З Андрэем Трубецкім мы пазнаёміліся ў Лепелі, на адкрыцці першага ў Беларусі помніка Цмоку. Спадар Андрэй вырабіў для яго дыхтоўную жалезную кнігу з інфармацыяй пра Лепельскага Цмока.
-- Я цмокамі зацікавіўся даўно, яшчэ да гісторыі з гэтым помнікам... -- хітравата паглядзеў на нас пан Трубецкі. -- І нават вырабіў тузін-другі разнастайных цмокаў...
Натуральна, мы неадкладна папрасілі шаноўнага каваля падзяліцца здымкамі. Выявілася, што некаторыя цмокі зляцелі яшчэ да фотасесіі, але колькі абліччаў захаваць на здымках удалося.
Вось, напрыклад, адзін з найпрыгажэйшых цмокаў, які выйшаў з рук слаўнага бешанковіцкага каваля.
-- Шмат у якіх выпадках цмокі прыходзілі да мяне ў выглядзе дзвярных ручак, -- працягвае майстар.
-- А гэта, -- кажа спадар Андрэй, -- чорная вадзяная змяя, блізкая сваячніца цмокаў!..
Увогуле ж, Андрэй Трубецкі кажа, што багата паразбіралі ў яго цмокаў і на ручках ражкоў для абутку, і на рукаятках камінных набораў... У ягоных планах -- вырабляць вытанчаныя нажы з "цмачынымі" элементамі.
Спадар Андрэй перкананы, што мець у доме цмока -- хоць бы ў такім выглядзе -- на шчасце!