^ Back to Top

Шляхетны Цмок жыве на мінус чацвёртым паверсе палаца Сапегаў?.. (фота, відэа)

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗДВА), Ваўкавышчыну (РАЗДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем ды зуб маманта ў Юравічах. У Лепелі даведаліся ўсе акалічнасці пра першы ў Беларусі помнік Цмоку, пад Полацкам знайшлі Стоўнхендж і 57 зуброў у Белавежскай пушчы. Наперадзе нас чакалі замкі і палацы!

Высокае:  таямнічая брама 1678 года

Гэтую частку маршрута “У пошуках Цмока!” мы правялі ў пошуках Цмока шляхетнага – па замках ды палацах. Анягож раней у Беларусі было каля 12% шляхты – кожны восьмы! Маем смелае перакананне, што ў гэтыя “кожны восьмы” наш Цмок трапіў абавязкова.

…У Высокім ад колішняга замка Сапегаў захавалася толькі брама ды парэшткі земляных умацаванняў.

Брама закладзеная ў 1678 годзе – а ў цяперашні стан руінаў яе прывяла Паўночная вайна. Што казаць – ладна будавалі, калі тыя руіны стаяць сабе ўжо 300 гадоў!..

-- Уяўляю, які ж быў сам палац, калі нават цяпер у руінах брама гэтак уражвае!.. – прысвіснуў наш фатограф Таранціна.

Першасна брама мела 2 паверхі і тры ўезды. Тут месцілася ахова, пад’ёмны механізм моста.

На месцы палаца цяпер – футбольнае поле.

Апроч брамы, у Высокім можна пабачыць і іншыя помнікі архітэктуры: Траецкі касцёл 1772 года, сядзібу Патоцкіх 1816 года...

IMG_4101

IMG_4066

Аднак мусім ехаць – кароль чакае!..

 

Воўчын: куды знік апошні кароль Рэчы Паспалітай?

А вось і Воўчын – радзіма і месца спачыну апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Стась нарадзіўся тут, у Воўчыне 17 студзеня 1732 года.

Мы глядзім з Таранцінам на Траецкі касцёл – равеснік Панятоўскага – і думаем пра лёс нашага земляка…

Як тут за спінаю, роўна пад касцельнай агароджаю, раздаецца страшэнны грукат, лязгат металу, звон пабітага шкла…

-- Здаецца, Цмок нам шле прывітанні!.. – кажа Таранціна і мы бяжым на гук.

Выяўляецца – перакуліўся трактар.

Кіроўца ў стане шоку, спрабуе вылезці з кабіны, лапоча:

-- Пазваніце Васю, Васю пазваніце – хай прыедзе падыме…

З трактара пачынае выцякаць салярка – і мы сабе думаем: толькі б Цмок аганьком не пыхнуў!

Трактарыст цьвердзіць, што не спрацавалі тармазы – таму і перакуліўся. Яму на дапамогу хутка прыязджае Вася – і сітуацыю развязваюць.

Вяртаемся да касцёла, нас сустракае спадар Юры – кіроўца і памочнік кіраўніка рэстаўрацыі Віктара Вілька.

-- Спадар Віктар хутка пад’едзе, а я пакуль магу вам паказаць наш цудоўны храм…

Каб было добра зразумела, колькі зроблена тут за апошнія гады, паставім побач два здымкі.

2008 год:

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

2013 год:

IMG_2129

-- А вось, уласна, і пахавальня караля, -- паказвае нам невялікі бакавы пакойчык спадар Юры.

У пакойчыку пуста – толькі самотны вянок нагадвае пра прызначэнне гэтага месца. У падлозе – адтуліна, праз якую можна патрапіць у крыпту.

-- Кароль там?.. – асцярожна зазірае пад зямлю Таранціна.

-- Караля скралі! – уздыхае наш гід і, відаць, у соты раз апавядае дапытлівым турыстам гэтую сумную гісторыю.

 -- Панятоўскі, як вядома, быў у неадназначных стасунках з Кацярынай ІІ. Прасцей кажучы, яны былі каханкамі. І калі ён памёр, то быў пахаваны ў Пецярбургу, у касцёле святой Кацярыны. Аднак у 1938 годзе Сталін вырашыў “аддаць палякам іхняга караля”. Палякі забіраць адмовіліся – бо лічылі Панятоўскага здраднікам, вінавацілі ў развале Рэчы Паспалітай і не дапускалі думкі пахаваць яго на Вавелі побач з Ягайлам. Таму і быў абраны кампрамісны варыянт – перапахаваць яго тут, на радзіме.

