СПАМПУЙЦЕ PDF ПАПЯРОВАЙ МАПЫ Ў ВЯЛІКІМ ПАМЕРЫ: 1, 2 (націсніце на лічбы правай кнопкай мышы, а тады абярыце "захаваць спасылку як...")
Што толькі ні здаралася з удзельнікамі экспедыцыі. У вадзе патаналі, у агні гарэлі, пад зямлю спускаліся, на вышыню ўзлазілі… А ўсё для таго, каб прадставіць кожнаму аматару цмокаў унікальны дапаможнік – Цмачыную мапу Беларусі!
-- Калі мы арганізоўвалі экспедыцыю “У пошуках Цмока”, то дакладна не ведалі, што будзе ў выніку, -- кажа каардынатар праекта Алена Макоўская. – Аднак пасля васьмі паездак ідэя з мапай папрасілася сама – бо здабытыя звесткі трэба было неяк упарадкаваць. Экспедыцыя цягнулася некалькі месяцаў, а скончылася прыгожа і сімвалічна: апошняя вандроўка была ў Лепель, на адкрыццё першага ў Беларусі помніка Цмоку!
Сама ідэя шукаць Цмока нарадзілася ў выніку брэйнсторму: як “асвяжыць” турыстычныя сімвалы Беларусі, каго дадаць у кампанію бусла і зубра? Так і выйшлі на Цмока – незаслужана забытага героя народнай міфалогіі. Цмок у розных праявах сустракаецца і ў паданнях іншых народаў, аднак доследы паказалі: беларускі Цмок – адметны!
Сталых удзельнікаў экспедыцыі было двое – журналіст Глеб Лабадзенка і фатограф Аляксандр “Таранціна” Ждановіч. Шукальнікі Цмока прызнаюцца, што напачатку слаба ўяўлялі, дзе ж яго ўласна шукаць.
-- Падрыхтоўчым этапам экспедыцыі быў збор “цмачыных” фактаў, гутаркі з экспертамі, -- прыгадвае Глеб Лабадзенка. – Насамрэч, пра Цмока ў нашым фальклёры і літаратуры не так і мала згадак. Скажам, доктар філасофіі Ірына Дубянецкая налічыла ажно 9 відаў беларускіх цмокаў. Пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў зрабіў цэлую падборку кніг, дзе вядзецца пра Цмока. А самага славутага “літаратурнага” Цмока, безумоўна, узнёс Уладзімір Караткевіч. Дарэчы, якраз “Караткевічаваму” Цмоку і паставілі помнік у Лепелі.
Маршруты экспедыцыі пралеглі праз усе вобласці Беларусі. Дзесьці насычанасць пунктамі атрымалася большая, дзесьці меншая – выроўніваць яе штучна мэты не стаяла.
-- Асабіста для мяне экспедыцыя “У пошуках “Цмока” стала адкрыццём!.. – празнаецца Таранціна. – Я і раней вандраваў па Беларусі, але ж тут мы наведалі столькі прыгожых і цікавых мясцін, што я быў проста ўражаны. Пра многія з іх раней я нават не чуў!
Што казаць: пра асобныя пункты маршрутаў не чула большасць беларусаў! Скажам, пра адзіную ў Беларусі пячору на беразе возера Гінькава.
-- Я аб’ехаў у нашай краіне каля 1000 населеных пунктаў, бо захапляюся архітэктурай і краязнаўствам, -- кажа Глеб Лабадзенка. – Але таксама ніколі не чуў пра гэтую пячору, у інтэрнэце пра яе літаральна пару згадак! Патрапіўшы туды, мы ўразіліся неймаверна! Сапраўдная пячора – у Беларусі! Хоць яна і невялікая (можа, 10 квадратных метраў), але зачароўвае сваёй таямнічасцю і прыгажосцю. Да таго ж, возера Гінькава, на беразе якога яна знаходзіцца, -- трэцяе па глыбіні ў Беларусі. І паводле прыгажосці, думаю, таксама ў верхніх радках рэйтынгаў!
