Тэкст Глеб Лабадзенка
Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч
Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.
Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗ, ДВА), Веткаўшчыну (РАЗ, ДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗ, ДВА), Ваўкавышчыну (РАЗ, ДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем ды зуб маманта ў Юравічах. У Лепелі даведаліся ўсе акалічнасці пра першы ў Беларусі помнік Цмоку, пад Полацкам знайшлі Стоўнхендж і 57 зуброў у Белавежскай пушчы. У пошуках шляхетнага Цмока мы спусціліся на мінус другі палац старадаўняга замка. Наступны маршрут ляжаў на поўдзень краіны...
Ленін: “Ён сабе псеўданім узяў ад нашай вёскі!..”
Ленін не такі ўжо і далёкі некаторым беларусам, як нам таго хочацца. Калі выехаць з Менска, прамінуць паварот на Узду, Слуцк і Салігорск…
Зрэшты, не будзем прамінаць так хутка. Як вядома, Цмок любіць салодкае. А што можа быць саладзейшае за цукровы завод?
Вось і стаяць бясконцаю кавалькадаю ахвярныя грузавічкі МАЗ – якія няспынна падвозяць Цмоку цукровыя бурачкі. Якія ягонай магічнай сілаю пераўтвараюцца ў слуцкі цукар.
Дарэчы, на слуцкім цукры пішуць па-беларуску – думаем, не без павагі да нашага героя. А потым усе мы энергічна размешваем той цмачыны цукар у сваіх філіжанках кавы – і з кожным каўточкам робімся ўсё большымі цмокамі…
-- Што вы тут нас фатаграфуеце!.. – крычыць на Таранціну кіроўца аднаго грузавічка. – Журналісты? Напішыце, лепей, што мы тут як дурні гадзінамі і гадзінамі стаім у чарзе!.. Во як работа арганізавана!..
Таранціна абяцае перадаць гэтую інфармацыю на разбор Цмоку.
У полі насупраць мераем наш цмокавоз адносна мілага паравозіка з цюкоў сена.
Кіруем далей. На развязцы пад Cалігорскам фоткаем помнік шахцёру. Мясцовыя падказваюць, што фоткаць трэба з тылу, тады шахцёр робіцца не простым, а сікаючым – як хлопчык у Бруселі.
Ну і вядома, хоць бы здалёк, аглядаем салігорскія горы.
Што да Леніна, то вось ён. Дакладней, яно – мястэчка ў Жыткавіцкім раёне. Якое з 1940 па 1960 год само было райцэнтрам. Гэты шаноўны факт жыхары памятаюць дагэтуль – і адразу распавядаюць пра яго экспедыцыі “У пошуках Цмока”.
Нашая цікавасць тут прыкутая да двух аб’ектаў – хрысціянскіх і габрэйскіх могілак.
Перад могілкамі сустракаем дзеда на возе. Вырашаем пацікавіцца, адкуль такая дзівосная назва мястэчка.
-- Калі чэсна, я не ў курсе, -- прызнаецца дзед. – Але нешта такое чуў, што Ленін тут праязджаў…
На заўвагу, што назва існуе ад 1568 года, дзед адмахваецца:
-- Ну тады я точна не ў курсе!.. Спытайце ў музеі!
Габрэйскія могілкі Леніна вядуць сваю гісторыю з XVI стагоддзя.
У 1942 годзе гісторыя ленінскіх габрэяў абарвалася, калі нацысты расстралялі тут 1850 чалавек…
Сёння могілкі цікавыя шараговаму турысту сваімі ўнікальнымі драўлянымі мацэйвамі – намагільнымі помнікамі з процьмаю інфармацыі і вытанчанаю разьбой.
Дзякуючы Алегу-Давіду Лісоўскаму, мы ведаем, што напісана на некаторых з іх.
тут напісана:
муж (у сэнсе "чалавек") суцэльны і прамы,
б-габаязьнены,
які насычваў душу сваю
працай сваіх рук,
пан. Мошэ сын
Аляксандра аЛеві
Храпун
памёр 26-га
дня месяца тішрэй
5699 года
(21.10.1938)
суцэльны - беззаганны, чысты
прамы - праведны, чэсны
пахаваны муж прамы,
малады ў сваіх гадах, Дов
сын пана Ашэра, яго душа
узьнялася да Нябёс у дзень
сьвятой Суботы 2-га /дня месяца/ Менахэм Ав
5680 года
(17.07.1920)
Мацэйвы, састаўленыя пад драўляны брыль – вынік талакі Таварыства аховы помнікаў.
