Тэкст Глеб Лабадзенка
Фота Аляксандр "Таранціна" Ждановіч
Як вы добра памятаеце, экспедыцыя “У пошуках Цмока” ўжо пабывала на Наваградчыне (РАЗ, ДВА), Веткаўшчыне (РАЗ, ДВА) і Глыбоччыне з Браслаўшчынай (РАЗ, ДВА), пасля чаго мы скіраваліся пад Ваўкавыск, дзе даследавалі 5000-гадовыя крамянёвыя шахты і сучасныя крэйдавыя кар’еры. За гэтыя хітрыкі Цмок ледзь не патапіў нас у рацэ Ваўпянцы, аднак усё абышлося перапудам. Мы абтрэсліся і рушылі далей.
Шчэчыцы. Цмок, які з’явіўся нам у выглядзе вясёлкі
Між Воўпай і Шчэчыцамі дарогу нам перабягае трус, якога паспявае злавіць у палёце аб’ектыў нашага фатографа Аляксандра Ждановіча.
Над кукурузным полем, як сцяг прыгажосці, уздымаецца вясёлка.
— Вясёлка, дарэчы, — адзін з сімвалаў Цмока! — заўважае наш спадарожнік Аляксандр Куль, адзін з самых тытулаваных беларускіх баскетбалістаў, дырэктар па маркетынгу клуба “Цмокі-Мінск”.
Шчыра дзіўлюся, адкуль такія глыбокія веды ў цмачынай справе!
— Матчастку трэба ведаць! — смяецца спадар Куль. — Я калі рыхтаваў перайменаванне клуба “Мінск-2006” у “Цмокі-Мінск”, актыўна шукаў розныя паданні і гісторыі пра цмокаў. Яшчэ Іван Насовіч фіксаваў версію, што Цмок — гэта вясёлка, якая высмоктвае ваду з ракі і перапампоўвае яе назад на неба. Бо задача Цмока — пільнаваць ваду, захоўваць яе баланс.
Любуемся Цмокам у выглядзе вясёлкі і рушым далей.
У Шчэчыцах знаходзім старое маляўнічае дрэва. Ці то яно само зрабілася такім ад веку, ці то яго разбіла маланка — няведама.
На суседнім дрэве мясцовыя цмачаняты змайстравалі ладны шалаш.
А вось і аб’ект нашай увагі — капліца-пахавальня Ябланоўскіх XVIII стагоддзя.
Некалі тут жыў Аляксандр Ябланоўскі, вядомы навуковец і наваградскі ваявода. Пазнейшыя ўладальнікі Эйсымонты збудавалі тут ладную сядзібу, якую ў свой час маляваў Напалеон Орда. Аднак перажыць войны палацу не было наканавана. Захавалася толькі некалькі гаспадарчых пабудоваў.
Лёс роду Ябланоўскіх губляецца ў гісторыі. Аднак іх капліца-пахавальня, нават знявечаная і разрабаваная за савецкім часам, нясе памяць пра гэтых людзей.
Маштабы яе каласальныя — супастаўныя, скажам, з мінскім Чырвоным касцёлам.
Прыкметна, што капліца-пахавальня ў Шчэчыцах вельмі блізкая па архітэктуры да касцёла ў Воўчыне, што пад Каменцам. А Воўчын, як вядома, стаў вечным прытулкам апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Туды, магчыма, нашая экспедыцыя яшчэ дабярэцца — тады і спынімся на гэтай гісторыі падрабязней.
Рэпля. Агромністы касцёл пасярод маленькай вёскі
У Рэплю завітваем, каб убачыць велічны касцёл Панны Марыі 1902 года.
Ведаеце, гэта заўжды неймаверна ўражвае, калі сярод вясковых хат раптам узвышаецца здаравенны храм, які б упрыгожыў любы вялікі горад — і якому няма роўных у большасці нашых вялікіх гарадоў, бо там камуністы асабліва шчыравалі ў руйнаванні нашай памяці і месцаў спатканняў беларусаў з Богам…
Рэпля вядомая з 1558 года. Мястэчкам валодалі Адахоўскія, Ясенскія, Карпы, Масальскія, Сцыпіёны, Валовічы. Даўні рэплеўскі касцёл згадваецца ўжо пры канцы XVII стагоддзя (не захаваўся). Цяпер у Рэплі каля 150 хат, афіцыйна гэта аграгарадок.
Апроч касцёла тут можна пабачыць і цікавую капліцу-пахавальню з псеўдагатычнай вежай, бы ў нейкім замку. Рамантыкамі былі нашыя продкі! Нават тады, калі замкі ўжо былі не па кішэні і не па становішчы, прагнулі адгалоскаў залатой пары нашай гісторыі!..
Вярэйкі. Касцёл 1840 года
Праязджаем праз вёску Вярэйкі. Назва вёскі, паводле адной з версіяў, паходзіць ад тутэйшай ракі Верацейка. Пры самай дарозе — касцёл Панны Марыі 1840 года (паводле іншай версіі — 1848-га).
Пасля паўстання Каліноўскага быў перададзены праваслаўным, бо каталікі горача падтрымалі барацьбітоў за нашу і вашу свабоду.
