Матэрыялы вандровак былі падрабязна прадстаўленыя на спецыяльным сайце cmok.budzma.org. Затым больш чым 80 населеных пунктаў і цікавостак, якія наведала экспедыцыя, былі нанесеныя на спадарожнікавую мапу, якую можна пабачыць па спасылцы.
— Асноўная ідэя мапы “Краіна Цмокаў” — прыцягнуць увагу да беларускай гісторыі і культуры, да нашай літаратуры і міфалогіі. Прадэманстраваць, што нашая культура — невычарпальная і багатая крыніца і для турызму, і для брэндынгу гарадоў. Мы выбралі Цмока — ён загадкавы і харызматычны, ён — непераможны асілак паводле нашых казак і легенд, — кажа каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі” Алена Макоўская. — Ну а вынікі пошукаў Цмока аказаліся настолькі цікавыя, што мы вырашылі ўвасобіць іх у мапе.
СПАМПУЙЦЕ МАПУ Ў ВЯЛІКІМ ПАМЕРЫ: 1, 2 (націсніце на лічбы правай кнопкай мышы, а тады абярыце "захаваць спасылку як...")
Дызайн мапы распрацаваў Артур Вакараў (студыя “Адліга”), а тэкст склаў журналіст Глеб Лабадзенка, які разам з фатографам Аляксандрам “Таранцінам” Ждановічам праехаў дзеля гэтага па Беларусі больш за 7000 кіламетраў.
— За час гэтых неверагодных вандровак Цмок падпільноўваў нас на кожным кроку! — кажа Глеб Лабадзенка. — Ад плюшавай цацкі каля Мірскага замка да медальёна на галоўнай гомельскай скульптуры, якая выяўляе першага міфалагічнага жыхара горада. Ад неверагоднай прыгажосці талеркі 1857 года ў Магілёўскай ратушы да адзінага ў Беларусі помніка Цмоку ў Лепелі, адкрытага ў 2013 годзе.
Стваральнікі мапы прызнаюцца, што часам вандроўкі былі досыць небяспечныя. Удзельнікі экспедыцыі трапілі ў адзіную ў Беларусі пячору пад Глыбокім, спусціліся на мінус другі падземны паверх Ружанскага палаца Сапегаў, узняліся пад купал касцёла, дзе быў пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай, сустрэлі статак з 57 зуброў у Белавежскай пушчы, знайшлі агромністы расколаты валун у лесе пад Слонімам, 5000-гадовыя шахты пад Ваўкавыскам…
Такіх кароткіх гісторый на мапе “Краіна Цмокаў” — больш за 80! Усе пункты нанесеныя на аснову мапы Беларусі з дакладным пазначэннем каардынат GPS. На адвароце мапы даецца кароткае апісанне кожнага пункта, а таксама спасылкі на адпаведныя матэрыялы на сайце cmok.budzma.org ды каментары аўтарытэтных экспертаў.
Як атрымаць гэтую ўнікальную мапу? Ад 8.00 сённяшняга дня (12.03, чацвер) яна таямнічым чынам з’явіцца на ўсіх аўтазапраўках А-100 у Мінску.
Для БЯСПЛАТНАГА атрымання мапы трэба выканаць 2 простыя ўмовы:
Адрасы заправак:
Спяшайцеся, колькасць мапаў абмежаваная!..
Для тых, каму не хопіць мапы, нагадваем, што можна спампаваць яе электронны варыянт або скарыстацца спадарожнікавай версіяй на сайце "Краіна Цмокаў".
Будзьма Цмокамі!
P.S. Кампанія “Будзьма беларусамі!” шчыра дзякуе сетцы заправак А-100 за падтрымку акцыі.