^ Back to Top

Тузін песень пра Цмока! (АЎДЫЁ)

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

Публікуецца з ласкавай згоды Сяргея Будкіна, кіраўніка Tuzin.fm

 

ТОП-12 песень пра Цмока! 

 

1.  «Даўным-даўно тое было» 

(музыка і словы – народныя, апрацоўка й выкананьне – В.Аліпава)

 

Самы папулярны сьпеў пра цмока й Сьвятога Юр’я «Даўным-даўно» вядомы ў самых розных інтэрпрэтацыях. Відаць, што першым яго занатаваў харавы дырыгент і фальклярыст Рыгор Шырма ад жыхаркі вёскі Харкі, што на Пружаншчыне, тое адбылося ў 1929 годзе. У сольным выкананьні «Даўным-даўно» прадстаўлялі сучасныя фольк-рэканструктары Алесь Лось і Алесь Пузыня (пад колавую ліру), Алесь Жура (пад дуду). Мулявінскія «Песьняры» ўключылі гэты твор у праграму каляндарна-абрадавых песень, якая засталася не зафіксаванай як сьлед. Магілеўскі гурт Nevma зьмясьціў гэтую баляду ажно ў двух вэрсіях у сваім мінулагоднім міньёне «ZaDavolieny». Але ж хочацца прэзэнтаваць менш вядомы, але вельмі кранальны варыянт гэтага твору, які ў свой час запісала Вольга Аліпава – па сутнасьці, першая беларуская рок-вумэн і сьпявачка першай забароненай камсамолам рок-групы «Наследники», створанай яшчэ ў 1968 годзе.

 

2. «Даўней жылі людзі»

(муз. і сл. – нар., вык. – гурт Guda)

 

З гэтага «перадвелікоднага паставога» сьпеву пачынаецца другі альбом Guda «Ігры багоў». Тэкст і мэлёдыю ўдзельніцы гурту занатавалі ў 1992 годзе ў вёсцы Загацьце на Віцебшчыне падчас этнаграфічнае экспэдыцыі «Зьмееў камень». Сюжэт той жа, што й у «Даўным-даўно». Як тлумачаць сьпявачкі Guda, «цмок у гэтым сьпеве зьяўляецца ўвасабленнем Вялеса, а Юр’я – хрысьціянізаваным вобразам Ярылы». Дзея сымбалізуе перамогу хрысьціянства над язычніцтвам.

 

3. «Да была зямля несвянцоная»

(муз. і сл. – нар., вык. – Іван Кірчук)

 

У 1999 годзе Іван Кірчук запісаў і выдаў у Галяндыі першы й пакуль адзіны сольны альбом. У аснову трэкліста ўвайшлі сьпевы, што бытавалі на тэрыторыі цяперашняе Чарнобыльскае зоны. Таму плытка й завецца «Спадчына загінуўшых вёсак». Шэраг песень пан Кірчук зафіксаваў падчас уласных экспэдыцыяў на Палесьсе ў 80-ых гг. «Паставы» сьпеў пра цмока ды Юр’ю ўвайшоў і ў спэктакаль «Варажбіт. Працяг», паказаны сёлета ў Заслаўі. Між іншым, дасьледчыкі бачаць у гэтай гісторыі шмат агульнага са старажытнагрэцкім мітам пра Пэрсэя й Андрамэду і нават з подзьвігам вэдыйскага Бога Індры, які забіў і расьсек дракона Ўрытру, вызваліўшы скаваныя пачварай воды.

 

4. «Жылі людзі няверныя»

(экспэдыцыйны запіс зь Верхнядзьвінскага раёну, зроблены «Студэнцкім Этнатаварыствам»)

 

Бабуля зь Верхнядзьвінскага раёну назвала гэты сьпеў «сьвятым». Вядома, што пасьля Другое сусьветнае вайны вясковыя сьпявачкі выступалі на хаўтурах ў ролі сьвятароў, выконваючы песьні такога кшталту. Як сьведчаць чальцы «СЭТу», аўтэнтычныя выканальніцы разглядаюць песьні пра цмока як апісаньне выявы на абразох, а абразы адпаведна як ілюстрацыю да баляды пра цмока ды Юр’ю. Бывала, што прасьпяваўшы да паловы, яны казалі: «А далей было тое, што на іконе вы самі бачылі».

