Экспедыцыя аб’едзе ўсю Беларусь ад Браслава да Турава
Пра беларускага Цмока
Праект “У пошуках цмока” агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!” выходзіць на новы этап! У папярэдніх частках мы даведаліся, што цмок – гэта ці не больш натуральны сімвал Беларусі, чым бусел ці зубр! Альбо, прынамсі, хай бусел з зубром застаюцца сабе недзе побач з цмокам.
За гэты час мы паспелі пачуць самыя розныя водгукі на наш праект – адны ставяцца скептычна, іншыя ганяць, але шмат людзей успрынялі нашую “цмачыную” ініцыятыву захоплена і пазітыўна! Што казаць, калі за гэты час найлепшая баскетбольная каманда Беларусі была перайменаваная ў “ЦМОКІ”, а ўлады Лепеля абмяркоўваюць цмока ў якасці сімвала краю…
Надышоў час убачыць беларускага цмока! Але дзе яго шукаць? Кампанія “Будзьма беларусамі!” звярнулася да шэрагу экспертаў – даследчыкаў, фатографаў, вандроўнікаў, журналістаў… Адным словам, “цмоказнаўцаў”!
Мы папрасілі шаноўных экспертаў скласці маршрут: куды найлепей ехаць у пошуках беларускага цмока? Паралельна суразмоўцы расказалі нам проста незлічоную колькасць цікавостак пра айчынных цмокаў – і колькі тыпаў існуе, і дзе яны звычайна жывуць, і як іх звалі, і ці былі сярод іх “цмачыхі”…
Вынікі гутарак з экспертамі можна ўбачыць у раздзеле "Дзе шукаць беларускага цмока?.."
Памятайце, што за беларускага цмока трэба галасаваць сэрцам, а не розумам! Бо наш цмок – гэта як планета Марс: калі вы яго не бачылі на свае вочы, гэта не значыцца, што яго няма!
А нас неўзабаве чакаюць новыя падарожжы "У пошуках цмока"!..
Падрабязней пра беларускага Цмока можна даведацца ад нашых экспертаў:
Каб даведацца, дзе ж шукаць беларускага цмока, мы апыталі 7 найлепшых у Беларусі экспертаў-цмоказнаўцаў. У выніку мясцін, дзе прынамсі раз бачылі цмока, назбіралася ў нас ажно 73!
Першым экспертам была адзіная жанчына ў спісе -- і таксама адзіная ў Беларусі жанчына-доктар тэалогіі і доктар філасофіі Ірына Дубянецкая. Спадарыня Ірына падыйшла да складання Маршрута па-навуковаму: на падставе фальклору і ўласных экспедыцый падзяліла беларускіх цмокаў на 9 асноўных відаў – і пералічыла, дзе якіх можна адшукаць. Атрымаўся такі во спіс.
1. Валэйкішкі (Астравецкі раён). Цытата: “Тут жыў цмок, што бавіўся з вялікім каменем і не даваў людзям прайсці. І тады адзін разумны чалавек здагадаўся, што рабіць. Ён узяў барана, злупіў з яго скуру, заліў яе “смалою і серкай” і паставіў каля каменя. Цмок пабачыў барана, зубамі яго — цуп! Гарачая смала заліла яму глотку, цмок зароў і падох”.
2. гара Замкоўка (Астравецкі раён). Цытата: “Свіння рыла-рыла і дарылася да падземных цмокаў”. На Астравеччыне ёсцьгара Замкоўка, дзе “была дзірулёха», куды “кінеш камень, і ён не стукае, а толькі по-о-отым стукане”.
3. Гальшаны (Ашмянскі раён). Цытата: “Такая гара з дзіркай была і проста пасярод Гальшанаў: “Кінеш пятак — а ён дзынь-дзынь-дзынь-дзынь”. Натуральна, у такіх “дзірулёхах” жыў цмок”.
4. Тураў (Жыткавіцкі раён). Цытата: “Гісторыя заснаванняТураватаксама звязаная з цмокам. Тур быў князь альбо цмок — версіі розняцца. Факт у тым, што паводле дамовы князя і цмока яны дзеляць свет: князю — верхні, цмоку — ніжні”.
5. Менск. Цытата: “Мы ўсе ведаем, што Менеск, які заснаваў Менск, быў млынаром. І млын, які ён пабудаваў на Менцы, малоў камяні. І ён на сваім млыне лётаў. Так што Менеск, цалкам магчыма, быў цмокам”.
6. Крывазнакі (Вілейскі раён). Цытата: “На рацэ Вяллі быў засценак Крывазнакі — цяпер гэта вёска. Там рака робіць 9 петляў. Кажуць, цмок ставіў знакі на ўсіх паваротах, каб папярэдзіць людзей, якія плылі да Вілейкі, што там водмель ці вір”.
7. Гоцк (Салігорскі раён). Цытата: “Цмока-ахвяру звалі Гоц — у нас ёсць вёскаГоцкна Салігоршчыне. Людзі знайшлі дзіўную жывёліну, закавалі ў кайданкі — і па кладачках да пана павялі. Кайданкі па кладачках клацалі, казалі “гоц-гоц” — і ўсе патанулі, безумоўна. Разам з цмокам”.
8. возера Свіцязь (Наваградскі раён). Цытата: “Што казаць, калівозера Свіцязь— на месцы горада, які сышоў пад ваду! Цмок такім чынам карае таго, хто робіць зло ў замку, царкве ці горадзе”.
9. Багданаўка (Шчучынскі раён). Цытата: “У Шчучынскім раёне, у вёсцыБагданаўка,возера мералі вяроўкамі, а цмок адказваў: “Не мерай вяроўкаю, бо памераеш галоўкаю!..” І гэтае возера, безумоўна, не замярзае ў самыя лютыя маразы”.
10. Каменка (Уздзенскі раён). “У вёсцыКаменкана Уздзеншчыне людзі так і гавораць: за гэтым каменем хаваўся Вялес — і Пярун разбіў яго на дробныя каменьчыкі”.
Наш другі эксперт, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі мяркуе, што звычайна цмокі жывуць у Чорных азёрах, якіх у Беларусі ажно 26. І побач звычайна сустракаецца і Белае возера! Пункты атрымаліся такія.
11. Вуліца Сухая ў Менску – Змеева гара. Цытата: “Гэта самае высокае месца ў Мінску -- і цяпер тут лёгка ўгадваецца гара. Дык вось, раней яна называлася Змеевай, бо тут жыў цмок!”
12. Чорнае (і побач Белае) возера (Брэсцкі раён). Цытата:“І, што цікава, этнографы звязваюць паданні пра цмокаў з назвамі азёраў Чорных. Асабліва там, дзе побач з возерам Чорным ёсць возера Белае!”
