^ Back to Top

"Між Дзісной і Друяй Цмок вандруе..."

 
Сяргей Панізьнік
 
МІЖ ДЗІСНОЙ І ДРУЯЙ ЦМОК ВАНДРУЕ
 
Венікі  вязала  Жаба,
Дровы сек вусаты Цмок.
Лезлі  ў лазню Чорт і Баба,
Жар каціўся на палок.
 
Каменку Чарцяка лапаў:
--Пад-даць духу! Стыне лапа!
…І –“Дзе столь?”, “Дзе паталок?”
Паляцелі  Чорт і Баба
У чаротавы ставок.
 
А там качкі качку-лазню
Навялі, што збег і Цмок…
Толькі ў Чорта жар не гасне:
На калок падняў палок.
 
Цмоку ж, прыткаму  гарэзе,
Спадабаўся Буралом:
У пячоры ён хвастом
Вам кіўне: --А вось мой дом!
 
Хто  (на злом) ткне ў дом  вяслом,--
Не пазнае Цмока ў стрэсе.
Так націсне на дзясну,--
Скокніце  аж  за Дзісну
Да Драздовіча пры лесе.
 
Ці ачнецеся   ля Друі.
Бацька Цмока там вандруе
(і  грызе акраец  хлеба –
Дар ад Лабадзенкі Глеба).
 
Не латгал  і  не  карэл,--
Першы  Цмокус  ВКЛ !
 
 
26.05./12.07.2013
 
 
 
ЦМОКАЎ ЧМОК
 
Паздароваўся:
--Я -- Цмок!
І мяне -- у шчочку -- чмок!
Затрымцеў я ад шчакоткі
і цмачынае дрыготкі.
 
Думаў: "Хто далез да трона, --
той страшнейшы за дракона..."
Ну а тут усё гладзей:
Цмок зычлівы да людзей.
 
Ёсць у Цмока цацкі -- цмочкі.
Ён у клопаце да ночкі,--
каб свяціліся ў нас вочкі.
 
Служба Цмока -- дагадзіць,
чмокам за дабро плаціць....
        х  х  х
...І каб з тронаў
ўсіх драконаў
на дно багны апусціць.
 
13.07. 2013
 
 
Чытайце таксама:
 
 

Чытайце нашыя рэпартажы пра пошукі Цмока!

Адзіную ў Беларусі пячору назвалі Цмокавай! (фота, відэа)

На Палессі цмокі жылі на падворках замест сабак! (фота)

На Гомельшчыне ў рукапісным Евангеллі XVIІ стагоддзя знайшлі Цмока! (фота)

На возеры Свіцязь Цмок выжыў бегемота! (фота)

За што конюх Міндоўга ўпаляваў наваградскага Цмока? (фота)