Некаторыя мацэйвы яшчэ трымаюцца ў зямлі самі.
Насупраць могілак ляжаць нейкія кучы ці то пяску, ці то гліны. За адсутнасцю ў Беларусі гор, і гэта можа сайсці за горы!
Крыху ўбаку ад могілак ляжыць паваленая ваданапорная вежа. Невядома, ці паваліў яе Цмок, ці грымнулася сама – але ляжыць досыць маляўніча.
За вежаю на полі – невядомыя кругі на полі, якія заслугоўваюць увагі ўфолагаў. Пакуль уфолагі едуць, іх даследвалі цмоказнаўцы.
Поруч – закінутая хата.
Перад хрысціянскімі могілкамі сустракаем дзвюх кабет, якія парадкавалі магілы сваякоў. Таксама дапытваем пра назву.
-- Скажу вам, як усё было, -- кажа адна кабета. – Быў тут памешчык, і ў яго была дачка Лена. І дачка тая ўзяла і ўтапілася ў Случы. Таму і назвалі ад яе імені – Ленін.
-- А калі вы думаеце, што ад імя таго Леніна, што камуніст – то не! – заўпэўнівае нас другая кабета. – Скажу вам больш, у нас у вёсцы кажць, што чаму ён такі псеўданім сабе ўзяў? Праязджаў цераз нашу вёску – і так яму гэтае слова панаравілася, што вырашыў і сам назвацца Леніным.
Нечаканы паварот у біяграфіі муміі з Краснай плошчы ў Маскве! Дарэчы, Вікіпедыя дае падобную версію краязнаўцы Уладзіміра Баярына. Маўляў, Ульянаў сустрэўся ў Вільні з ленінскімі габрэямі, яны аказалі яму падтрымку на звяржэнне буржуазіі – і на знак удзячнасці ён узяў сабе такі псеўданім. Але Цмок яму ў бок! Прэзентуем нашым шаноўным экспертам фірмовыя торбачкі.
І кіруем разам з імі на могілкі глядзець капліцу.
Драўляная, вытанчаная, шляхетная – яна паўстала тут у 1861 годзе як сімвал скасавання прыгоннага права. Цяпер капліца занядбаная, нахіленая, разварочаная – адлічвае свае апошнія дні…
-- Яе закінулі ўжо ў 1990-я гады, -- кажа адна кабета. – Бацюшка пастроіў вунь тую красату (спадарыня скептычна паказвае на непрывабную сілікатную капліцу на ўскраіне могілак)— а гэтая яму стала нянада…
-- А шкада-та як!.. – усплесквае іншая кабета. – Такая красівая капліца! Як прыду на могілкі, гляну на яе – і аж балюча робіцца!..
Усярэдзіне капліцы людзі падтрымліваюць які-ніякі алтар.
Столь капліцы – унікальныя драўляныя скляпенні, якім таксама азасталося няшмат…
Балюча і нам. Бо Жыткавіцкі раён, ды і ўся Гомельшчына – мякка кажучы, небагатая на помнікі архітэктуры. З усіх абласцей Беларусі – самая бедная. Таму кожны помнік архітэктуры, асабліва такі прыкметны, мусіць быць на вагу золата і песціцца як дзіця. Але на справе ўсё іначай… Асабліва прыкра, што бяздзейнічае не толькі мясцовая ўлада, але і царква.
Аднак, сябры, будзеце ехаць па трасе Менск-Мікашэвічы – не палянуйцеся збочыць усяго пару кіламетраў убок і пабываць у гэтым незвычайным месцы!
Мікашэвічы: марсіянскія пейзажы ў логаве Цмока!
-- Здаецца, спраўдзілася мара амерыканскіх навукоўцаў – і чалавек патрапіў на Марс, -- кажа агаломшаны Таранціна, калі мы стаім на ўскрайку кар’ера ў Мікашэвічах. – Прычым не адзін чалавек, а адразу двое – мы з табой.