13. Чорнае і Белае возера (Выганашчанскія азёры, Івацэвіцкі раён). Цытата: “Натуральна, з нячысцікамі звязваюць Выганашчанскія азёры, дзе таксама ёсць азёры Чорнае і Белае — і шмат адпаведных паданняў”.
14. возера Спораўскае (мяжаБярозаўскагаіДрагічынскага раёнаў). Цытата: “Непадалёк ёсць возера Спораўскае, дзе таксама, як кажуць нашыя гумарныя спораўцы, якія ўсё жыццё мыюцца ў тым возеры, пры жаданні можна ўбачыць цмока!”
15. Чырвонае возера (Жыткавіцкі раён). Цытата: “Князь-возера, альбо Жыд-возера -- цяпер завецца Чырвоным. Народныя ўяўленні і паданні, апроч легенды пра Радзівілаву каханку (габрэйку з мястэчка Жыткавічы), сведчаць пра тое, што менавіта дзякуючы цмокам тая рамантычная гісторыя і скончылася…”
16. возера Дракон (ці Дракона) (Лепельскія азёры, Лепельскі раён). Цытата: “Паданні пра лепельскіх цмокаў добра вядомыя. Гэтыя паданні прыгадаў, напрыклад, Уладзімір Караткевіч у кнізе “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Там ёсць возера, якое так і завецца — Дракон. Дарэчы, ні ў кога з суседзяў возера з такой назвай няма”.
17. возера Кайман (Астравецкі раён). Цытата: “З Лепельшчыны павернем на Астравеччыну, дзе ёсць славутыя Саранчанскія азёры, адно з якіх завецца Кайман!”
18. возера Балдук (Мядзельскі раён). Цытата: “Па-балцку гэта і азначае “нячысцік”. Тыя, хто там бываў, добра ведаюць, што гэта можа быць і не байка — надта часта і надта шмат з гэтага возера выводзяць розныя гісторыі пра цмокаў!”
19. Асвейскае возера (Верхнядзвінскі раён). Цытата: “Такім чынам, адна галава згубіцца недзе на Верхнядзвіншчыне — там, дзе велізарнае Асвейскае возера мяжуе з Латвіяй і Расіяй, дзе ёсць велізарны востраў, з якім таксама звязаныя казкі пра нейкіх цмокаў”.
20. Чорнае возера (Сенненскі раён). Цытата:“Другая галава, абмінуўшы возера Чорнае ў Сенненскім раёне, пакладзецца на Чорнае возера на Гарадоччыне, побач з возерам Езярышчам на самай мяжы з Расіяй”.
21. Чорнае возера (Гарадоцкі раён).
22. возера Езярышча (Гарадоцкі раён)
23. возера Чорнае (Расонскі раён). Цытата: “І трэцяя галава будзе ў нас у Расонскім раёне, дзе таксама ёсць возера Чорнае, у якім жыве, як кажуць людзі, нейкі цмок”.
Наш трэці эксперт, старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч вывеў сваю тэорыю пра “беларускі” след Змея Гарыныча і ягоную сувязь з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком. Пункты маршрута выйшлі такія.
24. Лепельскае возера. Цытата: “Вельмі часта на гэтым возеры знікалі рыбакі – а потым на бераг возера цмокі выкідалі іх быццам напалову перакушаныя чаўны. Ад саміх рыбакоў не заставалася нічога. Таму з’явілася паданне, што іх паядае цмок”.
25. Ушаччына. Цытата: “А Вушаччына – гэта Быкаў, Барадулін, Броўка… Вось яны – цмокі! Хоць не магу сказаць напэўна…”
26. Давыд-Гарадок. Цытата: “Усе мы памятаем Змея Гарыныча. А чаму Гарыныч? Ды таму, што з рэчкіГарынь, на якой стаіцьДавыд-Гарадок! А ў нас ёсць цудоўны беларускі паэтЛеанід Дранько-Майсюк, які нарадзіўся ў Давыд-Гарадку на рэчцы Гарынь! Я лічуЛеаніда Дранько-Майсюкавось такім цудоўным рафінаваным беларускім цмокам!”
27. Чырвонае возера (Жыткавіцкі раён). Цытата: “Наколькі я памятаю, існавала паданне пра цмока, які жыве таксама ўЖыд-возеры Жыткавіцкага раёна. Іншая назва – Князь-возера, а цяпер яно называецца Чырвонае…”
28. Выганашчанскае возера (Івацэвіцкі раён). Цытата: “Ёсць паданні, што цмокі існавалі таксама ўВыганашчанскім возеры (Івацэвіцкі раён). Адным словам, чым бліжэй да Палесся – тым болей цмокаў!”
29. Віцебскі раён. Цытата: “Калі пачытаць Яна Баршчэўскага, то наш азёрны край, Паазер’е –Віцебшчына, Гарадоччына, Полаччына… Дык там не толькі цмокаў, там усякай нечысці ў азёрах хапае!”
30. Гарадоцкі раён.
31. Полацкі раён.
32. возера Лочынскае (Асіповіцкі раён). Цытата: “У Асіповіцкім раёне ёсць лясное возера Лочынскае, такое кругленькае люстэрка вады – недзе метраў 500 у дыяметры. Адна бабуля казала мне, што яе бабуля апавядала, што там жыла “нейкая істота”. І нават нейкія гукі адтуль было чуваць…”
Наш чацвёрты эксперт, фатограф і ўладальнік турыстычнага выдавецтва “Рыф-тур” Сяргей Плыткевіч цмока на свае вочы не бачыў. Таму проста пералічыў загадкавыя месцы, дзе мог бы жыць цмок.
33. возера Ельня (Мёрскі раён). Цытата: “Ельня– гэта самае вялікае верхавое балота ў Еўропе. Мясцовыя жыхары кажуць, што каля гэтага вострава ёсць схаваны замак ці палац, які сышоў пад ваду… Дабрацца туды настолькі складана, асабліва летам, што цмоку, відаць, там жылося б цудоўна!”
34. возера Рассалай (заказнік “Казьяны”, Шумілінскі раён). Цытата: “Тут на балоце, наадварот, вельмі многа маленькіх азёр цікавых формаў. Самае вялікае там возера – Рассалай, дзе таксама “вельмі цікава і загадкава…”
35. возера Струста, востраў Чайчын (Браслаўскі раён). Цытата:“А на тым востраве ёсць яшчэ адно ўнутранае возера! Яно хаваецца за расліннасцю – і да яго ўвогуле мала хто дабіраецца. Для цмока – найутульнейшае месца!..”
36. Палессе. Цытата:“Нездарма, кажуць, там бываў Герадот – і апісаў тут мора, якое цяпер умоўна завецца “мора Герадота”… Ёсць сведчанні, што ўся гэтыя нізіна сапраўды была залітая вадой. Таму калі і быць цмокам, то абавязкова на Палессі!..”
