсію, дык рашыла творчасцю тут заняцца.

Разам з суседкай Нінай Цярэнцеўнай Зуб яны даюць вольнасць душы: фігуры людзей у народных строяй, кветкі ў пнях, часткі кроснаў і прадметаў старадаўняга побыту.

-- Вой, як усім нравіцца!. – кажа Ганна Анатольеўна. – Бывае, што і некалькі разоў на дзень машыны спыняюцца, каб сфатаграфавацца.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7646

У якасьці пацьверджання ўнучка Ганны Голуб дае нам здымак, дзе ў іх этнаграфічным кутку сфатаграфавалася група расейскіх турыстаў.

IMG_0100

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7626

Пакідаем у гэтым цудоўным музеі нашую фірмовую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7604

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7606

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7660

 

Рагачоў: хата хроснага бацькі беларускага Цмока

У Рагачове пра Цмока можна казаць смела, бо тут – дзедаўская хата Уладзіміра Караткевіча. А Караткевіч – літаратурны бацька нашага Цмока. У рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” класік так апісвае Цмока з Лепельскага возера: “Выглядам той цмок быў, як звер фока (цюлень), такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх (лагойскіх) сажняў...” Але да гэтага мы яшчэ вернемся ў наступнай вандроўцы – якраз на Лепельскае возера.

Для затраўкі зірніце на кручок для шаблі ў выглядзе Цмока з экспазіцыі рагачоўскага музея.

IMG_3605

А ў Рагачове нас цікавяць мясціны, звязаныя з самім Караткевічам. Гэта найперш тая самая хата дзеда Васіля, 1914 года пабудовы.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7698

Тут улюбёны аўтар многіх беларусаў стварыў ці не палову сваіх твораў – бо гасцяваў у бабулі Людмілы Антонаўны часам і ад вясны да восені. Цяпер у хаце жыве стрыечны брат Уладзіміра Караткевіча, спадар Сяргей.

-- Гэтую хату дзеду Васілю ахвяравала мясцова пані, калі ў дзеда пачалі нараджацца дзеці. Гэта, можна сказаць, тагачасны тыпавы праект, у канцы вуліцы стаіць яшчэ адна такая самая.

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7705

Спадар Сяргей адмаўляецца фатаграфавацца. Кажа, што ён не публічная асоба, каб свяціцца ў СМІ.

Адзін з пакояў хаты – гатовы музей Уладзіміра Караткевіча! Калі класік памёр у 1984 годзе, Сяргей з жонкай Тамарай замкнулі гэты пакой – і нічога не чапалі з таго часу. Толькі пыл прыбіраюць ды падлогу мыюць.

IMG_3679

IMG_3597

Шпалеры на сценах, ложкі, стол, тэлевізар, мішка на тэлевізары, імбрык – усе гэтыя рэчы памятаюць класіка. А стол Караткевіч уласнаручна набыў у мясцовай гаспадарчай краме і якраз за ім напісаў многія свае творы, у тым ліку славутую "Ладдзю Роспачы".

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7694

Апроч хаты, наведваем магілу бабулі Уладзіміра Караткевіча. Некалькі гадоў таму прыхільнікі творчасці Караткевіча сабралі грошы і справілі на магіле ладны помнік, дзе тэкст так і пачынаецца: “Бабуля пісьменніка Уладзіміра Караткевіча…”

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7680

На могілках захаваліся і тры старадаўнія капліцы, якім больш за 100 гадоў…

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7677

ПРАЦЯГ БУДЗЕ…

Tarantino.by-2013-Valun-Yuravichy-7411

Дзякуем кампаніі “Атлант-М Баравая”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы цудоўнаму джыпу Ford Kuga нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!

Асабіста дзякуем кіраўніку аддзела маркетынгу Сяргею Скляраву.
 
ford
Атлант-М Баравая
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінскі раён, в. Баравая, 2
(каля гіпермаркета Bigzz).
Тэл.:  +375 (17) 266-44-44
МТС: +375  (29) 766-44-44
Velcom:  +375 (44) 766-44-44
Факс: +375 (17) 266-40-33
 
 
Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”