Тэкст Глеб Лабадзенка
Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч
Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.
Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗ, ДВА), Веткаўшчыну (РАЗ, ДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗ, ДВА), Ваўкавышчыну (РАЗ, ДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем ды зуб маманта ў Юравічах. У Лепелі даведаліся ўсе акалічнасці пра першы ў Беларусі помнік Цмоку, пад Полацкам знайшлі Стоўнхендж. Але хто б мог падумаць, што нас чакае ў Белавежскай пушчы...
Сядзіба Залессе: рай для аматараў птушак!
…А пятай раніцы мы прачнуліся ў экасядзібе Залессе, якая месціцца на ўскрайку Белавежскай пушчы.
Гаспадар сядзібы Сяргей Сідарук ужо запарваў каву.
-- Як спалася? – спагадліва пацікавіўся Сяргей.
А спалася фантастычна! Сапраўдная вясковая хата ў легендарнай Пушчы, якую цяжка знайсці нават з GPS-навігатарам. У экасядзібу яна пераўтвораная максімальна далікатна: камфорт для турыстаў створаны дастатковы, пры гэтым антураж і атмасфера абсалютна не пацярпелі.
Сяргей Сідарук – арнітолаг. Ён сустракае нас разам са сваім сябрам і калегам, арнітолагам Дзянісам Кіцелем.
Разам мы ўрачыста прымацоўваем на экасядзібу “Залессе” нашую славутую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”.
(Каб ужо праз некалькі дзён знайсці ў фэйсбуку Дзяніса такія вось “цмачыныя фотачкі”).
Чаго мы ўспёрліся так рана ў такім райскім месцы?
-- Калі хочаце пабачыць зуброў, пазней ніяк!.. – засцерагае нас Сяргей. – Бо зубры выходзяць на ўзлесак снедаць вельмі рана. Пазней з’яўляюцца людзі – і зубры сыходзяць у лес.
Зуброў мы пабачыць вельмі хочам, таму хуценька дапіваем каву ды сядаем у наш цмокавоз – Ford Kuga.
Першы прыпынак – зусім недалёка ад Залесся.
-- Зараз пабачыце бабровую хатку!.. – анансуе нечаканку для гарадскіх жыхароў спадар Сідарук. – Галоўнае, каб бабра дома не было, а то адзін раз ён нашага калегу ледзьве не пакусаў!..
Пасля такіх анонсаў мы з фатографам Таранцінам таксама шчыра жадаем самі сабе, каб бабра дома не было.
Бабра дома няма. А хатка ў яго напраўду няхілая! Вось, што значыцца, калі рукі, дакладней, лапы адкуль трэба выраслі! Ну і зубы, натуральна.
Аглядаем хатку сябра бабра нядоўга – памятаючы пра абяцаных зуброў.
Белавежская пушча: агромністы статак зуброў у дзікай прыродзе!
Едзем да зуброў. Дарогаю дзівімся пейзажамі і параю закаханых журавоў.
-- Вось тут паціху спыняйцеся і паркуйцеся дзе на ўзбочыне, далей пойдзем пехам, -- кіруе працэсам Сяргей.
Спускаемся ў канаву. Яна ідзе ніжэй за ўзровень поля – і зубры не павінны заўважыць нас здалёк.
Ідзем, нічога сабе не падазраем. Як тут спадар Сідарук кажа:
-- Ццц!.. А цяпер зірніце ў біноклі вунь туды, на ўзлесак…
Цмок мне ў бок! На ўзлеску пасецца агромністы статак самых сапраўдных зуброў!..
Сяргей Сідарук засяроджана глядзіць на іх хвіліну, а потым кажа ўголас:
-- …пяцьдзясят пяць, пяцьдзясят шэсць, пяцьдзясят сем! Ну, хлопцы, вам і пашанцавала! Я сам столькі многа за раз ніколі не бачыў! Сорак з нечым, пад пяцьдзясят – так. Але каб пяцьдзясят сем!..