Відовішча тут і праўда, як на Марсе. Калі беларускаму Цмоку і мець дзе каменную рэзідэнцыю, то адназначна тут!
…А мы ж маглі сюды і не патрапіць. Бо на кар’еры – прапускная сістэма. Уезд на прыватных аўто – забаронены. Можна нейк там афіцыйна дамовіцца на экскурсію, каб цябе павезлі на аўтобусе – але нам на такі спосаб відавочна бракуе часу.
Аднак ці магло гэта спыніць спрытных цмоказнаўцаў? Ні разу! На нашае шчасце, мы патрапілі сюды роўненька ў абедзены перапынак. І пакуль ахоўнікі сёрбалі ролтан у сваёй будцы, мы, бы Цмок на крылах, праляцелі міма ў кірунку самога кар’ера. Калі насустрач адзін за другім сталі патрапляцца агромністыя БелАЗы, мы зразумелі, што мэта зусім побач…
Кар’ер “Мікашэвічы” вядзе сваю гісторыю з 1973 года. Сёння яго маштабы цяжка ўявіць сходу: даўжыня па версе тры кіламетры, шырыня амаль два, глыбіня 150 метраў.
Прыкладна кожныя тры дні тут адбываюцца магутныя выбухі. Перад тым бурыцца свідравіна, закладаецца выбухоўка. Ба-бах!.. – і ўгару ляцяць цыклапічныя глыбіны граніту. Які, уласна кажучы, і цягаюць на паверхню гэтыя “крошкі” БелАЗы. Адсюль, зверху кар’ера, яны напраўду здаюцца крошкамі.
Паколькі, як ні круці, мы тут як парушальнікі, вырашаем паціху рухацца далей. Ад’язджаем ад кар’ера ў бок КПП, ажно насустрач нам нясецца бусік з аховаю. Нібыта ў амерыканскім фільме, з заносам разварочваецца на 90 градусаў, пераразаючы нам шлях. У паветра ўздымаецца воблака пылу. Амаль на хаду ў бусіку ссоўваюцца набок дзверы…
-- Прыгніся, зараз страляць будуць!.. – выгукае Таранціна. – Кранты нашаму Ford Kuga, будзем да канца жыцця расплочвацца!..
Прыгнуўшыся, Таранціна хавае фотаапарат, каб уратаваць для нашчадкаў хаця б здымкі.
Да нашай машыны падыходзіць ахова.
-- Чаму парушаеце? Вы што, знак STOP не бачылі!?
-- Згодна з правіламі дарожнага руху, мы спыніліся, а потым, не пабачыўшы перашкод, працягнулі рух… -- прыкідваюся шлангам я.
-- У нас усё на камерах ёсць – праляцелі як на ракеце!.. – не паддаецца сэк’юрыці мікашэвіцкага кар’еру. – Следуйце за намі, будзеце пісаць тлумачэнні!..
Дзяля справядлівасці, варта адзначыць, што затрымалі нас усяго хвілін на 15. Мы напісалі тлумачэнне, выбачыліся за хуліганства – і на знак замірэння прэзэнтавалі кожнаму ахоўніку па нашай фірмовай торбе “Краіна цмокаў”.
Жыткавічы: помнік Цмоку знойдзены!
Першае, што мы бачым у Жыткавічах, гэта… клон капіліцы ў Леніне! Прычым стаіць ён не абы-дзе, а ў скверыку пры самай дарозе.
-- Так, гэта копія ленінскай капліцы, -- пацьвярджае нам дзядулечка, які грэецца непадалёк на лавачцы пад парадзелым восеньскім сонейкам. – Дакладна не ведаю, але здаецца спачатку збіралі грошы, каб тую аднавіць. А потым вырашылі, што тая вёска неперспектыўная – і лепей яны тут такую самую паставяць.
Так яно ці не так – неістотна. У кожным разе, гэта вяршыня цынізму – ставіць тут “такую самую”, тым часам як 150-гадовы арыгінал яшчэ “жывы” і падлягае ўратаванню… Вырашаем не марнаваць час на “такую самую” – і кіруем далей.
-- Тармазі! Цмок!.. – раптам крычыць Таранціна.