37. Белавежская пушча. Цытата: “А на балоце ўБелавежскай пушчыя пачаў раптам хадзіць па колу – і радыюс склаў усяго метраў 200. Я не хачу сказаць, што там сядзеў цмок і мяне кружыў, але…”
38. нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Цытата: “Унацыянальным парку“Прыпяцкі”запраста магла б быць рэзідэнцыя беларускага Цмока! Прычым, каб турыстаў не падвозілі на аўтобусе да дзвярэй – а па-сапраўднаму, на чаўнах дабірацца!”
39. Альба (Нясвіжскі раён). Цытата: “Там і да сёння захавалася сетка з васьмі каналаў у выглядзе сонейка, закладзеная ячшэ Пане Каханку. У цэнтры “сонейка” – востраў, з усіх бакоў аточаны вадой. Некалі на ім стаяла вытанчаная альтанка Радзівілаў. Чароўнае месца!.. Мяркую, тут можа жыць толькі шляхетны цмок!”
40. Арэвічы (Хойніцкі раён). Цытата: “Я там нядаўна быў ужо ў прыцемках, побач могілкі, цені паўсюль… А як яшчэ сава пачала ўгукаць – ажно халадок па скуры ідзе. Падыходзячае месца для цмока!..”
41. Бабруйск. Цытата: “Яўрэйскі цмок, безумоўна, жыве ўБабруйску, татарскі – у Іўі, рускі – у стараверскайВетцы, польскі – у каралеўскімГродна…”
42. Іўе.
43. Ветка.
44. Гродна.
Пяты эксперт, супрацоўнік Веткаўскага музея Андрэй Скідан прызнаўся, што ён з цмокамі “у някепскіх стасунках”. І склаў маршрут выключна па тых мясцінах, у якіх упэўнены – па роднай Гомельшчыне.
45. Чачэрск. Цытата: “Апроч круглай царквы (без вуглоў – каб адпужваць цмока), тут трэба паглядзець ратушу. Яна з такой драўлянай вежай, падобнай да галавы цмока. Але гэтая вежа якраз выкарыстоўвалася як каланча — каб назіраць, дзе цмок учыніў пажар”.
46. Гомель. Цытата: “Тут быў сакрэтны стратэгічны аб’ект — развадны мост праз Сож. Развадны – бо думалі, што цмок не здольны пералятаць, дык каб ад яго засцерагчыся”.
47. Добруш. Цытата: “У добрушскіх ліштвах сустракаецца вялікая колькасць цмачынай і вужынай сімволікі”.
48. Змееў курган (пад Добрушам). Цытата: “Пад Добрушам ёсцьЗмееў курган— гэта таксама ад таго, што шмат вужоў (а значыць, і цмокаў) у наваколлі…”
49. Ветка. Цытата: “У драўлянай архітэктуры Веткі таксама былі некалі ліштвы з цмокамі, і не проста так… “
50. Хальч (Веткаўскі раён). Цытата: “Не хачу анансаваць прысутнасць там цмокаў (хоць гэта і відавочна). Проста зазірніце, як будзеце мець час”.
51. Свяцілавічы(Веткаўскі раён). Цытата: “Назва Свяцілавічы — бо побач ёсць Свяцілішча (якое яшчэ завуць Чортава гара)… Нехта мяне спытае, чаго я звязваю тое Свяцілішча з цмокамі. Запярэчу: а ці ёсць падставы не звязваць?”
52. Будзішча (Чачэрскі раён). Цытата: “У вёсцыБудзішчаёсць перапілаваны камень, а таксама дзікая крыніца — вельмі маляўнічая, цяжка да яе дабрацца! Гэтую крыніцу таксама звязваюць з цмокам”.
53. Нясімкавічы (Чачэрскі раён). Цытата: “УНясімкавічахцмачыны камень на могілках, непадалёк недапілаваны руднічны молат ляжыць…”
54. Рудня Нясімкавіцкая (Чачэрскі раён). Цытата: “Усіх козыраў адкрываць не буду, каб няшчырыя людзі не нашкодзілі, але раю зазірнуць таксама ў вёскіРудня Нясімкавіцкая, Рудня Барталамееўская, Воласавічы…”
55. Рудня Барталамееўская (Чачэрскі раён).
56. Воласавічы (Чачэрскі раён).
Наш шосты эксперт Андрэй Барашка – кіраўнік турыстычнага парталу Holiday.by – падыйшоў да распрацоўкі Маршрута беларускіх цмокаў з пункту гледжання маркетолага.
57. заказнік “Сярэдняя Прыпяць” (Пінскі раён). Цытата: “Я не вынаходжу ровар – таму гляджу ў бок палескіх балотаў. Пачвара ёсць пачвара. Таму былое “Мора Герадота” – ладнае для яе месца, тым больш яно мае пэўную гістарычную рэтраспектыву”.
58. Пінск. Цытата: “Хоць па-беларуску было б зрабіць помнік цмоку і церці яго “на шчасце”. І я б ставіў цмока дзе-небудзь уПінску. Бо наўкол ёсць такія балоты, што цмок туды лёгка “ўпісваецца”!”
59. Браслаўскія азёры (Браслаўскі раён). Цытата: “Можна расказаць, што замерзлага цмока прынёс да нас ледавік… Тут лёд растаў, і гэты цмок ажыў у нашым возеры. Дзе і цяпер даволі добра сябе адчувае”.
60. Краснасельскі (Ваўкавыскі раён). Цытата: “Мясцовыя крэйдавыя кар’еры, якія цяпер не выкарыстоўваюцца і затопленыя вадой – цудоўнае “цмачынае месца”. Вада там бірузовага колеру, глядзіцца гэта проста казачна!”
Сёмы эксперт Андрэй Дыбоўскі – стваральнік унікальнай інтэрнэт-энцыклапедыі нашай архітэктуры “Глобус Беларусі” (www.globus.tut.by). Праграміст з адукацыі, спадар Андрэй распавядаў не столькі пра цмокаў, колькі пра незвычайныя мясціны, якія варта было б наведаць.
61. рака Няміга (Менск). Цытата: “А таму як пячораў у нас няма, цмок, натуральна, абраў бы нашую падземную раку Нямігу, якую загналі ў трубы ў першай палове ХХ стагоддзя”.
62. Ружанскі палац Сапегаў (Пружанскі раён). Цытата: “Напэўна, гэта адзіная старая пабудова ў Беларусі, дзе я на свае вочы бачыў два падземныя паверхі. Ну а раз ужо ў нас прынята ўсялякія падзямеллі звязваць з таямнічасцю і загадкавасцю, чаму б нам не ўявіць, што беларускі цмок мог жыць менавіта там?”
63. Лешчынова, урочышча Страпішкі (Астравецкі раён). Цытата: “Там далёка наўкола няма людзей, царква стаіць практычна пасярод лесу. Не ведаю, чаму, але калі вы папрасілі скласці “маршрут беларускіх цмокаў”, мне адразу прыгадалася гэтае месца”.