Сяргей апавядае, што гэты ўзлесак – традыцыйнае месца сняданку зуброў у такую пару. І што аднойчы супрацоўнікам Пушчы пашчасціла ўбачыць тут статак больш за 100 асобінаў!
Як праўдзівыя шукальнікі Цмока, асцярожна перапаўзаем да бліжэйшага цюка сена. Вылупляемся над ім з біноклямі.
Зубры неверагодныя!
Хоць мы і пастанавілі сабе, што зубру як сімвалу Беларусі пара саступіць месца Цмоку, але ў такую хвіліну думаеш: хай сабе суіснуюць побач!
Над кожным з зуброў падымаецца аблачынка пары – гэтак яны дыхаюць у ранішнім змерзлым паветры. Выглядае надзвычай маляўніча!
Фатограф Таранціна паўзе да наступнага цюка сена – каб сфоткаць нашых цароў звяроў яшчэ бліжэй.
-- Усё, заўважылі нас!.. – кажа спадар Сідарук.
Зубры прымаюць баявы шыхт: малечу зганяюць у цэнтр і абступаюць яе шчыльным колам. Самі паварочваюцца ў наш бок ды ўтрапёна ўглядаюцца ў цюкі сена, за якімі нешта адбываецца.
Да зуброў – некалькі соцень метраў. Аднак калі глядзіш яму ў твар праз магутнае шкло бінокля – ногі самі разварочваюцца пяткамі наперад і рыхтуюцца ратавацца.
-- Але зубр ніколі сам не нападзе, калі не адчуе небяспекі для дзяцей ці для сябе, -- кажа Сяргей Сідарук. – Таму, хутчэй за ўсё, яны зараз проста сыдуць у лес.
Так і адбываецца. Зразумеўшы, што за імі нехта падглядае, валадары лясоў разварочваюцца – і па-каралеўску сыходзяць у гушчары Пушчы.
Уражанні ў нас з Таранцінам – прыкладна аднолькавыя. Дагэтуль кожнаму з нас даводзілася бачыць максімум 5-6 зуброў – у закрытых вальерах турыстычнай часткі Пушчы. Тыя зубры былі настолькі звыклыя да людзей, што падыходзілі да агароджы і, гучна чмякаючы, елі з рук печыва “Да гарбаты”.
Вяртаемся да машыны. Ужо каля самай дарогі Сяргей Сідарук звяртае нашую ўвагу на адбітак у брудзе.
-- Бачыце след дарослага зубра? А побач – меншы, зубраняці. Яны свежыя. Значыцца на досвітку зубрыха разам з малечай падыходзіла ажно сюды, да самай дарогі!..
Дарогаю назад спыняемся ля нетыповага для Беларусі поля сланечнікаў. Хаця пасля 57-мі зуброў ці ж гэта цікавостка?..
Балота Дзікое: рогі ды самагонка
Вяртаемся ў бок Залесся. Зусім блізка ад дарогі пачынаецца балота Дзікое (націск на “о”) – адное з найвялікшых у Еўропе балот нізіннага тыпу, якое захавалася ў натуральным стане.
На Дзікім жывуць больш за 100 відаў птушак, 14 з якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу. За ўсім гэтым птушыным валадарствай даглядае, няйначай, Цмок – прынамсі, гэтае месца вельмі лёгка наштурхоўвае на такую думку.
-- Насамрэч, большасць гасцей нашай экасядзібы – арнітолагі ці бёрдуотчары (назіральнікі за птушкамі) з самых розных краін Еўропы, -- тлумачыць Сяргей Сідарук. – Па ўзгадненню з кіраўніцтвам Пушчы мы арганізуем для іх назіранні за птушкамі на Дзікім. Як вы ведаеце, “крутасць” кожнага бёрдуотчара вымяраецца ў тым ліку колькасцю відаў птушак, якія ён пабачыў на свае вочы. Таму Дзікое, са сваімі 100 відамі – найунікальнейшае месца!..