Мы выскокваем з цмокавоза – і вось ён, перад намі. Здаравенны прыгажун з прамяністымі крыламі і залатою грываю. Паглядае на нас з вышыні і смяецца.
Адкуль ён тут? Хто вырабіў яго гэткім прыгожым?
-- Гэтага прыгажуна гаспадар кавярні паставіў, -- паказвае ў бок рэстарана-карабля “Каўчэг” мясцовы жыхар. – Напэўна, каб гэты дракон яму кліентаў зазываў!..
Немаведама, як кліентаў, а нас зазваў. Шкада толькі, што мы патрапілі сюды ў ранішні час – а кавярня, як следуе з шыльды, адчыняецца толькі а 17-й гадзіне.
Што ж, фатаграфуем Цмока і едзем далей. Вось дык сустрэча ў Жыткавічах!..
Па дарозе ў Тураў, пераязджаем чароўную і магутную Прыпяць.
Тураў: Цмок жыве на станцыі кальцавання птушак!
-- Вітаю вас у адзінай у Беларусі Станцыі кальцавання птушак!.. – сустракае нас у Тураве арнітолаг Павел Пінчук.
Спадар Павел -- дырэктар Цэнтра кальцавання птушак, навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі Інстытута заалогіі Акадэміі навук. Кожны год, ад вясны да позняй восені, спадар Павел з калегамі жыве і працуе тут, назіраючы за птушкамі і кальцуючы іх.
-- За сезон мы кальцуем каля 4000 птушак, -- кажа спадар Пінчук. – Гэтая хата – унікальнае месца! Бо літаральна за 15 метраў ад яе, на лузе, можна назіраць каля 40 відаў птушак! А ў ваколіцах Турава – і ўвогуле больш за 100! Менавіта таму да нас едуць і едуць калегі з Расіі, Польшчы, Галандыі, Украіны…
Мы тут жа вырашаем, што такая колькасць навукоўцаў проста абавязаная мець магчымасць сфатаграфавацца пад нашай фірмовай шыльдаю “Тут жыве беларускі Цмок!” – і ўрачыста прыкручваем шыльду на хату. Занатуйце адрас: Тураў, вуліца Новая, 48.
На шум прыходзіць сусед Васіль – праверыць, ці не абкрадаюць тут арнітолагаў. Дзякуем яму за пільнасць і ўручаем сувенір – нашую торбу “Краіна цмокаў”.
Хата арнітолагаў знаходзіцца ва ўнікальным месцы не толькі праз мноства відаў птушак. Тут проста прыгожа!
Літаральна на суседняй вуліцы – яшчэ адно “гняздо” арнітолагаў: сядзіба грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Пазнаць яе можна па альтанцы на беразе для назірання за птушкамі.
А таксама па вялікім зуйку, намаляваным на хлявочку ў двары.
Літаральна ў цэнтры Турава, на тым беразе ад цэнтральнай плошчы, знаходзіцца знакаміты Тураўскі луг. Афіцыйна ён завецца дужа важна: “Ключавая арніталагічная тэрыторыя міжнароднага значэння “Тураўскі луг”. Пра што паведамляе адпаведны стэнд, адкуль вынікае, што на гэтым лузе можна пабачыць 23 віды птушак. Мы бачым толькі адзін – перапалоханых гусей.
Тут жа, перад гатэлем стаіць помнік куліку-марадунцы, які ў Еўропе сустракаецца толькі ў нас (і зрэдзьчас у Фінляндыі).
Тураў: царква, знішчаная землятрусам у 1230-м годзе
Кіруем аглядаць унікальны археалагічны помнік – падмуркі царквы 1170-х гадоў. Іх выявілі яшчэ ў далёкім 1961 годзе. Але цалкам раскапалі і зрабілі музеям пад дахам усяго гадоў 7 таму.
Неверагодна, але факт: 3 траўня 1230 года гэтую царкву бязлітасна разбурыў землятрус. Але нават падмуркі гэтага 840-гадовага храма – найунікальнейшы помнік беларускай архітэктуры! На поўдні нашай краіны – гэта адзіная мураваная пабудова ХІІ стагоддзя.
Разам з намі паглядзець на падмуркі царквы прыязджае аўтобус турыстаў.