64. Высокае (Камянецкі раён). Цытата: “Руіны брамы замка Сапегаў уздымаюцца над вадою, наўкол пагоркі параслі дрэвамі — месца вельмі маляўнічае. А калі ўжо мы пасялілі цмока ў падзямелле адной рэзідэнцыі Сапегаў, то ўявім, што перыядычна наш цмок завітваў і сюды”.
65. Навадзявяткавічы (Слонімскі раён). Цытата: “Некалі тут стаяў вялікі палац Слізняў. Як кажуць мясцовыя жыхары, яго знішчылі партызаны ў канцы вайны. Але ад палацазахаваліся падземныя хады — адзін нібыта да касцёла, другі — у панскі парк. Так што калі казаць пра таямнічыя падзямеллі, то гэты пункт мусіць трапіць у маршрут дакладна!”
66. Грушаўка (Ляхавіцкі раён). Цытата: “Там захавалася адна з самых маляўнічых у Беларусі пахавальняў. Векавыя дрэвы і агромністая пахавальня ў рэтраспектыўна-гатычным стылі робяць гэтае месца асабліва ўзнёслым. Не будзем сяліць нашага цмока ў саму пахавальню, але сядзець недзе побач у лесе і ахоўваць яе ён бы мог”.
67. Стайкі (Баранавіцкі раён). Цытата: “Гэтая сядзіба — прыклад нашай сённяшняй нядбайнасці. І такіх сядзібаў у нас сотні. Я не супраць, каб знайшліся людзі, якія “паселяць” туды цмока ці каго яшчэ. Калі гэта дапаможа ўратаваць нашыя помнікі архітэктуры — цудоўна!”
68. Парэчча (Пінскі раён). Цытата: “Для разнастайнасці маршруту паселім нашага ўяўнага цмока ў… самы вялікі нямецкі бліндаж часоў Першай сусветнай вайны! Бліндаж, нібыта, двухпавярховы — яшчэ адзін паверх ідзе пад зямлю і цяпер завалены смеццем”.
69. возера Свіцязь (Наваградскі раён). Цытата: “Яно незвычайна прыгожае. Ды і Міцкевіч нездарма ўславіў яго ў сваёй паэме. Калі б я быў цмокам, то напэўна пасяліўся б менавіта тут!”
70. Юравічы (Калінкавіцкі раён). Цытата: “28 тысяч гадоў таму нашыя продкі арганізавалі тут адну з самых першых стаянак (паселішчаў) на тэрыторыі Беларусі. А косткі, біўні і нават зубы мамантаў можна пабачыць у мясцовым школьным музеі! Так што, калі цмока не знойдзеце, прынамсі гэта паглядзець вельмі цікава!”
71. Пустынкі (Мсціслаўскі раён). Цытата: “Паводле легенды, гэты манастыр заснаваў вялікі князь Альгерд у 1380 годзе. Сын Альгерда Лугвен аслеп, і нехта параіў яму прыйсці да цудадзейнай крыніцы ў гэтым месцы. Крыніца дзейнічае і цяпер”.
72. Рэчкі (пасёлак Першамайскі) (Веткаўскі раён). Цытата: “Гэтая сядзіба канца ХІХ стагоддзя трапіла ў Чарнобыльскую зону. Атмасфера там асаблівая, вельмі трывожная. Думаю, людзі з добрай фантазіяй могуць уявіць недзе там і цмока…”
73. Вялікая Сваротва (Баранавіцкі раён). Цытата: “Гэта адзіная ў Беларусі трохвугольная царква! Зразумела, што без цмокаў тут ніяк абысціся не магло! Яшчэ некалькі гадоў таму яна стаяла ў руінах і рабіла асабліва таямнічае ўражанне. Але цяпер святар аднавіў яе, дзякуй яму. Таму ў самім храме цмока ўжо дакладна няма, але наўкол пашукаць можаце!”
Ірына Дубянецкая. Адзіная ў Беларусі жанчына — доктар тэалогіі, а таксама доктар філасофіі. Цмокі — яе вялікае захапленне. Пра беларускіх цмокаў спадарыня Ірына расказвае так, нібыта з адным піла зранку каву, а другі араў ёй агарод на лецішчы. На прапанову кампаніі “Будзьма!” скласці маршрут беларускіх цмокаў спадарыня Ірына пагадзілася адразу. А калі прыйшла на інтэрв’ю, то мімаходзь заўважыла: “Я тут перад выхадам з дому прыгадвала і налічыла прынамсі 9 відаў беларускіх цмокаў…”
Ідэя кампаніі “Будзьма!” зрабіць цмока новым турыстычным сімвалам Беларусі, папрасіўшы бусла на пенсію, Ірыне Дубянецкай вельмі падабаецца. Аднак пані Ірына смяецца і кажа, што гэтым мы… вынаходзім ровар!
— Мы фактычна не заўважылі слана ў заапарку! — смяецца Ірына Дубянецкая. — Бо думаем, што вось так узялі і прыдумалі сімвалам цмока. Аднак цмок здаўна быў такім нутраным сімвалам Беларусі — нашмат даўней, чым мы можам сабе ўявіць. Даўней, чым бусел — дык дакладна!
Так павялося, што беларусы ўяўляюць сабе сусвет падзеленым на два полюсы: плюс і мінус, чорнае і белае, верх і ніз, гарачае і халоднае, мужчынскае і жаночае.
— “Плюс і мінус” найлепей тлумачыць сутнасць, — заўважае спадарыня Ірына, — бо калі ў батарэйкі ёсць два бакі — то пайшоў ток. У гэтай напрузе ўзнікае жыццё! У нашай цывілізацыі адзін з сімвалаў базавай касмалагічнай бінарнасці — бог-грамаўнік (герой, які стварае свет і апякуецца светам) — і монстр, што ўвасабляе хаос, з якога гэты свет і ствараецца. Ён нябачны, ён хаваецца — і таму часта звязваецца ці то з зямнымі нетрамі, ці то з морам. Гэта цмок, альбо Вялес…
Якасці беларускага цмока спадарыня Ірына пералічвае лёгка: ён мудры, хітры, сядзіць на багацці, ахоўвае яго. Цмока ніхто не бачыў — і таму цмокам палохаюць, як палохаюць заўсёды нечым невядомым.
— Класічная беларуская гісторыя: Пярун нападае на Вялеса і стараецца патрапіць у яго маланкамі, а Вялес хаваецца, — кажа Дубянецкая. — Хаваецца за дрэва — Пярун разбівае дрэва. Хаваецца за камень — Пярун разбівае камень. Хаваецца за каня — Пярун разбівае каня. Вялес хаваецца ў чалавека — і ў чалавечым абліччы Пярун яго забівае.
Усё лагічна як божы дзень. Але за што беларускі Пярун забівае беларускага цмока?
