Днямі ў Лепелі адкрылі помнік тамтэйшаму Цмоку, дакляраваны яшчэ на верасень, да дня горада. Ёсць у яго “бацькі” – аўтар ідэі, лепельскі краязнаўца Валадар Шушкевіч і скульптар Леў Аганаў, а таксама “хросны бацька” — Уладзімір Караткевіч, паводле апісання якога ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і была створаная выява.
У складзе экспедыцыі шукальнікаў беларускага Цмока пад парасонам кампаніі “Будзьма” блогер Глеб Лабадзенка аб’ехаў ці не ўсю краіну ад Браслава да Турава. Як кажуць, здымаю капялюш на знак павагі і падзякі за ягоныя рэпартажы. Вось толькі са сцверджаннем, што першы і адзіны ў Беларусі помнік Цмоку паставілі сёлета, пагадзіцца аніяк не магу.
А тлумачыцца ўсё між тым вельмі проста — чвэрць стагоддзя, ад канца васьмідзясятых гадоў, у хваёвым лесапарку ў сталічным мікрараёне Уручча-1 стаіць Цмок Уручанскі!
Меў мажлівасць і задавальненне бачыць яго штодня, бо помнік стаяў ледзь не перад маім колішнім пад’ездам. А вось каб пераканацца, што Цмок не змяніў месца жыхарства, я выправіўся за кальцавую аўтадарогу.
Перад вандроўкаю памяняў на куртку свой чорны шаўковы хатні халат з вышываным на спіне залатым цмокам, праз які дочкі падцвельвалі мяне: “Дракоша!” (“drako” па-лацінску азначае “цмок” ці “змей”), пагладзіў па хрыбціне керамічную міні-копію цмока, што колісь прывёз з барселонскага парка Гуэль геніяльнага дойліда Антоніа Гаўдзі, падміргнуў пашытай ляльцы — бела-зялёнаму цмоку, які знайшоў прытулак на кніжнай паліцы. Аказалася, што нават дома маю не аднаго свойскага ці хатняга цмока! А можна было б яшчэ завітаць у “Акадэмкнігу”, адшукаць арыгінальныя дый перакладныя кніжкі пра Цмокаў.
Крыху хваляваўся, бо даўно не бачыў Цмока: ці ацалеў, ці стаіць на сваім месцы?! Падумваў, што лацініцаю трэба было б пісаць пра яго праз вялікую літару О, бо ў слове cmOk утрымлівалася б і пазітыўнае спалучэнне Ok! (all correct — усё хораша!), якое мацуе надзею.
Уздыхнуў з палёгкаю, калі нарэшце згледзеў знаёмы сілуэт сярод сасёнак на натуральным пагорку. (Часам нават і не падазраем, што мы маем! Зусім не выключаю, што стаяць гэткія сімпатычныя Цмокі і ў іншых беларускіх мясцінах!)
Прывітаўся з трохгаловым бамбізаю, крануў на шчасце шурпатую і крыху замшэлую “скуру”, няраз абышоў з усіх бакоў з фотаапаратам. Цікавых і выйгрышных ракурсаў было багата, але трэба было і адысціся як след, каб дабрадушная істота цалкам трапіла ў кадр, бо адно толькі ўвышкі яна відавочна сягае пад чатыры метры! А каб тое давесці недавяркам, давялося і самому папазіраваць пры ім, стаць замест маштабнай лінейкі.
Не адно пакаленне мінчукоў-малалетак коўзалася на ягонай спіне, гадавалася пад ягонымі лагоднымі і дабрахотлівымі позіркамі — ім Цмок Уручанскі быў за старэйшага сябра. Ад пачатку быў ён не самотны, але адзіны здолеў выстаяць у тамтэйшай міфічна-казачнай сябрыне. Двух масянжовых буслоў даволі хутка вандалы спілавалі пад корань. Выстаяла, а дакладней, выседзела Царэўна-жабоцька — яшчэ адна прэтэндэнтка на агульнанацыянальны брэнд, — аднак не здолела захаваць, зберагчы (плач, плач прыхільніца жабоцек Аксана Спрынчан!) свае пярэднія лапы. Не пашкадавалі вылюдкі і Жар-Птушку — адпілавалі ёй лапкі разам з рамкаю, што сімвалізавала залатую клетку!
Уручанскі парк скульптур — гэта найхутчэй вынік мастакоўскага пленэру ці конкурсу студэнцкіх дыпломных работ. Але містыку тут адрынуць аніяк не выпадае, бо ні аўтараў ідэі, ні скульптараў-выканаўцаў знайсці не ўдаецца. Не могуць даць рады ні Міністэрства культуры, ні аддзел будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама, ні аддзел культуры Першамайскага райвыканкама, які казачным чынам перакінуўся ў аддзел ідэалогіі, ні жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак №96, на чыёй тэрыторыі беспрапісачна пасяліўся Цмок, ахутаны таямніцамі.
Як толькі ні называюць значак у электронных адрасах — хто малпачкаю, хто сабачкам, хто слімачком! А вось мой даўні прыяцель, графік Рыгор Сітніца надыктоўваў быў каардынаты Саюза мастакоў і ўжыў у гэтым значэнні слова “цмочак” — маленькі цмок! Але і ў кіраванай ім пашанотнай творчай суполцы анічога не ведаюць пра цмокатворцаў.
Мабыць, месца сабе Цмок Уручанскі абраў невыпадкова: ён не толькі сябар дзятвы, але і аматар пачытаць, наведаць кругласуткавы музей пад адкрытым небам. Поруч з Цмокавым прытулкам, дзе таксама трэба было б прымацаваць шыльду “Тут жыве беларускі Цмок”, на імаверным турыстычным маршруце, месцяцца адна з найбуйнейшых у сталіцы дзіцячых бібліятэк, а таксама ўнікальны, адзіны ў Еўропе Музей валуноў Інстытута геафізікі і геахіміі Нацыянальнай акадэміі навук, які ўручанцы нярэдка завуць на ўсходні, японскі манер Садам камянёў.
Але пра іх, мабыць, варта расказаць іншым разам, бо гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя.
Тэкст Уладзіміра Сіўчыкава
Фота Уладзіміра Сіўчыкава і з архіва Уладзіміра Сіўчыкава