-- …і вот аднажды ва ўрэмя службы случылась страшнае: з-пад купала сарвалісь і ўпалі два званы… -- баіць ачмурэлым наведнікам гісторыі экскурсаводка. -- …таму, калі пад полам цэркві нашлі пахароненых людзей, археолагі сразу ўспомнілі ту історыю… А відзіце эці астаткі слалбоў? Ані былі пастроены для ўкрэпленія крышы, патамушто ў це ўрэмена зімітрасенія былі ні рэдкасьцю!..
Вымушана пакідаем гэтую найцікавейшую экскурсію і аглядаем падмуркі з розных бакоў.
Неверагодна, але нават пры падмурках царквы ХІІ стагоддзя Цмок перадае нам прывітанне. Хоць бы ў і выглядзе гуллівага магніціка “Гоша – дракоша”.
Апроч уласна падмуркаў, у памяшканні можна агледзець цікавую выставу археалагічных знаходак. Канешне, гэта не зуб маманта, але ўсё ж!..
Побач з падмуркамі стаіць ладны помнік Кірылу Тураўскаму.
Тураў: “А ў нас тут яшчэ адзін крыж з зямлі расце!”
Вы, вядома, усе ведаеце пра тураўскі крыж, які расце з зямлі? Быў час, калі знайсці яго з першага разу было нялёгка: даводзілася добра паблукаць па могілках. Таму, каму так і не шчасціла, казалі, што крыж ад яго хаваецца.
Цяпер крыжу не схаваешся, каб і хацеў: ад брамкі да яго паміж магіламі пракладзеная ладная заасфальтаваная сцежка. Над самім крыжом змайстраваны дыхтоўны жалезны навес. А проста каля самога крыжа стаіць скрыня для збору ахвяраванняў.
Крыж і праўда цёплы. Гэта чую не толькі я, але і Таранціна, і шаноўны Павел Пінчук, і наш маленькі Цмок. Прычым, як кажуць мясцовыя, ён цёплы нават узімку.
Дарэчы, заўважаем на могілках новую моду: з адваротнага боку намагілля змяшчаць здымак нябожчыка ў поўны рост. Часам нават з аўтамабілем.
На выхадзе з могілак сустракаем кабету.
-- Крыж наш глядзелі? – адразу здагадваецца яна. – А другі бачылі? У нас жа яшчэ адзін крыж з зямлі расце! Праўда, ён яшчэ зусім маленькі.
Спадарыня вядзе нас між магіл. На адной агароджы – сотні павязаных каляровых стужачак.
Пад агароджаю – і праўда, крыж з зямлі расце!
Адтуль мы едзем глядзець іншыя славутыя каменныя крыжы – у царкву Усіх Святых 1810 года.
Але яна аказваецца замкнутай, а міначка кажа, што крыжы перавезлі ў новазбудаваную царкву на плошчы.
Аглядаем тут памятны знак славутаму беларускаму ваяводу Канстанціну Астрожскаму, які нарадзіўся ў Тураве ў 1527 годзе.
Каля новай царквы адзін крыж заўважаем адразу – для яго каля царквы збудавалі ладную альтанку. Крыж ушанаваны як трэба!
Другога мы не знаходзім – верагодна, ён усярэдзіне царквы. Гэтыя крыжы, паводле легенды, прыплылі супраць цячэння ў Тураў з Кіева даўно-даўно. Ведаючы слаўную гісторыю гэтага тысячагадовага горада (першая згадка – 988 год) – ахвотна верыцца!
За царквою – што б вы думалі? – кавярня “Будзьма”! На жаль, не мелі чусу высветліць, ці ў гонар нашай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
-- А ў гонар чаго ж яшчэ? – справадліва заўважыў Таранціна.
І мы паехалі ў Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.
Нацыянальны парк “Прыпяцкі”: таямніча загінулы мядзьведзь і вялізная страшная істота
Нацыянальны парк “Прыпяцкі” сустракае нас прымружаным падвячоркам.
Здаецца, сонца стараецца кампенсаваць чырвонаю цеплынёй свой да крыўднага ранні закат. Трохсотгадовая дубрава выглядае настолькі нагрэтаю ад пранізлівых промняў, што тут, здаецца, можна будзе спаць пад дубам і не змерзнуць.