 

5. «Казка»

(муз. – Зьм.Вайцюшкевіча, сл. – нар., вык. – WZ-orkiestra)

 

«Казку» пра Зьмея Зьміцер Вайцюшкевіч прадставіў у сваім другім па ліку альбоме «Баляды» пад акампанэмэнт Ксеніі Мінчанкі. Прычым, вобраз зьмеяборца-Юр’і  ў дадзенае мэлядэклямацыі заменены на «госьця малодзенькага, незнакомага й невядамага». Дарэчы, многія лічаць, што й нацыянальны герб беларусаў «Пагоня» паходзіць ад абраза са Сьвятым Юр’ем, які забівае цмока.

 

6. «Пра Яшчура»

(муз. – нар., праект «Цішы Лабаноры»)

 

У тэматычнай імправізацыі да Тодара Кашкурэвіча далучыўся ягоны сябар, фатограф зь Вільні Гвідас Кавера, а таксама выбітны джазавы музыка Петрас Вішняўскас. Атрыманае трыё (дзьве дуды + сакс) займела назоў «Цішы Лабаноры». Музыкі выступалі на джаз-фэстах і сакральных мясьцінах, у тым ліку касьцёлах. А аднайменны альбом запісалі ў камінным пакоі, што месьціцца ў сядзібе-музэі Юшкаў у Вількіі. Што тычыцца кампазыцыі «Пра яшчура», то ў яе аснове – беларускі народны сьпеў, які выконваўся падчас своеасаблівае гульні: «Сядзіць яшчар на куце / дзяржыць вянок на руцэ. / - А яшчар-паночак, проша даць мне вяночак…» Паводле мітаў часам лятучыя зьмеі маглі набываць прывабнае для супрацьлеглага полу аблічча й заляцацца да дзяўчат. Але нашчадкаў ад такіх сувязяў быць не магло. Выявіць пярэваратня можна было па адсутнасьці скуры на сьпіне ці маленькіх крылцах.

 

7. «Зьмей»

(муз. і сл. – Я.Барышнікаў)

 

Пераможца «Бардаўскае восені – 2010» Яўген Барышнікаў зьяўляецца сябрам згаданага вышэй «СЭТу», таму пра цмокаў ведае не па чутках. З пункту гледжаньня нэаязычнікаў цмок у старажытнасьці мог быць аб’ектам культу. Ён зьяўляецца ўвасабленьнем першаснага, непадзельнага стану Сусьвету. Прытым, згодна з традыцыйнымі ўяўленьнямі цмокі рэдка чапляліся да простых вяскоўцаў і сямейных людзей. Затое парушальнікі грамадскіх абавязкаў станавіліся іх першымі ахвярамі. Цмакі маглі цягаць да сваіх гаспадароў золата або срэбра. Некаторыя лічыліся выдатнымі шаўцамі ды краўцамі. Але мець зь імі стасункі ўсё ж лічылася небясьпекай.

 

 

8. «Цмокі жывуць»

(муз. і сл. – гурт «Цмокі»)

 

«Цмокі» зьявіліся на філфаку БДУ ў 1997 годзе, патраплялі на розныя CD-складанкі, выдалі прома-альбом і паезьдзілі з гастролямі па Беларусі. Але зараз гурт існуе пад іншай шыльдай – Band_A. Музыкі прызнаваліся, што старое імя ціснула на іх: «Цмокі — гэта ж такія вялізныя лянівыя зьвяры. У нейкі момант такі спосаб жыцьця перастаў задавальняць». Дадамо, што мітычнаму цмоку, акром ляноты, прыпісвалася самотнасьць і фанабэрыстасьць, асьцярожнасьць і любоў да мыцьця ў лазьні. Фактычна ў яго вобразе ядналіся чатыры стыхіі: цмок жыў у вадзе, дыхаў полымем, хадзіў па зямлі ды лётаў па небе. У некаторых мясьцінах дагэтуль цмокам называюць вясёлку, па якой нібыта назад у неба пампуецца вада.