Сяргей Сідарук можа бясконца здзіўляць тутэйшымі “птушынымі” фішкамі. Напрыклад, фактам, што ва ўсёй Еўропе жыве 20 сем’яў вялікага арляца, з іх 10 – тут, у Пушчы! Альбо што папуляцыя вяртлявай чаротаўкі на балоце Дзікім -- пятая па колькасці ў Еўропе.
Пераходзім роўную паласу пасярод лесу – як высвятляецца, колішні каралеўскі шлях з Кракава на Вільню.
-- Тсс!.. – зноўку суцішвае шумных шукальнікаў Цмока Сяргей Сідарук. – Чуеце на дрэве?.. Гэта чорная жаўна.
З гэтымі словамі Сяргей Сідарук пачынае нешта насвістваць не горш за тую чорную жаўну. І жаўна адгукаецца! Так мы падыходзім да птушкі на бачную адлегласць.
Наперадзе – балота ва ўсёй сваёй красе. Ногі пачынаюць усё больш правальвацца ў багну і даставацца назад з усё менш прыемным чвяканнем.
Скажу так, апытнуцца тут сам-насам са ста відамі птушак і адным Цмокам мне зусім не хацелася б. Наўкол – на кіламетры нікога. І калі станеш куды няўдала і правалішся больш, чым разлічваў, то можна стаць для некага добрым сняданкам.
-- Ну што, выграбеш сам ці вяртацца цябе выцягваць?.. – пытаецца ў мяне Таранціна, быццам бы я мех з прыкормкай Цмоку.
Некаторыя глыбейшыя месцы балота пераходзім па паваленых дрэвах. А яны сабе, не спытаўшыся ў нас, параслі мохам! А мох над вадою, ведаеце, склізкі!..
-- Глядзіце вы, рогі!.. – выгукае Сяргей Сідарук.
Але ж такі “раяль у кустах”, апынаецца, даволі чаканы.
-- На гэтую паляну алені звычайна прыходзяць акурат каб скідваць рогі, чэшучыся імі аб дрэвы. Вось гэтаму аленю, скажам, 8 гадоў – бо на рогу 8 адросткаў, -- тлумачыць наш гід.
Трэба ж – метраў за 15 ад гэтага рога мне шанцуе знайсці яшчэ адзін. Грэх не стварыць кампазіцыю!
Фатографа Таранціну настолькі весяліць карцінка, што ён вырашае паўтарыць мой подзвіг. Што, дарэчы, здараецца даволі рэдка – фатографы звычайна абыякава ставяцца да ўласных выяваў. Скажам, Таранціна за 6000 сумесных кіламетраў экспедыцыі “У пошуках Цмока” папрасіў “сфоктай і ты мяне” разы два ці тры.
На шляху – яшчэ адна рачулка, якую не пераскочыш, каб і хацеў. І засада ў тым, што пераходзіць яе трэба па дыяганальна паваленым у ваду дрэве.
А замачыцца з самай раніцы вой, як не хочацца! Прытым, што глыбіня рэчкі неадназначная – і ў розных месцах можа быць розная. Палкаю яе вымераць дастаткова цяжка – бо палка ўпіраецца ў глей, у які чалавек з лёгкасцю ўвойдзе яшчэ на лішнія паўметра.
На зваротнай дарозе заўважаем колішнюю базу самагоншчыкаў – ці то закінутую, ці то знішчаную праваахоўнікамі.
Вяртаемся ў Залессе, каб падзякаваць Сяргею Сідаруку і пакінуць яго ў роднай, такой шыкоўнай хаце. А самім – працягваць шукаць Цмока ў ваколіцах Белавежскай пушчы!
Каму цікава, пазначце сабе тэлефон і мэйл Сяргея Сідарука: 8 029 529 2219, zalessie@gmail.com
Аднак Сяргей прасіў папярэдзіць, што “папсовага” адпачынку з лазьняй і самагонкай ад яго чакаць не варта. А вось пашукаць Цмока на балоце Дзікім – калі ласка!