-- Не ведаю, ці ўдасца нам пабачыць тут Цмока, -- кажа Павел Пінчук. – Але адну праўдзівую гісторыю пра гэтае месца я ведаю: як загінуў апошні тутэйшы мядзьведзь. Мішка пабачыў на дрэве борць (калоду з пчоламі) – і палез у жаданні паласавацца мёдам. Не ўтрымаўся, ды ляснуўся на зямлю проста ўабдымку з той борцю, якой яго і прыціснула. Так гэты касалапы і патрапіў разам з борцю ў музей нацпарка.
Мы вырашаем павучыцца на чужых памылках – і на дрэвы не лазіць.
Ходзім па чароўным магутным лесе, а спадар Павел распавядае нам усякія дзівосы пра беларускіх птішак.
-- Напрыклад, дубальт здольны праляцець не сядаючы каля 6000 кіламетраў – гэта тое, што зафіксавалі айчынныя арнітолагі. Прычым, калі наша птушачка вылятала, яна важыла 240 грам, а калі даляцела – 150. Птушка перад такім доўгім пералётам адмыслова ад’ядаецца, назапашчвае тлушч. Прыродай зроблена так, што ейныя вантробы нават змяншаюцца ў аб’ёме, каб цела назбірала больш тлушчу, неабходнага як сілкавання ў часе даўжэзнага палёту.
Пытаемся ў спадара Паўла, як птушка знаходзіць маршрут – ныпрыклад, як беспамылкова далятае з Беларусі ў Конга?
-- Стоадсоткава навука не можа адказаць на гэтае пытанне, -- суцяшае нас Павел Пінчук. – Але, пагадзіцеся, гэта сведчыць, што птушка не такая глупая істота, як многія думаюць!..
Распытваем іншыя цікавосткі пра беларускіх птушак.
-- Самыя масавыя беларускія птушкі – гэта прадстаўнікі атраду вераб’іных (зяблікі, вераб’і), -- кажа спадар Павел. – А самая вялікая гэта арлан-белахвост. Ягоны размах крылаў дасягае 2,5 метраў!
Наіўна пытаемся ў арнітолага, колькі ўсяго ў Беларусі асобінаў птушак.
-- Дакладна больш, чым людзей!.. – смяецца ён. – Лік ідзе на дзясяткі мільёнаў.
Крыху далей ад дубравы – рамантычная алея, якая вядзе аж за далягляд.
-- Раней тут была чыгунка-вузкакалейка, але яе разабралі за непатрэбнасцю, -- кажа наш гід. – Цяпер тут часта бываюць арнітолагі, бо ў гэтым месцы можна паглядзець шмат на якіх птушак. Канешне, у нас гэта адбываецца даволі “натуральна”: затаіўся сабе і назірай. А за мяжой ужо прыдуманыя розныя навароты. Напрыклад, нашыя калегі з Вугоршчыны карыстаюцца спецыяльнымі шклянымі пакоямі, якія ўсталёўваюць пасярод балота. Шкло там празрыстае толькі з аднаго боку. То бок, фатографы і арнітолагі бачаць птушак, а птушкі іх – не!
Даходзім да масточка, каб трошку пафоткаць тут нашых цмокаў.
Насустрач ідуць спадар са спадарыняй. Ён усхвалявана апавядае.
-- Учора я ішоў сабе туды, хацеў скараціць дарогу і пайшоў цераз канаву. Як раптам з’явіўся ён, здаровы такі, -- і на мяне папёр! Я стаў – а ён не спыняецца, ідзе на мяне, пазірае ды шыпіць нешта!.. Я думаю: ну цябе к чорту – і ўцёк, другой дарогаю пайшоў. Хутка ўжо ў вёску да нас прыдзе і будзе як гаспадар хадзіць!..
Калі парачка параўналася з намі, мы спыталі, пра каго ідзе гаворка.
-- Ды гэты, бабёр – здаровы такі!.. – адказаў дзядзька.
Але хто яго ведае, ці не ўвёў ён у зман залётных шукальнікаў Цмока? І ці напраўду гэта быў усяго толькі бабёр?..
Дзякуем кампаніі “Атлант-М Баравая”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы цудоўнаму джыпу Ford Kuga нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!