— Тут няма пытання “за што”, ёсць такі панятак — “неабходны герой і неабходны монстр”, — тлумачыць Ірына Дубянецкая. — Толькі забіўшы монстра, герой можа стварыць свет. Ён стварае свет з забітага монстра. Цмок — гэта першасная жыццядайная ахвяра. А Вялес і Цмок — гэта адно і тое ж.
У часе гутаркі высвятляецца, што трохгаловы цмок Змей Гарыныч — гэта выключна рускі персанаж. Нашаму цмоку і аднае галавы хапала, каб даваць прыкурыць няўрымслівым беларусам! Рускаму цмоку адсякаюць адну галаву — вырастае другая, і яго немагчыма знішчыць. У нашага цмока неўміручасць выяўляецца ў іншым.
— Людзі забілі цмока, пахавалі — а на наступны дзень ён зноў быў на паверхні, — кажа спадарыня Ірына. — Яго зноў закідалі зямлёй — а ён зноў на паверхні! І дождж ліецца, не спыняецца — і 40 дзён, і год, і невядома колькі… Але ёсць згадкі, што ў нашага цмока была адна галава.
Тое, што Беларусь — зямля цмокаў, для Ірыны Дубянецкай не падлягае сумневу. Наш нацыянальны герб “Пагоня” — гэта цмоказабойчы знак! Вершнік на кані — гэта герой, які мусіць перамагаць цмока. Ну а калі вершнік абраны сімвалам, дык, ясная справа, недзе побач мусіць быць сам цмок, на якога ён палюе. Прашу расказаць, дзе нам шукаць беларускага цмока.
— Культавыя месцы для цмокаў — гэта камяні, дубровы, “святыя гаі”, горы, падземныя лёхі, азёры, рэкі. Гэта прыродныя з’явы. А з таго, што стварыў чалавек, мы ведаем толькі лазні — яшчэ з “Аповесці мінулых часоў”. Там такі здзек з лазняў, бо ў лазнях “адбывалася пакланенне Вялесу”. З Вялесам звязанае ачышчэнне.
Пераходзім да самага цікавага — да 9 тыпаў беларускіх цмокаў, якія налічыла спадарыня Ірына. Першы тып здзіўляе тым, што людзі настолькі лёгка аддавалі цмоку іншых людзей у ахвяру — нібыта “так і трэба”. Чалавек прыносіць ахвяру вышэйшай істоце — каб гэтая істота спрыяла чалавеку.
— Самая папулярная “марская” гісторыя пра цмока адлюстраваная ў многіх нашых баладах, якія спявалі лірнікі, — кажа Ірына Дубянецкая. — Пра людзей, якія жылі і не верылі Богу, а верылі цмоку. І аддавалі цмоку штодзень па чалавеку. Яму аддаюць дзяцей, пакуль не даходзіць чарга да князя, цара ці караля (у залежнасці ад таго, у якім рэгіёне пяецца гэтая балада), і той мусіць аддаць сваю дачку. Яе апранаюць у шлюбны строй і прывязваюць да скалы на беразе мора. Цмок выплывае з мора, каб забраць яе. У некаторых версіях дзеўка сама дае рады цмоку — абвязвае яго паяском, вядзе да людзей на поле, і там людзі яго забіваюць. У іншым, часцейшым, варыянце яго забівае Святы Юр’я.
У іншай гісторыі беларусы забіваюць няшчаснага цмока проста за тое, што ён перашкаджае ім хадзіць па дарозе.
— Другі, вельмі вядомы, тып цмока звязаны з каменем,— працягвае Дубянецкая. — Каля нейкай беларускай мясцовасці жыў цмок, што бавіўся з вялікім каменем і не даваў людзям прайсці. Гэта адзінае, што ён рабіў кепскага ў гэтай гісторыі. І тады адзін разумны чалавек здагадаўся, што рабіць. Ён узяў барана, злупіў з яго скуру, заліў яе “смалою і серкай” і паставіў каля каменя. Цмок пабачыў барана, зубамі яго — цуп! Гарачая смала заліла яму глотку, цмок зароў і падох. А цмока звалі Вяль. Гэтую легенду я запісала ў вёсцы Валэйкішкі на Астравеччыне.Мясцовыя жыхары звязваюць назву вёскі менавіта з імем цмока. А скончылі аповед жыхары так: “А як ён роў, яго пачуў другі цмок — Крок, што пад Кракавам. І таксама здох са страху”. Аналагічныя легенды досыць пашыраныя ў Беларусі.
Трэці тып — гэта падземны цмок.
Сярод запісаў фалькларыстаў ёсць такі выраз: “Свіння рыла-рыла і дарылася да падземных цмокаў”. Там жа, на Астравеччыне, ёсць гара Замкоўка, дзе “была дзірулёха”, куды “кінеш камень, і ён не стукае, а толькі по-о-отым стукане”. Такая гара з дзіркай была і проста пасярод Гальшанаў: “Кінеш пятак — а ён дзынь-дзынь-дзынь-дзынь”. Натуральна, у такіх “дзірулёхах” жыў цмок.
Чацверты тып — гэта цмок, які працуе альбо краўцом, альбо шаўцом. Ён часам жыве сярод людзей у мястэчку альбо ў камні без вокнаў і дзвярэй. Кладзеш яму грошы, просіш боты… Прыходзіш дахаты — а ў цябе стаяць боты цудоўныя. Ці, калі ён кравец, замаўляеш вопратку. Было прынята казаць: “Пашый абы-як, абы насіць”. І ён табе пашые ну такую шыкоўную вопратку! А калі папросіш: “Пашый мне такую добрую вопратку, каб мне ў царкву хадзіць”, дык ён пашые так, што адзін рукаў на спіне, другі на падале! Не любіць цмок, калі ў ягонай вопратцы ў царкву ходзяць.
— Гісторыя заснавання Турава таксама звязаная з цмокам, — кажа Ірына Дубянецкая. —Тур быў князь альбо цмок — версіі розняцца. Факт у тым, што паводле дамовы князя і цмока яны дзеляць свет: князю — верхні, цмоку — ніжні. І князь будуе Тур-калодзеж, які злучае светы. У таго калодзежа было трайное дно — мядзянае, срэбнае і залатое. І пад залатым дном — цмок. Казалі, што калі залатое дно пратрэцца, то паводка хлыне на зямлю — і знішчыць усё. Гэта пяты тып цмокаў, якія засноўваюць гарады.
З Менскам таксама не абышлося без цмока. Мы ўсе ведаем, што Менеск, які заснаваў Менск, быў млынаром. А млынары і кавалі — заўсёды “магічныя” людзі. І млын, які ён пабудаваў на Менцы, малоў камяні. І ён на сваім млыне лётаў. Так што Менеск, цалкам магчыма, быў цмокам.
На рацэ Вяллі быў засценак Крывазнакі — цяпер гэта вёска. Там рака робіць 9 петляў. Кажуць, цмок ставіў знакі на ўсіх паваротах, каб папярэдзіць людзей, якія плылі да Вілейкі, што там водмель ці вір. Гэта шосты тып цмокаў, які дапамагае людзям.