Я спускаюся ў крыпту, якая стала апошнім прытулкам Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

IMG_2146

Тут пуста і ніякавата. Не толькі ад таго, што гэта пахавальня, а ад працягу аповеду спадара Юрыя.

-- Усю вайну кароль быў тут. А ў красавіку 1945 года тутэйшаму ксяндзу Чышэвічу загадваюць пакінуць касцёл. Адмова азначала б смерць. З сабой яму прапануюць “захапіць свайго караля”. Але святар адказаў, што не ён яго сюды прывозіў – не яму і забіраць. Воўчынскія старажылы згадваюць, што яшчэ да канца 1940-х парэшткі караля былі тут – хоць і раскіданыя, зняважаныя… А потым іх сабраў і таемна перапахаваў воўчынец Антон Пратасюк. Дзе – загадка і па сёння…

Спадар Юры кажа, што ў 1994 годзе палякі сабралі сімвалічныя парэшткі з крыпты – і перавезлі ў Варшаву. Аднак экспертыза паказала, што чалавечых костак сярод іх няма – кавалкі труны, тканіны, зямля…

Дзе кароль – пытанне, якое не пакідае ў спакоі многіх. Паводле спадара Юрыя, некаторыя нават прапаноўвалі хірамантаў сюды прывезці, каб вызначыць… Ёсць ускоснае сведчанне сына Антона Пратасюка, што ягоны бацька “перапахаваў караля за 300 метраў ад касцёла”…

Мы чамусці ні грамулечкі не сумняемся, што спакой парэшткаў Панятоўскага надзейна ахоўвае воўчынскі цмок. І што як толькі касцёл будзе адноўлены – цмок неадкладна верне караля ў крыпту.

У гэты час да касцёла падыходзіць кіраўнік рэстаўрацыі, паляк Віктар Вільк.

-- Хоць я ужо далёка не малады чалавек, але гэты касцёл мушу давесці да ладу, -- кажа спадар Віктар. – Я гэта паабяцаў шаноўнаму кардыналу светлай памяці Казіміру Свёнтаку, якому дапамагаў у справах доўгія гады. Ён прасіў, каб я апекаваўся гэтым касцёлам, аднавіў яго.

Спадар Віктар паказвае здымкі – якім касцёл дастаўся яму на рэстаўрацыю, а таксама старыя фота храма.

-- Аднойчы нейкая жанчына прапаноўвала кардыналу Свёнтаку набыць “вядро касцей караля” за шалёныя грошы, -- прыгадвае Віктар Вільк. – Але кардынал палічыў гэта правакацыяй і адмовіўся. Дарэчы, потым было яшчэ некалькі падобных прапановаў – хітрыя людзі спадзяваліся зарабіць на цікавасці шаноўнага кардынала да гэтай справы.

На даху касцёла некалі стаялі 4 фігуры апосталаў. Найбольш ацалела адна – якая выстаяла там, не паваліўшыся. Іншыя давялося збіраць па кавалках.

З дазволу спадара Вілька падымаемся па рыштаваннях пад самы дах касцёла – падзівіцца зблізу на арыгінальную ляпніну.

 

Некаторая "ляпніна" -- драўляная!

Унізе, у асобным пакойчыку захоўваецца ляпніна, якая была знойдзеная на падлозе між смецця. А таксама адноўленыя фрагменты.

Пасля агляду касцёла Віктар Вільк проста шакуе нас.

-- Літаральна ўчора ў Воўчыне згарэў млын ХІХ стагоддзя, які належаў Чартарыйскім. Упаліў нехта… баюся, каб цяпер рэшткі бульдозерам у рэчку не згрэблі…

 

Мельнікі: таямнічы млын Чартарыйскіх

-- Цяпер застаўся ў цэлым стане адзін-адзіны млын Чартарыйскіх – а было іх у гэтых мяцсінах 7 ці 8, -- кажа Віктар Вільк. – Вы мусіце яго пабачыць!

Сядаем у цмокавоз – і едзем следам за спадаром Віктарам.

Дарога. Поле. Лес. І вось перад намі нічога сабе млын!

Гледзячы на яго, адразу жыва прыгадваеш пачутую ад Ірыны Дубянецкай легенду, што часам цмок ці сябраваў з млынарамі, ці сам быў млынаром.

