-- Раней я ставіўся да ідэі з Цмокам крыху іранічна, - апавядае наш чытач Зміцер Смаляроў. - Думаў, гэта навамодныя прыдумкі - альтэрнатыўны турыстычны сімвал Беларусі і ўсё такое. Але днямі во ехаў па шашы Бабруйск-Магілёў - і ажно даў па тармазах, калі прамінаў вёску Глухская сяліба!
Проста каля дарогі Зміцер пабачыў - каго б вы думалі? - Цмока!
-- Ён стаіць на такой пляцоўцы, дзе могуць адпачыць аўтааматары ў дарозе, - кажа Зміцер. - А разам з аўтааматарамі вырашыў адпачыць і зялёны Цмок! То бок, паставілі Цмока ці то палясоўшчыкі, ці то дарожная служба -- але ж ніяк не кампанія "Будзьма беларусамі!". Так што цяпер ахвотна веру: цмокі жывуць у народнай памяці!
А дзе бачылі Цмока вы, шаноўныя чытачы? Дасылайце свае здымкі і цікавосткі на belaruskicmok@gmail.com