Сёмы тып — вельмі беларускі: цмок-ахвяра!
— Цмока-ахвяру звалі Гоц — у нас ёсць вёска Гоцк на Салігоршчыне, —інтрыгуе Дубянецкая. — Людзі знайшлі дзіўную жывёліну, закавалі ў кайданкі — і па кладачках да пана павялі. Кайданкі па кладачках клацалі, казалі “гоц-гоц” — і ўсе патанулі, безумоўна. Разам з цмокам.
Восьмы від цмокаў апісваецца ў самай распаўсюджанай, на думку спадарыні Ірыны, беларускай легендзе — калі нейкая царква, замак ці цэлы горад сыходзяць пад ваду.
— Вы не знойдзеце рэгіёна, дзе нешта не сышло б пад ваду, — упэўнівае Ірына Дубянецкая. — Што казаць, калівозера Свіцязь — на месцы горада, які сышоў пад ваду! Цмок такім чынам карае таго, хто робіць зло ў замку, царкве ці горадзе. Ці князь быў кепскі, ці поп быў кепскі, ці людзі ў горадзе рабілі шмат чаго нядобрага. Сышла царква пад зямлю — і потым з возера званы чуваць… А на Свіцязі, калі горад патануў, людзі кінуліся мераць глыбіню жардзінаю. І пхалі яе, пхалі, ажно пакуль не пачулі: “Не мерай жардзіною, бо памераеш галавою!..” А ў Шчучынскім раёне, у вёсцы Багданаўка, мералі вяроўкамі, а цмок адказваў: “Не мерай вяроўкаю, бо памераеш галоўкаю!..” І гэтае возера, безумоўна, не замярзае ў самыя лютыя маразы.
— У вёсцы Каменка на Уздзеншчыне людзі так і гавораць: за гэтым каменем хаваўся Вялес — і Пярун разбіў яго на дробныя каменьчыкі, — прыгадвае спадарыня Ірына.
Падрабязней пра маршрут беларускіх цмокаў, а таксама пра тое, дзе жыве айчынная “цмачыха”, — у нашым відэа!
Дзе жыве беларускі цмок? Ён адзін ці іх шмат? Ці рэальна гэта — скласці “цмокавы маршрут”? Што будзе, калі нанесці на мапу ўсе 26 беларускіх Чорных азёраў, а потым злучыць іх адной лініяй? Гэта добра ведае наш суразмоўца, знаны мастацтвазнаўца і цмоказнаўца Сяргей Харэўскі.
Спадар Сяргей адразу папярэдзіў: беларускія цмокі — неабавязкова злыя.
— Цмокі, насуперак распаўсюджаным стэрэатыпам, менавіта ў беларускай міфалогіі былі цалкам пазітыўнымі персанажамі, ці, дакладней, амбівалентнымі, — кажа спадар Харэўскі. — Звяртаю вашую ўвагу, што ў народных уяўленнях цмокі былі вельмі фанабэрыстыя, і з імі не надта вадзіліся іншыя нячысцікі. Цікавая акалічнасць: цмокі найчасцей не чапалі людзей небагатых, якія жылі з плёну працы сваёй, і самае цікавае — не чапалі людзей жанатых! Таму ў беларускай міфалогіі стаўленне да цмока хутчэй паблажлівае. Ёсць выпадкі ў паданнях і казках, калі людзі нават просяць дапамогі гэтых цмокаў. Цмок уяўляўся вельмі мажным, але вельмі чысценькім — кажуць, што раз на год ён нават ходзіць у лазню!
Няма такой мясціны ў Беларусі, куды б не ступала нага Сяргея Харэўскага. Наш эксперт прызнаецца, што багата дзе яму даводзілася запісваць ад старых людзей гісторыі пра цмокаў. І расказваліся яны так натуральна, што няма сумневаў — беларускі цмок ёсць!
— Старыя людзі тлумачылі мне, што цмок з’яўляецца там, дзе з’яўляецца распуста, — усміхаецца Харэўскі. — Таму цмок і не чапае жанатых — гэта асабліва падкрэслівалася. Гэта быў такі сабе Бабай для нежанатых ці незамужніх. Іх пужалі, што калі будуць “калупацца ў носе і не дбаць пра будучыню” — сустрэнуцца з цмокам. Можна вобразна сказаць, што тры галавы цмока — гэта п’янства, распуста і прага лёгкай нажывы.
Нашая размова адбываецца на вуліцы Сухой. Раптам Харэўскі спыняецца і кажа:
— Дарэчы, назва вуліцы Сухой невыпадковая і таксама звязаная… з цмокам!.. Гэта самае высокае месца ў Мінску, і падчас залеваў і паводкі ўсё навокал напраўду рабілася “мокрым”, а гэтая вуліца заставалася “сухой”! Раней тут не было ніякіх будынкаў. І калі сысці ўніз да Свіслачы — на сённяшняе скрыжаванне Мельнікайтэ і Пераможцаў — то і цяпер лёгка ўгадваецца гара. Дык вось, раней яна называлася Змеевай, бо тут жыў цмок! І гэтага цмока забіў адзін удалы герой: паказаў цмоку ягонае адлюстраванне, цмок разгубіўся — і… Той цмок істотна шкодзіў Мінску — еў прыгожых дзяўчат! Былі нават “конкурсы прыгажосці”, калі выбіралі найпрыгажэйшых і аддавалі на спажыў гэтаму цмоку, каб ён адчапіўся ад астатніх. У той жа час сустракаюцца гісторыі, калі цмок, наадварот, дапамагаў героям адолець нейкія адназначна кепскія сілы…
Прашу Сяргея Харэўскага з мапаю ў руках намаляваць для нас маршрут “па мясцінах баявой славы беларускага цмока”. Аказваецца, такі маршрут — абсалютна рэальны!