У такім млыне ў гэта верыцца вельмі лёгка.

Тое, што ён стаіць пасярод лесу – а бліжэйшыя хаты на іншым беразе ракі – ратуе млын. Начынне ягонае цалкам захавалася, усё яшчэ ў муцэ – малолі, значыцца, не так даўно. Гатовы музей!

 

Каменец: колькі цмокаў бачыла за 737 гадоў Белая вежа?

Мясцовыя жыхары гавораць не камянЕц, а кАменец – значыцца, правільна менавіта так.

Знакамітую Белую вежу аглядаем спешна – бо наперадзе яшчэ некалькі цікавых пунктаў.

Вежы 737 гадоў (збудаваная ў 1276-м). Гэта ж колькі яна цмокаў пабачыла на сваім веку!

Прапануем музейнай супрацоўніцы ў падарунак нашую фірмовую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”.

-- Нам вашыя гэтыя таблічкі ня нада! – гасцінна адказвае супрацоўніца.

Што ж, ня нада – дык ня нада. Уздымаемся наверх вежы, каб агледзець панараму.

У сярэдзіне вежы – невялікая, але мілая воку экспазіцыя.

 

ш

Стойлы: унікальны сусвет Мікалая Тарасюка

Наш наступны пункт – вёска Стойлы. Вядомая на ўсю краіну сваім ці амаль адзіным жыхаром – народным майстрам Беларусі Мікалаем Тарасюком. А вось з хаты на гук машыны выходзіць і сам гаспадар.

Даведжаўшыся, што журналісты і што будзем фоткаць ды здымаць на камеру – шыбуе ўвабрацца.

Тым часам аглядаем хату і падворак.

Спадар Мікалай вяртаецца ў пінжаку, дзе на грудзях – іканастас са  значакаў. З іх можна даведацца, на якіх выставах пабываў майстар і з якіх замежных гарадоў да яго прыязджалі госці.

Натуральна, мы не маглі ўпусціць магчымасці дадаць да гэтай калекцыі і наш значак “Краіна цмокаў”.

Гаспадар рады.

Апроч значакаў, у яго ёсць яшчэ і “кніжачкі”.

Мікалай Тарасюк – унікальны майстар. Ён выразае з дрэва не проста чалавечкаў, а цэлую філасофію, душу і менталітэт беларусаў. Прыемна, што сучаснікі шануюць майстра – во якую нават кнігу пра яго выдалі. Неверагодна, але творы Мікалая Тарасюка ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

-- Калі я рады, я пяю, -- кажа Тарасюк і пачынае спяваць так раптоўна, што Таранціна ледзве паспявае ўключыць камеру.

На і так прыгожай хаце майстра з ягонага дазволу прыкручваем нашую знакамітую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”.

Разам з гаспадаром нас вітае сяброўка Мікалая Тарасюка, якая дапамагае яму па гаспадарцы. Яна таксама спявае:

-- ...Сустрэчы ў нас былі гарачыя!..

-- Ціха, не прызнавайся!.. – ці то жартам, ці то ўсур’ёз абрявае яе народны майстар Беларусі.

Спадар Мікалай вядзе нас у свой музей “Успаміны Бацькаўшчыны”.

Перад музеем Тарасюк зноўку спявае і нават танчыць.

Творы ягоныя не проста актуальныя, яны – вострасацыяльныя і злобадзённыя.

Вось тут – пра несправядлівасць у грамадстве.

Тут – пра недобрасумленных супрацоўнікаў Белавежскай пушчы, якія незаконна палююць на жывёлаў і пілуюць лес.

У гэтым музеі – як у гадавым коле – паказанае ўсё жыццё простага беларуса.

-- А гэта – мая Маруся! – кажа Тарасюк і паказвае нам цэлую сцэнку.

Ведаеце, нават не буду спрабаваць перадаць літарамі мову і інтанацыі гэтага неверагоднага чалавека – Мікалая Тарасюка. Вельмі прашу: паглядзіце відэа! А будзеце ў гэтым краі – не палянуйцеся, з’ездзіце ў Стойлы!

 

Шарашова: драўляная званіца XVIII стагоддзя

Дарогаю спыняемся ў вёсцы Шарашова. Тут проста пад сценкай савецкай крамы стаіць унікальная драўляная званіца 1799 года.