Пры касцёле ў 1920-я гады была ўзведзеная вежа-званіца.
Шылавічы. Адзін з найвышэйшых беларускіх касцёлаў
Гэтаксама, як адразу некалькі мясцін у Беларусі спрачаюцца за тытул цэнтра Еўропы, так і некалькі беларускіх касцёлаў прэтэндуюць на званне найвышэйшага. Адзін з іх, у Відзах, мы наведалі ў час вандроўкі на Браслашчыну і Глыбоччыну. Цяпер дабраліся і да іншага прэтэндэнта — Траецкага касцёла 1907 года.
Яго вышыня — каля 55 метраў. Вызначыць, які з трох найвышэйшы (трэці — у Гервятах) вельмі складана. Бо адны мераюць са шпілем, другія — без шпіля; адны — з крыжам, другія — без крыжа… У кожным разе, касцёл у Шылавічах — адзін з найвышэйшых у Беларусі, і яго варта пабачыць.
— Адкуль вы такія ўзяліся з фотаапаратамі? — пытаецца мілая прадавачка ў прыватнай краме непадалёк ад касцёла.
Расказваем пра экспедыцыю “У пошуках Цмока”.
Прадавачка загадкава пасміхаецца:
— Дык заставайцеся ў Шылавічах! У нас шмат прыгожых дзяўчат, якія таксама даўно прагнуць пашукаць Цмока!
З жалем вымушаныя раскланяцца, бо наперадзе яшчэ колькі запланаваных цікавостак!..
Выходзім з крамы і - вы не паверыце! - бачым воблака ў выглядзе галавы Цмока! Прыгледзьцеся: злева вуха і вока, справа - нос.
Падароск. Цмок жыве ў маёнтку Паўла Бераговіча!
Дабіраемся да Падароска, які парнай туманнай дымкаю пачынае павольна занурацца ў вечаровыя прыцемкі. Найперш бачым маёнтак з-за сажалкі — адкуль ён глядзіцца асабліва рамантычна і прыгожа.
Аднак спяшаемся, каб апярэдзіць змрок.
Палац у Падароску — унікальная і, на вялікі жаль, рэдкая для Беларусі з’ява. Ён і цяпер мае гаспадара — пана Паўла Бераговіча.
Мінулай восенню спадар Павел набыў гэтую сядзібу за 120 тысяч даляраў, каб зрабіць тут… музей беларускай шляхты!
Пан Бераговіч — незвычайны чалавек.
Сам з Екацерынбургу, але бабуля — з Чашніцкага раёна. Выйшла замуж за чыгуначніка, якога потым перавялі служаць у Расію. Павел — паспяховы бізнэсовец, за што і пацярпеў: у выніку разборак і перадзелу ўплываў быў адпраўлены за краты, дзе адбыў 5 гадоў.
Менавіта там і пачаў прыгадваць свае беларускія карані, асвяжаць у памяці беларускія словы бабулі. Замовіў поштаю беларускамоўныя кнігі — і да моманту вызвалення ўжо бліскуча размаўляў па-беларуску! Першай кнігай, прачытанай на нашай мове, было ліставанне Быкава і Барадуліна.
Прыехаўшы сюды і пабачыўшы стан культуры, заняўся мецэнацтвам: фундаваў некалькі кніжак, заснаваў літаратурную прэмію “Дэбют”, потым набыў сядзібу ў Падароску.
Мне пашчасціла пазнаёміцца з Паўлам і запытацца: што яго так торкнула ў беларушчыне? Гісторыя Расіі вялікая, ёсць чым захапляцца і там — што ж пацягнула сюды?.. На што Бераговіч адказаў:
— Гісторыя Расіі — яна вялікая, так. Але яна імперская, з пазіцыі сілы заўсёды. І калі пачынаеш гэта вывучаць, бачыш, што ўся гісторыя звязаная з гвалтам. Робіцца крыўдна за той бок, які спазнаў гэты гвалт. Беларусь была аб’ектам гэтага імперскага ціску. І гэта ўсё працягваецца — замоўчванне гісторыі, вялікіх персон...
…Падыходзім да маёнтка. Яго брама — асобны твор архітэктуры.
Прываблівае позірк і агароджа, дзе навершы слупоў выкананыя ў выглядзе брылёў з дробных вострых каменьчыкаў — здалёк увогуле ствараецца ўражанне дранкі.
Кіруем да сядзібы. Перад ёй — станцыя мясцовых ратаўнікоў.
— А вы ведаеце, што гэта прыватная ўласнасць? — выходзіць нам насустрач МНСавец.
Рапартуем, што нават ведаем, чыя. Тэст пройдзены — і ратаўнік тлумачыць нам, дзе ў плоце спецыяльна пакінутая дзіра для цікаўных.
Звонку сядзіба больш-менш у парадку, бо накрытая дахам і не спазнала вялікіх разбурэнняў.