— Калі глянеце на Беларусь, то абавязкова пабачыце цэлы ланцуг цудоўных азёраў, у якіх, як сведчаць паданні, вадзіліся ці яшчэ водзяцца цмокі, — кажа Харэўскі. — У народных уяўленнях цмокі водзяцца найчасцей у глыбокіх азёрах. І, што цікава, этнографы звязваюць паданні пра цмокаў з назвамі азёраў Чорных. Асабліва там, дзе побач з возерам Чорным ёсць возера Белае! Адным з самых такіх дзівосных азёраў, якое цяпер увайшло ў склад запаведніка Прыбужскае Палессе — гэта Чорнае (і побач Белае) возера ў Брэсцкім раёне… Натуральна, з нячысцікамі звязваюць Выганашчанскія азёры, дзе таксама ёсць азёры Чорнае і Белае — і шмат адпаведных паданняў. Непадалёк ёсць возера Спораўскае, дзе таксама, як кажуць нашыя гумарныя спораўцы, якія ўсё жыццё мыюцца ў тым возеры, пры жаданні можна ўбачыць цмока! Ад Спорава дарога ляжыць на ўсход — да славутага велізарнага Князь-возера, альбо Жыд-возера, якое цяпер завецца Чырвоным. Народныя ўяўленні і паданні, апроч легенды пра Радзівілаву каханку (габрэйку з мястэчка Жыткавічы), сведчаць пра тое, што менавіта дзякуючы цмокам тая рамантычная гісторыя і скончылася… Лішне казаць, што, зрабіўшы такі доўгі хвост, мы павінныя завярнуць у сталіцу нашай Радзімы, на Змееву гару, пра якую мы ўжо казалі. Дарэчы, апроч міфа ёсць і абсалютна рэальнае пацверджанне існавання тут цмокаў — у запісах настаўніка мінскай гімназіі Самойлы — таго самага, які вывеў у шырокі свет паэзію Янкі Купалы. Дык вось, яму неяк татарскія дзеці прынеслі з Нямігі так званых цмокаў — велізарных яшчарак, якія вадзіліся толькі на сутоку Свіслачы і Нямігі. Адну такую яшчарку даўжынёй больш за паўметра настаўнік заспіртаваў, і яна захоўвалася ў гімназіі, але з адыходам ураду БНР з Мінска некуды бясследна знікла… Гэта матэрыяльнае сведчанне таго, што ў Мінску вадзіліся цмокі!..
Далей дарога ляжыць да славутых Лепельскіх азёраў. Паданні пра лепельскіх цмокаў добра вядомыя. Гэтыя паданні прыгадаў, напрыклад, Уладзімір Караткевіч у кнізе “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Там ёсць возера, якое так і завецца — Дракон. Дарэчы, ні ў кога з суседзяў возера з такой назвай няма.
З Лепельшчыны павернем на Астравеччыну, дзе ёсць славутыя Саранчанскія азёры, адно з якіх завецца Кайман! Адтуль павернем на Блакітныя азёры на сумежжы Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў — да возера Балдук. Па-балцку гэта і азначае “нячысцік”. Тыя, хто там бываў, добра ведаюць, што гэта можа быць і не байка — надта часта і надта шмат з гэтага возера выводзяць розныя гісторыі пра цмокаў! Як запісаў этнограф Нікіфароўскі, сама меней у нашых цмокаў бывае тры галавы. Такім чынам, адна галава згубіцца недзе на Верхнядзвіншчыне — там, дзе велізарнае Асвейскае возера мяжуе з Латвіяй і Расіяй, дзе ёсць велізарны востраў, з якім таксама звязаныя казкі пра нейкіх цмокаў. Другая галава, абмінуўшы возера Чорнае ў Сенненскім раёне, пакладзецца на Чорнае возера на Гарадоччыне, побач з возерам Езярышчам на самай мяжы з Расіяй. І трэцяя галава будзе ў нас у Расонскім раёне, дзе таксама ёсць возера Чорнае, у якім жыве, як кажуць людзі, нейкі цмок. Між іншым, Чорных азёраў у Беларусі 26 — я адмыслова падлічыў! І калі вы злучыце ўсе 26 азёраў, міжволі атрымаеце сімпатычнага цмока! Які часам вылазіць, каб паглядзець, ці звязвацца яму з чарговым героем ці нячысцікам. Дарэчы, ён не з кожным уступае ў двубой. І не таму, што баіцца, а таму, што настолькі ўпэўнены ў сабе і фанабэрысты, што можа проста пагрэбаваць звязвацца з не вартым ягонай увагі праціўнікам… Паводле розных версіяў, у яго ёсць крылы або няма, але, паколькі гэта цмок наш, а не кітайскі, хутчэй за ўсё няма. Іначай ён, плюхаючыся ў ваду, рабіў бы шмат шуму!..
Аднак, як высветлілася, у беларускага цмока галоваў магло быць не толькі тры, але і шэсць, дзевяць альбо нават дванаццаць.
— Прычым у нашых паданнях дакладна чытаецца, што адсякаць галовы сэнсу не было, — удакладняе Сяргей Харэўскі. — Бо нашага цмока трэба было не забіць, а перамагчы. Перадусім гэта перамагчы ў сабе страх, адолець сілай волі, а не адсяканнем хвастоў, яек ці галоваў. Ты выходзіш з ім сам-насам, і ты мусіш быць варты яго, мусіш сам быць цмокам! Калі ты нікога не баішся — значыць, ты самы страшны! Будзьма ж цмокамі!
Глеб Лабадзенка для budzma.org, фота і відэа – аўтара
Антон Астаповіч – старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Таму як цмок – жывы помнік і нашай гісторыі, і нашай культуры, спадар Астаповіч можа лічыцца аўтарытэтным цмоказнаўцам. Ідэю кампаніі “Будзьма беларусамі!” скласці маршрут беларускіх цмокаў Астаповіч успрыняў з вялікім энтузіязмам і без доўгіх прадмоваў адразу скочыў “з месца ў кар’ер”.
– Калі гаварыць пра цмокаў, пра паданні пра цмокаў на Беларусі, то, мабыць, самае знакавае месца, якое мусіць быць уключанае ў турыстычныя маршруты – гэта эквівалентнае па значнасці Лох-Нэсу Лепельскае возера, – кажа Астаповіч. – Таму што даўняе паданне, а таксама цэлы шэраг гістарычных дакументаў сведчаць, што ў Лепельскім возеры ў Сярэднявеччы жыў цмок. І вельмі часта на гэтым возеры знікалі рыбакі – а потым на бераг возера цмокі выкідалі іх быццам напалову перакушаныя чаўны. Ад саміх рыбакоў не заставалася нічога. Таму з’явілася паданне, што іх паядае цмок. Дык калі цмок жыў там у XVI–XVII стагоддзі… думаю, цмокі проста так не паміраюць! Цмок жыве там і да гэтага часу. І калі ўважліва паглядзець, то можна яго нават пабачыць…
Спадар Антон прапануе адштурхнуцца ад лепельскага цмока і распрацаваць цэлы маршрут: Лепельскае возера з цмокам, цудоўны горад Лепель з гістарычнай архітэктурай і ваколіцы Лепеля – Ушаччына. На гэтым месцы Антон Астаповіч загадкава пасміхаецца – быццам зараз прадыктуе канкрэтныя адрасы цмокаў.
– А Вушаччына – гэта Быкаў, Барадулін, Броўка… Вось яны – цмокі! Хоць не магу сказаць напэўна… Дарэчы, я вось думаў: хто ў нас жывы цмок? І знайшоў! Ён, вядома, не такі, як у Сярэднявеччы, з луской і калючкамі. Усё ж такі ХХІ стагоддзе. Сучасныя цмокі – яны выкшталцоныя, рафінаваныя – цудоўныя людзі!