 

9. «Ляцяць цмакі»

(муз. і сл. – гурт Freddy Krueger)

 

Гурт з Гомелю ня толькі атаясаміў сябе пэрсанажам фільма жахаў, але й свой стыль вызначае ня інакш як трылер-блюз. Адметная рыса ансамблю –

наяўнасьць дзьвюх лідэр-вакалістак. Песьню пра цмокаў Freddy Krueger выканаў у Менску падчас дэма-фэсту шчырае музыкі «Музычны апэльсін-2008». Адзначу, што экспэдыцыі-падарожжы сучасных «цмокалоўцаў» часта скіраваныя якраз на Палесьсе. Менавіта на тамтэйшай рацэ Гарынь жыў вядомы па казках Зьмей Гарыныч.

 

 

10. «Цмок, Каралева й Паўднёвы Крыж»

(муз. – В.Корань, сл. – Ф.Аксёнцаў, вык. – гурт Ulis)

 

У арыгінальным вінілявым рэлізе легендарнага альбома Ulis «Краіна доўгай белай хмары» гэтага нумару няма. Песьня з казачнымі пэрсанажамі й самацытатамі ўвашла ў якасьці бонусу ў пазьнейшае CD-перавыданьне.

Нагадаю, што другі альбом Ulis, як і дэбютны, запісваўся у польскім горадзе Ольштын на прыватнай студыі Рышарда Шміта й быў выдадзены фірмай Polskie Nagrania ў 1990 годзе нават раней за першы альбом. Варта заўважыць, што імёны Цмока ды Паўднёвага крыжа носяць сузор’і. Таксама паводле этнаастранома Цімоха Авіліна, у Беларусі, убачыўшы на небе вельмі яркі мэтэор, казалі: «Цмок паляцеў! Чарадзею ці ведзьме золата панёс».

 

11. «Цмок ды арол»

(муз. і сл. – С.Міхалок)

 

Акурат перад гадавінай Плошчы-2010 у Сеціве зьявіўся рэпэтыцыйны запіс новага беларускамоўнага твору ад «Ляпіса Трубяцкога». Па просьбе фанаў ролік зь песьняй «Арол ды цмок» выкладзены асобна ад відэа-сэрыялу «Летапіс анарха-турызму». У наступным годзе Сяргей Міхалок і кампанія абяцаюць новы альбом, які зараз запісваецца ў Кіеве.         

 

12. «Забіць Цмока»

(муз. і сл. – Р.Яраш)

 

Аўтарская рэч яшчэ аднаго чальца «СЭТу» Рамана Яраша натхнёная ня столькі аднайменным творам Яўгенія Шварца, колькі менавіта народнымі балядамі пра Юр'я й цмока разам з абразамі на той сюжэт. Тэкст песьні зьявіліся прыблізна гадоў 8 таму й потым пару год чакаў на адпаведную музычную форму. Запіс адбыўся ў 2010 годзе ў межах праекту «Барды Свабоды». «Напэўна, гэта песьня пра нашу рэчаіснасьць, - гаворыць Раман. – Цікавей ня тое, чым альбо кім ёсьць цмок, а тое, дзе ж тут Сьвяты Юр'я? Напэўна, шукаць яго варта ня ў тэксьце. "Сон розуму пачвар раджае" і цмок якраз тая пачвара. Забіць цмока – значыць усьвядоміць, што адбываецца, ды прачнуцца».

Фота Паліна Гаварэнь