^ Back to Top

У якіх кнігах можна знайсці Цмока? (фота)

Тэкст Уладзіміра Сіўчыкава

Фота аўтара і з архіва аўтара

 

Цмокі фігуруюць у творах самых розных жанраў, у кніжках дарослым і дзецям. У зборніках прававых актаў, у народных казках, легендах і паданнях, у фантастычных апавяданнях, у літаратурных казках, у казачных аповесцях, у дыярыушах і іншых помніках мемуарнай літаратуры, у вершах, у апавяданнях, у радыёгутарках, у гістарычных раманах-хроніках, у сучасных катэхізісах — выданнях у форме пытанняў і адказаў.

 

Беларускія цмокі праз прыродную сціпласць не надта любяць вытыркацца, самапіярыцца, трубіць пра сябе з вокладак. Таму тэксты пра іх найчасцей трэба шукаць усярэдзіне кніжак.

 

Мажліва, якраз цяпер пішацца ці нават здаецца ў друк раман-фэнтэзі пра цмокаў, дзе творча выкарыстаныя фальклорныя і дакументальныя крыніцы, але пагартайма некаторыя тамы, якія ўжо сёння можна ўзяць з кніжных паліц.

 

Ян Баршчэўскі. ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ, або БЕЛАРУСЬ У ФАНТАСТЫЧНЫХ АПАВЯДАННЯХ

[Уклад. , пер. з польскае мовы М. Хаустовіча. Мастак В. Славук]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1990.

 

Нездарма помнік аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яну Баршчэўскаму стаіць пры вёсцы Мурагі Расонскага раёна на беразе цмачынага возера Нéшчарда.

 

А пра спрадвечную і значную ролю цмокаў на нашых землях сведчыць і тое, што назва першага апавядання са славутага твора гучыць так : “Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем”.

 

Уладзімір Караткевіч. ХРЫСТОС ПРЫЗЯМЛІЎСЯ Ў ГАРОДНІ (Евангелле ад Іуды)

Раман [Мастак М. Казлоў]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1990.

Ізноў жа, ужо ў першым раздзеле з назваю “Падзенне агнявога змія” можна ў падрабязных дэталях даведацца пра вонкавы выгляд лепельскіх цмокаў, а таксама дазнацца пра цмокаў сенненскіх.

 

Пацвярджаецца даўні пастулат — не толькі жыццё творыць літаратуру, але і літаратура здольная тварыць жыццё: паводле Караткевічавага апісання сёлета створаны і ўсталяваны помнік Цмоку Лепельскаму на беразе аднайменнага возера! Дзякуючы класіку мястэчка Сянно гэтаксама можа займець помнік тамтэйшаму Цмоку.

 

ЛАГОДНЫ ЦМОК

Англійскія літаратурныя казкі [Мастак А. Маёраў]. — Мн.: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, 1993.

 

Гэта самая цмоканасычаная кніжка ў беларускай літаратурнай прасторы, бо цалкам прысвечана цмокам і нават назвай сваёю пацвярджае канцэпт пра цмачыную лагоднасць. А вось у змесце, у творах вядомых брытанскіх пісьменнікаў Эдзіт Нэсбіт “Люты Цмок”, Кенэта Грэхама “Лагодны Цмок” і Лэслі Поўлза Хартлі “Конрад і Цмок” можна адшукаць неадназначныя і цікавыя варыяцыі.

 

Вацлаў Ластоўскі. Бяздоннае багацце

Апавяданні, легенды, казкі, аповесці [Уклад. Я. Янушкевіч. Мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. — Мн.: Юнацтва, 2001.

Апавяданне “Цмок” пабудаванае ў форме маналога селяніна да паніча: “Няма, кажаце, цмокаў? Як-то няма? Ёсць. Напэўна ёсць… Скуль яны, кажаце, бяруцца? Ага. Пустое… Не тое што людзі ведныя, дасведчаныя, але кожны смаркач табе ў вёсцы скажа, як выводзіцца цмок, каторы дабро і грошы цягае свайму гаспадару.

 

Вось, прыкладам, каму няведама, што стары Грынец адпаівае ў клеці малаком-сырадоем свайго цмока? Дык палядзі, які ён багаты затое!..”

 

Пятро Васючэнка. ЖЫЛІ─БЫЛІ ПАНЫ КУБЛІЦКІ ДЫ ЗАБЛОЦКІ.

Казачныя аповесці [Мастак У. Лукашык]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2003.

 “Яйка ад Куры Шчабятуры”, “Як паны хадзілі паганага Цмока ваяваць” — у гэтых і іншых казках, якія сюжэтна звязаныя паміж сабою, з мяккім гумарам расказваецца пра неверагодныя прыгоды і авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага, а ў тым ліку і пра іх дачыненні з даволі нязграбным і рахманым Цмокам. Яго, аказваецца, панам і бабе Парасцы можна было перамагчы каромыслам, чапялой ды качаргою. Гратэск, гіпербала, вясёлыя парадоксы, іронія, бездакорны стыль аўтара-казачніка, тактоўнае наследаванне традыцыям Яна Баршчэўскага — усё гэта стварае атмасферу своеасаблівую, трохі алагічную.

 

СІНІ КАЛОДЗЕЖ.

Сто беларускіх легенд і паданняў [Пераказаў Ул. Ягоўдзік. Мастак Ю. Шаціла]. — Мн.: Выдавец М. Ягоўдзік, 2012.

На лаціне слова “draco” азначала цмока або змея. Можа, праз тое і ў нашым фальклоры гэтыя словы нярэдка выступаюць як сінонімы. У паданнях “Змееў камень”, “Расколаты камень”, “Душа, прададзеная змею”, “Дзяўчына і змей” і іншых можна прачытаць пра цмокаў-шаўцоў, цмокаў-пярэваратняў, цмокаў-асілкаў. Найчасцей цмокі бываюць адна-, трох-, шасці- і дзевяцігаловыя, а тут ёсць і пра адметнага — двухгаловага.

 

ЗАЛАТАЯ ЯБЛЫНЬКА.

Казкі, легенды, паданні: Хрэстаматыя дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту [Мастак А. Карповіч]. — Мн. : ІП Уладзімір Сіўчыкаў, 2013.

У гэтай чытанцы, як і ў любой іншай, дзе падаюцца чарадзейныя казкі, змешчаныя і такія хрэстаматыйныя, як “Удовін сын” альбо “Пакацігарошак”. Галоўны герой, народны асілак змагаецца ў іх і, вядома ж, перамагае адно з увасабленняў зла на зямлі — братоў Цудаў-Юдаў, вырадкаў у цмачынай радзіне, бо няма роду без выроду!