Сябры, вы робіцеся сведкамі гістарычнай з’явы — дзякуючы кампаніі "Будзьма беларусамі!" беларускі Цмок займеў уласны сайт! Цяпер на пытанне цікаўных: “А што гэта такое цмок?” — вы можаце доўга не тлумачыць, а адразу накіроўваць на Cmok.budzma.org! Тут можна знайсці агульную інфармацыю пра Цмока, месцы яго пражывання, легенды і байкі, навіны з жыцця Цмока, а таксама справаздачы з Цмокавых вандровак. Ад сённяшняга дня ўся інфармацыя пра беларускага Цмока — на Cmok.budzma.org! Дарэчы, на адрас razam@budzma.org (з пазнакай "Цмок") можна дасылаць свае цмачыныя цікавосткі.
Цяпер жа настаў час летніх вандровак — самая пара выправіцца на пошукі Цмока! Нагадаем, увесну мы запісалі 7 гутарак з самымі аўтарытэтнымі беларускімі цмоказнаўцамі — Ірынай Дубянецкай, Андрэем Скіданам, Сяргеем Харэўскім, Антонам Астаповічам, Андрэем Барашкам, Сяргеем Плыткевічам і Андрэем Дыбоўскім. Звёўшы “паказанні” ўсіх экспертаў у адно цэлае, мы налічылі ажно 73 “месцы прапіскі” беларускага Цмока (
ГЛЯДЗЕЦЬ ТУТ)! За год не аб’ехаць! Таму было вырашана абвесціць усенародную галасаванку. Цягам некалькіх тыдняў людзі выбіралі самыя цмачыныя месцы Беларусі.
У выніку тузін пераможцаў выглядае так:
1. Палессе
2. Белавежская пушча
3. Ружанскі палац Сапегаў (Пружанскі раён)
4. Тураў (Жыткавіцкі раён)
5. Змееў курган (Добрушскі раён)
6. Юравічы (Калінкавіцкі раён)
7. Хальч (Веткаўскі раён)
8. Чорнае і Белае азёры (Івацэвіцкі раён)
9. Браслаўскія азёры (Браслаўскі раён)
10. Нацыянальны парк “Прыпяцкі”
11. Навадзявяткавічы (Слонімскі раён)
12. Возера Свіцязь (Наваградскі раён)
Добра падумаўшы, як аб’ехаць гэта найзручнейшым чынам, мы склалі 7+1 маршрутаў.
1. Возера Свіцязь і ваколіцы Наваградка
2. Гомельшчына (Палессе, Змееў курган, Хальч…)
3. Юравічы і Тураў
4. Нацыянальны парк “Прыпяцкі”
5. Браслаўскія азёры
6. Навадзявяткавічы і Слонімшчына + Чорнае і Белае азёры
7. Белавежская пушча і Ружанскі палац
8. BONUS: З ўласнай ініцыятывы мы вырашылі з’ездзіць таксама ў Лепель — ці не самае цмачынае месца Беларусі! Што казаць, калі неўзабаве, 14 верасня, на дзень горада на беразе Лепельскага возера адкрыюць скульптуру Цмока Лепельскага!
Навошта мы так падрабязна дзелімся сваімі планамі? Па-першае, каб пачуць вашыя падказкі: куды ў гэтых мясцінах абавязкова зазірнуць? Дзе самыя цмачыныя завуголлі? Хто з мясцовых жыхароў ведае самыя праўдзівыя гісторыі пра Цмока? Лістуйце на
razam@budzma.org!
Па-другое, у вандроўкі мы едзем не з пустымі рукамі, а з шыкоўнымі шыльдамі “Тут жыве беларускі Цмок!”. Дзе найлепей іх павесіць? Дасылайце парады і адрасы!
Па-трэцяе, мы шукаем экскурсаводаў-цмакаводаў на месцах. Зрабіцеся нашым экспертам — і атрымайце цмачыныя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Нарэшце, мы загадзя паведамляем вам “цмачыныя” маршруты, каб вы выпраўляліся ў пошуках Цмока паралельна з намі!
Нехта спытаецца: чаго вы так ухапіліся за гэтага Цмока? Усё вельмі проста. За Цмока — не значыць супраць бусла і зубра, традыцыйных турыстычных сімвалаў Беларусі. Зразумець Цмока, седзячы ў Мінску, цяжка. Аднак толькі мы выехалі за кальцавую, як пачалося! Вось цацка Цмока ў краме, вось аповед старога дзеда пра магілу Цмока, вось скульптура ў выглядзе Цмока на падворку аграсядзібы… Нічога не трэба прыдумляць — вось яно ўсё, сапраўднае!..
Цмок — не толькі “ўсходняя” істота, як часам мяркуюць многія. Цікава, што першы карабель Вялікага княства Літоўскага меў назву “Цмок”. Як цвердзіць адзін з нашых экспертаў, артыкул “У абарону Цмокаў” быў нават у Статуце ВКЛ. Казкі і страшылкі пра Цмока і цяпер жывуць у вёсках і мястэчках. Але беларускі Цмок — не толькі і не столькі адмоўная істота. Цмокам пужалі п’яніц, Цмокам палохалі хуліганаў, у Цмока прасілі дапамогі ў часы ліхалецця. Беларускі Цмок быў чысцёхам — вельмі любіў мыцца ў лазні. Сябраваў з кавалямі, якія ўмелі дачыняцца з агнём. У некаторых легендах быў шаўцом, краўцом — карацей, майстар на ўсе рукі!
Мы едзем у пошуках Цмока не каб прыдумаць яго, а каб вярнуць з глыбіні народнай памяці. Цмок — гэта як беларуская мова: тое, што робіць нас адметнымі і ўнікальнымі.
Дык едзьма ў пошуках Цмока разам!
Глеб Лабадзенка, цмоказнаўца
Фота: Аляксандр "Таранціна" Ждановіч
Дзякуем кампаніі “Атлант-М Брытанія”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы магутным джыпам Land Rover нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!
Атлант-М Брытанія
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінск, вул. Аэрадромная ,125А
тэл. + 375 (17) 335 33 33
Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”