Лыскава: закінуты касцёл XVIII стагоддзя
У недалёкай вёсцы Лыскава захаваўся дзівоснай прыгажосці Траецкі касцёл 1763 года.
Паводле сумнай беларускай традыцыі, дзівоснай прыгажосці касцёл стаіць у руінах.
Ён быў канфіскаваны ў вернікаў пасля паўстання Кастуся Каліноўскага – за тое, што каталікі паўстанне падтрымалі. Паступова храм стаў прыходзіць у зяняпад. Але ж уявіце, наколькі ён дыхтоўна збудаваны – каб і праз 150 гадоў сцены без даху стаялі даволі трывала!
Кляштар місіянераў, які месціцца цераз дарогу, напаткаў шчаслівейшы лёс. Цяпер тут месцяцца нейкія дзяржаўныя ўстановы (здаецца, амбулаторыя) – і будынак нават нарадна пафарбаваны з боку дарогі. Пакуль у ім ёсць людзі – ён будзе жыць.
З касцёлам справа дрэнь. За грошы Еўразвяза тут аднавілі агароджу. На сам храм трэба непамерна шалёныя сродкі – таму ён стаяў як стаіць.
У сярэдзіне касцёла месцамі захаваліся фрэскі. Захаваліся цудам!
Каля храма адноўлена магіла паэта Францішка Карпінскага – аднаго з пачынальнікаў польскага сентыменталізму.
Карпінскі быў ідэалістам не толькі ў творчасці, але і ў жыцці. У сваім фальварку Хараўшчына ў Ваўкавыскім павеце ён сам працаваў з сялянамі ў полі, узвышаў іх (лічыў “маральна несапсаванымі”), адкрыў школу для сялянскіх дзяцей, дзе сам і настаўнічаў. Карацей, паводзіў сябе не як звычайны пан, якім яго ўяўляюць многія з нас паводле розных навязаных стэрэатыпаў.
Дарэчы, гэтую магілу Францішка Карпінскага 31 траўня 1877 года маляваў вялікі Напалеон Орда.
Шпакі: таямнічыя каменныя зубцы на полі
Калі мы яшчэ загадзя пыталіся, дзе б нам у ваколіцах Пушчы пашукаць Цмока, мясцовыя краязнаўцы адказвалі: едзьце ў Шпакі!
Няма праблемаў – едзем у Шпакі! Тут, паводле наводкі краязнаўцаў, захаваліся вельмі дзіўныя камяні з рознымі выбітымі сімваламі і знакамі. Ці то гэта могілкі, ці то паганскае капішча – дакладна сказаць не бярэцца ніхто. Роўна, як і ўзрост камянёў – ім можа быць як 200 гадоў, гэтак і 1500. Хоць, напэўна, прафесійныя даследчыкі звузілі б гэты калідор.
Першыя камяні заўважаем у Шпаках пры самай дарозе. Спачатку – невялікія, як з’едзеныя зубы – яны тырчаць то там, то тут у траве, заманьваючы далей і далей у яр.
-- Глядзі, а там ужо вунь якія здаровыя пайшлі!.. – паказвае на схіл пагорка Таранціна.
Там яны напраўду большыя – некаторыя метра паўтара над зямлёй.
На многіх можна разгледзець яўна рукатворныя знакі, крыжы. На жаль, іх вельмі цяжка перадаць на фота.
Дарэчы, месцяцца гэтыя загадкавыя камяні роўна за скрайняй вясковай хатай. Гаспадыня ўжо і сама выйшла паглядзець на шукальнікаў Цмока.
-- Дзетачкі, колькі ім гадоў, ніхто вам не скажа!.. – упэўнівае кабета. – Мама мама колькі была – столькі іх памятала, а ёй пра гэтыя камяні яшчэ ёйная бабуля казала…
ПРАЦЯГ БУДЗЕ…
Дзякуем кампаніі “Атлант-М Баравая”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы цудоўнаму джыпу Ford Kuga нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!