Усярэдзіне ўжо вычышчана смецце, але аднаўляць тут і аднаўляць…
Гэты працэс, дарэчы, ужо пачаўся. Як расказаў Павел Бераговіч, пры дапамозе навукоўцаў ужо абдумваецца праект аднаўлення. Спачатку мусіць ажыць коўня і афіцына, потым стайня, потым — сам палац. Паралельна будзе прыводзіцца ў цывілізаваны выгляд сядзібны парк. Глядзіш на палац — і верыш, што неўзабаве ён будзе гэткім жа гожым і дагледжаным, як і пры першых уладальніках — панах Бохвіцах.
Дарэчы, захавалася тут і пахавальня Бохвіцаў, але ў разрабаваным выглядзе.
На развітанне чапляем на закалочанае акно сядзібы шыльду “Тут жыве беларускі Цмок”.
Хо-хо! Ужо праз пару дзён мы ўбачым яе ў фэйсбуку Паўла Бераговіча з дасціпным каментаром: “Цмок заняў ў сядзібе адзін пакойчык з цудоўнай чырвонай канапай...”
На дварэ ўжо змрок, самы час пашукаць у лесе пад недалёкім Слонімам таямнічы расколаты валун…
Якімовічы: Альберцінаў валун, які раскалоў Цмок!
Прамінуўшы сам Слонім, едзем у лес.
Літаральна за 3 кіламетры ад маёнтка Альберцін (які цяпер уваходзіць у рысу горада), паблізу вёскі Якімовічы, спрабуем адшукаць у лесе валун. У думках дзякуем Андрэю Дыбоўскаму, аднаму з нашых экспертаў, стваральніку сайта “Глобус Беларусі”. Андрэй клапатліва нанёс гэты валун (як і сотні іншых беларускіх помнікаў) на мапу навігатара — што дазваляе знайсці яго практычна адразу.
“Ну нарэшце Аляксандр Куль хоць з нечым побач не адчуе сябе Гуліверам!” — думаю я, гледзячы на агромністы расколаты валун. Ён — помнік прыроды, побач стаіць ахоўная шыльда з надпісам: “Камень-следавік і культавыя крыніцы перыяду бронзавага веку VII—І тысячагоддзе да нашай эры”.
Ого! Дык нашаму каменьчыку, паводле самых смелых падлікаў, 9 тысяч гадоў! І гэта толькі той час, калі ім апекаваліся людзі. А ледавік прынёс яго нашмат раней…
Аляксандр Куль выдае нам звесткі, хто і навошта раскалоў гэты валун.
— Паводле старадаўніх беларускіх паданняў, Цмок жыве ў камяні, — аўтарытэтна кажа пан Куль. — І аднойчы Цмок закахаўся ў дзяўчыну. Выйшаў з каменя да яе і папрасіў пабудзіць яго, калі па небе будзе ляцець святы Георгій, каб паспець уцячы. Але яна таго не зрабіла — святы Георгій убачыў цмока і пачаў лупіць яго маланкамі. Цмок уцякаў у выглядзе зайца, атрымаў маланкай — стаў ваўком. Дастаў маланкі — стаў канём. Атрымаў маланкай — ператварыўся ў чалавека і схаваўся ў свой камень. Але святы Георгій убачыў гэта — і лупануў у камень. Ну вось і маем…
Відэаверсія аповеду Аляксандра Куля.
Пры пэўнай долі фантазіі і патрэбным асвятленні на валуне можна пабачыць профіль чалавека...
Ёсць і мясцовая легенда наконт таго, чаму валун аказаўся расколатым. Вяртаўся неяк пан Войцех Пуслоўскі ў свой маёнтак Альберцін, і тут грымнула навальніца. Пуслоўскі пабачыў агромністы валун з вялікім выступам — і схаваўся пад ім ад залевы. Ажно тут заіскрылі маланкі — і адна з іх зарадзіла ў гэты самы валун. Валун раскалоўся на дзве няроўныя часткі, але пану Пуслоўскаму — хоць бы што. За такое шанцаванне Войцех вырашыў аддзячыць валуну, перавезці яго да свае сядзібы і паставіць на самае бачнае і ганаровае месца. Работнікі пачалі выкопваць валун — і паглыбіліся да яго асновы ажно на 4 метры. А валуну канца і краю не відаць! Тады пан Пуслоўскі зразумеў, што на ўсё воля Божая — і пакінуў валун у спакоі, паставіўшы каля яго крыж. Сучасныя жыхары Слоніма мянуюць валун “Камень закаханых”, што маляўніча падмацоўваюць шматлікія надпісы кшталту “Ваня + Лена = любоў”. Што казаць, зацішнае месца ў глухім лесе ўсяго за 3 км ад Слоніма як мага лепш пасуе для “Каменя закаханых”!
На гадзінніку — далёка за поўнач. Самы час схапіць паходні і заняцца вогнепісаннем! Сябры, клянуся, ні грама фоташопа (толькі ч/б зрабілі)!
На развітанне Аляксандр Куль прымацоўвае высока на дрэве нашую фірмовую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок”. Думаецца, слонімскія закаханыя парачкі будуць не супраць.
Дзякуем кампаніі “Атлант-М Брытанія”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы магутным джыпам Land Rover нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!