Шукаючы Цмока, удзельнікі экспедыцыі знаходзілі шмат цікавостак па дарозе. Напрыклад, статак з 57 зуброў у Белавежскай пушчы. Мінус другі падземны паверх палаца Сапегаў у Ружанах. Беларускі Стоўнхендж пад Полацкам. Зуб маманта ў Юравічах.
-- Адным з найвялікшых адкрыццяў экспедыцыі стаў Змееў камень пад Новалукомлем, -- кажа Таранціна. – Нават не сам камень – бо ён даволі вядомы, унесены ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцяў. Мы прыехалі туды а 5 раніцы. І ўсё ніяк не маглі знайсці камень – бо ані дакладных каардынат, ані ўказальнікаў на мясцовасці няма. Усё, што мы мелі, апісанне “за 1,5 кіламетры ад вёскі Гогалеўка, у лесе”. І тут, на шчасце, сустрэлі дзеда, які выйшаў касіць каню, пакуль раса не спала. На пытанне, якая “цмачыная” легенда звязаная з каменем, дзед ажно ўкрыўдаваў: “Якая вам легенда! Мой бацька таго Цмока яшчэ добра памятаў!..”
Трэба сказаць, экспедыцыі шанцавала на прыгоды. Напрыклад, адзін з найвялікшых беларускіх валуноў у лесе пад Слонімам цмокашукальнікі знайшлі а першай гадзіне ночы. А калі ўлічыць, што валун мемаведамай сілай расколаты на дзве часткі… Ды пад пэўным ракурсам пачынаеш бачыць на ім нечый профіль… Запаліўшы паходні, удзельнікі экспедыцыі здабылі поўнае адчуванне, што цмок за той, ці за вось гэтай елкай.
Дагэтуль прыгадваюць цмоказнаўцы і “пагружэнне ў раку Ваўпянку”.
-- Цяпер цяжка патлумачыць, чаго мы ў тую рэчку ўвогуле палезлі… -- уздыхае Глеб. – Яе глыбіня была сантыметраў 20 – думалі, што пераедзем. Але рака Ваўпанка думала іначай. У выніку ратаўнічая аперацыя расцягнулася на 2 гадзіны. У ёй былі задзейнічаны 2 трактары, участковы міліцыянт, старшыня калгаса, ваўкавыскія даішнікі і ўсе жыхары Воўпы ў якасці гледачоў…
Хлопцы дагэтуль з усмешкаю прыгадваюць, як іх надурыў адзін няшчыры “калега” – параіўшы спусціцца ў краманёвыя шахты, якім 5000 гадоў. Гэтыя шахты пад Ваўкавыскам існуюць у сапраўднасці – пра іх напісана нават у школьных падручніках па гісторыі. Але ж ад несанкцыянаваных уварванняў цмокашукальнікаў яны надзейна закансерваваныя археолагамі.
-- Затое мы паглядзелі там жа, у Краснасельскім, неверагодна прыгожыя крэйдавыя кар’еры, якія ў народзе завуць “беларускімі Мальдывамі”!.. – аптымістычна глядзіць на сітуацыю Таранціна.
Апроч “забаўляльнай” часткі, у вандроўках прысутнічала і даследніцкая. Удзельнікі дагэтуль цёпла прыгадваюць супрацоўніка Веткаўскага музея народнай творчасці Андрэя Скідана. Цмокі – ягоная ўлюбёная тэма. У музеі іх можна пабачыць паўсюль: на абразах, ручніках і нават у рукапісным Евангеллі XVIІ стагоддзя!
Зрэшты, пераказваць далей усе прыгоды экспедыцыі не будзем. Для гэтага і была створаная Цмачыная мапа Беларусі. Навёўшы курсор на кожны пункт, вы пабачыце здымак і кароткую анатацыю, што ж там цікавага. А клікнуўшы на спасылку – перанясецеся на адпаведнае месца ў рэпартажах з вандровак.
Шукайма Цмока разам!
ЦМАЧЫНАЯ МАПА БЕЛАРУСІ