Мясцовая жыхарка заўважае, што мы фатаграфуем іх цуд і кажа:

-- А царква якая была, каб вы толькі зналі!.. Усё гэтыя камуністы, гадасьці, панішчылі. Людзі прачнуліся  аднойчы нараніцу – а царквы няма, канец. Толькі званіцу во і адваявалі.

Царква 1760 года і напраўду цяпер глядзіць на нас толькі са старых фотакартак…

2qq

 

Пружаны: Цмок на гербе горада!

На галоўнай плошчы Пружанаў (а мясцовыя кажуць не “пружаны”, а “Пружана”) нас вітае вуж, які вывяргае дзіця. А вуж, як вядома, -- родны брат Цмока!..

Кіруем да Пружанскага палацыку – вытанчанай сядзібы паноў Швыкоўскіх ХІХ стагоддзя ў італьянскім стылі, а цяпер – краязнаўчага музея.

Перад брамай нас вітае дырэктар музея Юры Зялевіч разам з вядомым пружанскім мастаком Барысам Бокшам.

Спадар Барыс родам якраз з таго Шарашова, дзе мы аглядалі званіцу. Дзіцем з сям’ёй пераехаў у Пружаны. Апошнія 20 год жыве ў Мінску, займаецца бізнесам, але родны горад не забывае.

-- Нарэшце вашая экспедыцыя прыехала туды, дзе цмока шукаць асбаліва і не трэба – дастаткова зірнуць на герб горада! – смяецца спадар Зялевіч.

Каля Палацыка – камяні з надпісамі і знакамі розных часоў.

У музеі можна пабачыць элементы панскай раскошы.

А таксама – выставы сучасных мастакоў.

Ёсць у музеі і этнаграфічны куток.

Інтэр’еры сядзібы добра пацярпелі за савецкім часам, калі тут месціліся розныя грамадскія ўстановы. Аднак за апошнія 15 гадоў, якія тут месціцца музей, дух даўніны і шляхецтва вярнуць удалося.

Больш за тое, Палацык стаў сапраўдным цэнтрам культурнага жыцця Пружанаў – найперш дзякуючы актыўнасці і апантанасці спадара Юрыя Зялевіча!

Нядаўна Палацык праславіўся, патрапіўшы ў кіно: тут здымалі беларусьфільмаўскага “Талаша”. Супрацоўнікі музея пры гэтым сталі ўдзельнікамі масоўкі, а дырэктар Юры Зялевіч сыграў царскага афіцэра.

Заўважаем у палацыку выяву герба Пружанаў і просім спадара Юрыя распавесці ягоную гісторыю.

-- Гэты герб 3 траўня 1588 года надала гораду Ганна Ягелонка, дачка каралевы Боны Сфорцы, жонка Стэфана Баторыя, -- кажа спадар дырэктар. – Ён практычна дублюю герб Міланскага роду Вісконці. Ёсць такі элемент і на гербе роду Сфорцаў. У сучаснасці кожны можа пабачыць яго на значку аўтамабіля “Альфа Рамэа”. Так што герб наш – італьянскі. Што да самога сімвала – вуж, які вывяргае дзіця – ёсць розныя версіі. Калі кароль Жыгімонт Ваза пацьвердзіў герб сваёй граматай, то там было дадезнае такое яго тлумачэнне: “дзіця з’яўляецца з пашчы змяі, што сімвалізуе наноў прабуджаную заўжды маладую сілу ў спалучэнні з мудрасцю, здольнасць сьвету да самаачышчэння і абнаўлення”.

Спадар Юры хітравата пасміхаецца і кажа:

-- Але ў Пружанах ходзіць і іншы варыянт. Захаваліся сведчанні, што Бона Сфорца была, скажам так, не самым мілым чалавекам. Чаго вартая толькі версія, што гэта яна атруціла Барбару Радзівіл. Дык вось, кажуць, што і сваю дачку Ганну Ягелонку яна не дужа любіла. І таму калі дачцэ дасталіся Пружаны, яна і выбрала такі герб: змяя вывяргае дзіця. Хто тут змяя, хто дзіця – думаю, дадаткова тлумачыць не трэба?..

Падымаемся наверх. У экспазіцыі – шмат абразоў.

І многія з іх – з сюжэтам, дзе святы Юры забівае цмока. Вох, і нагледзеліся ж мы тут на розных цмокаў!

Адным словам, будзеце ў Пружанах – ніяк не абмініце Пружанскі палацык (паводле горкай усмешкі лёсу, месціцца ён на вуліцы Савецкай, 50).

І шукайце тут нашую шыльду “Тут жыве беларусі Цмок!”

 

 

Ружаны: хто жыве на мінус другім паверсе палаца Сапегаў?..

У Ружанах нас вітае дырэктар Палаца Сапегаў Руслан Кніга.

Малады, спрытны, абазнаны, захоплены. Спадар Руслан – сам з гэтых мясцін. Таму адразу відаць – яму ўсё гэта блізка, баліць, ён усё гэта любіць. Адразу думаеш сабе: як жа пашанцавала гэтым двум суседнім музеям на дырэктараў!

На цяперашні момант адноўленая брама і два прыбрамныя карпусы, дзе створаная музейная экспазіцыя.

Прычым створаная з мноствам “фішак”. Напрыклад, адна са сцен пакінутая неатынкаванай – і вось вам, падзівіцеся на кладку 1770-х гадоў!

Альбо – шкляная частка падлогі на першым паверсе, каб наведнікі маглі пабачыць масіўныя камяні падмуркаў. Супер!

-- А вось кафля на печы – сапраўдная, сапегаўская, -- кажа Руслан Кніга.

IMG_2632

Пытаемся: як так можа быць, калі ад карпусоў былі засталіся чатыры сцяны і нічога з начыння.

-- Калі палац прыходзіў у заняпад, людзі карысталіся гэтым і цягнулі адсюль усё, што можна. У тым ліку – і аддзіралі кафлю з печаў, каб абляпіць свае хатнія. Паводле іроніі лёсу – менавіта гэта і ўратавала кафлю, захавала яе для нас. Калі аднаўлялі карпусы, пайшлі да таго чалавека і пераканалі вярнуць яго сапегаўскую кафлю на месца.

Наступны на чарзе аднаўлення – усходні корпус палаца, дзе ў Сапегаў месціўся тэатр.

Цяпер тут таксама плануецца аднавіць тэатральную залу, а частку корпуса прыстасаваць пад гатэль і кавярню.

IMG_2594

IMG_2595

IMG_2596

IMG_2597

IMG_2599

Разам з шаноўным дырэктарам кіруем да галоўнага корпуса. Пад ім – яшчэ некалькі паверхаў ідуць пад зямлю.

-- Цяпер ёсць доступ на мінус першы і мінус другі паверхі, -- кажа спадар Руслан. – Вядома, што пад імі – яшчэ мінус трэці і мінус чацверты. Як будзем аднаўляць – абавязкова расчысцім іх і зробім дасяжнымі для турыстаў!

Аднак цяпер знаходзіцца пад зямлёй – даволі небяспечна, бо рэстаўрацыя галоўнага корпуса яшчэ не пачыналася, адпаведна, завалы тут яшчэ не разабраныя.

-- Таму дазваляю вам зірнуць толькі з самага краю і пад маім наглядам! – строга кажа дырэктар.

Асцярожна спускаемся на мінус першы паверх.

Адтуль ёсць дзірка на мінус другі – скакаць трэба з вышыні, большай за чалавечы рост. І гэта – выключна дзякуючы завалам. Калі іх расчысціць, вышыня столяў будзе сягаць 4 метраў!

Тут, на мінус другім паверсе, бачная адтуліна, якая вядзе яшчэ глыбей – але туды дырэктар забараняе лезці катэгарычна.

Вырашаем запісаць зварот да шукальнікаў цмока тут.

На паверхні шчыра дзякуем Руслану Кнігу, што ў непрацоўны вечаровы час арганізаваў нам такую эксклюзіўную экскурсію па палацы Сапегаў. Пакідаем тут нашую фірмовую шыльду “Тут жыве беаларускі Цмок!”

-- Думаю, тут, у ружанскіх падзямеллях, гэтая шыльда не будзе падманваць ні на грам… -- загадкава пасміхаецца на развітанне дырэктар Палаца Сапегаў.

Дзякуем кампаніі “Атлант-М Баравая”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы цудоўнаму джыпу Ford Kuga нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!

Асабіста дзякуем кіраўніку аддзела маркетынгу Сяргею Скляраву.
 
ford
Атлант-М Баравая
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінскі раён, в. Баравая, 2
(каля гіпермаркета Bigzz).
Тэл.:  +375 (17) 266-44-44
МТС: +375  (29) 766-44-44
Velcom:  +375 (44) 766-44-44
Факс: +375 (17) 266-40-33
 

 

Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”