Змей Гарыныч з Давыд-Гарадка
Трымаючы ў руках карту Беларусі, Антон Астаповіч апускаецца з поўначы краіны на Палессе.
– Узяць, напрыклад, славянскі эпас казачны. Усе мы памятаем Змея Гарыныча. А чаму Гарыныч? Ды таму, што з рэчкіГарынь, на якой стаіць Давыд-Гарадок! Ніхто пра гэта не думаў, але ж ляжыць навідавоку! А ў нас ёсць цудоўны беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк, які нарадзіўся ў Давыд-Гарадку на рэчцы Гарынь! Я лічу Леаніда Дранько-Майсюкавось такім цудоўным рафінаваным беларускім цмокам! У яго генатып самага сапраўднага Палескага цмока – яшчэ таго, сярэднявечнага.
Тут Астаповіч прызнаецца, што занадта слаба валодае беларускай міфалогіяй. Здаецца, на гэтым цмачыны маршрут мог бы і абарвацца…
– Але, наколькі я памятаю, існавала паданне пра цмока, які жыве таксама ў Жыд-возеры Жыткавіцкага раёна, – кажа Астаповіч так, нібыта ўчора праязджаў міма і бачыў цмачыную галаву. – Іншая назва – Князь-возера, а цяпер яно называецца Чырвонае… Ёсць паданні, што цмокі існавалі таксама ў Выганашчанскім возеры (Івацэвіцкі раён). Адным словам, чым бліжэй да Палесся – тым болей цмокаў!
Але не Палессем адзіным, сцвярджае Астаповіч. І неадкладна звяртаецца да класікі.
– Калі пачытаць Яна Баршчэўскага, то наш азёрны край, Паазер’е – Віцебшчына, Гарадоччына, Полаччына… Дык там не толькі цмокаў, там усякай нечысці ў азёрах хапае! Так што сапраўды – ад нізу да верху Беларусь – гэта краіна цмокаў. І цмок – наш адметны турыстычны брэнд!
“Беларускі цмок – гэта працяг антычнай гідры”
Ва ўяўленні Антона Астаповіча цмок – гэта ўсё ж нешта блізкае да рэптыліі.
– Цмок, на маё разуменне, – гэта пераходны этап: калі яшчэ з вады не выйшаў канчаткова, але ўжо па сушы ходзіць. Я цмока найчасцей звязваю з вадой, бо ён вельмі блізкі да нашых паўзуноў сучасных, а паўзуны вельмі сябруюць з вадой таксама. Я думаю, усё ж нездарма ў пазнейшую беларускую міфалогію ўвайшоў вуж. Для мяне вуж – гэта лагічны працяг старых паданняў пра цмока.
Вырашаю пацікавіцца ў Астаповіча, чаму, калі Змей Гарыныч жыве ў нашай рэчцы Гарынь, ён асацыюецца выключна з “рускім” тыпам трохгаловага цмока? Астаповіч пачынае вытанчана жангляваць геаграфічнымі паняткамі.
– Калі казаць пра басейн ракі Гарынь, то гэта Палескі рэгіён. А гэта самая сапраўдная старажытнаславянская Русь! Гэтыя землі калісьці нават уваходзілі ў Галіцка-Валынскую Русь. А чаму трохгаловы? Відаць, ёсць нешта агульнае ў славянскай міфалогіі з антычнай. Там таксама былі гады, якім адсячэш галаву – а ў іх новая вырастае… Гідра, напрыклад. Для мяне беларускі цмок – гэта якраз працяг антычнай гідры.
“Цмок таксама хоча ажаніцца, каб жонка была, есці яму варыла…”
З колькасцю галоваў у цмока, кажа Астаповіч, былі розныя варыянты. Калі цмок з Гарыні быў трохгаловы, дык ягоны калега з Лепельскага возера і з адной галавой даваў дыхту мясцовым рыбакам.
– Між іншым, ніхто так не апаэтызаваў Лепельскага цмока як Уладзімір Караткевіч у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”! Ён нават даў апісанне лепельскага цмока. А Уладзімір Сямёнавіч выдатна валодаў гістарычным матэрыялам і паданнямі! Караткевіч нават прыгадвае, што цмокаў было шмат у Лепельскім возеры – але яны вымерлі, іх выкінулі на бераг… Караткевіч піша, што яны былі аднагаловыя, падобныя да фокаў (гэта такія цюлені), цела было з гладкай луской…
Апісаўшы цмока следам за Караткевічам, Астаповіч раптоўна заяўляе, што цмокі – наймілейшыя і найдабрэйшыя істоты. Пытаюся: а як жа з’едзеныя рыбакі і ўсё астатняе?..
– Рыбакі – гэта гатовыя браканьеры! – адсякае мае развагі спадар Антон. – Сеткамі вылоўліваюць рыбу, парушаюць прыродны баланс… А цмоку ж таксама харчавацца трэба! Калі ў цмока вылавілі ўсю рыбу, каго яму есці? Рыбакоў! А тое, што ён агнём людзей паліў… Вось уявіце. Цмок, хоць ён і не вельмі прывабны, таксама хоча ажаніцца. Каб жонка была, есці яму варыла. Скраў ён сабе нейкую там каралеўну ці Васілісу Прамудрую. А тут нейкі Іван Царэвіч прыходзіць – і пачынае ў яго набытак забіраць. Канечне ж, агнём будзеш паліць Івана Царэвіча! Яго можна зразумець, увайсці ў яго становішча. Цмокі добрыя, проста іх нельга чапаць, злаваць, крыўдзіць. А тое, што яны людзей елі… Мабыць, добрых людзей яны не елі. Мы не прачытаем, што цмок з’еў звычайнага селяніна, а прачытаем, што з’еў багатыра. А хто такія багатыры? Гэта княжацкія дружыннікі! А хто такія княжацкія дружыннікі? У той час гэта элементарныя рэкеціры, якія ездзілі па княжацкай тэрыторыі і выбівалі з сялян даніну!..
“Цмок піў нафту – і потым ёй пляваўся!”
Кажучы пра звышздольнасці цмокаў, Антон Астаповічпрыгадвае іх вялізную сілу і тое, што цмокі маглі паліць людзей агнём. Наконт агню ў Астаповіча свая тэарэма.
– Тое, што цмокі пляваліся агнём, гаворыць пра тое, што на Палессі ёсць нафта! Дзе ж ён браў агонь? Піў нафту – і потым ёй пляваўся! Дакладна нафта, а не газ, бо газіфікацыя Палесся адбылася толькі за дзейным прэзідэнтам!.. (усміхаецца)
Калі маршрут практычна складзены, Астаповіч нібыта мімаходзь прыгадвае, што гадоў 25 таму чуў ад адной старой бабці цікавую размову.
– У Асіповіцкім раёне ёсць лясное возера Лочынскае, такое кругленькае люстэрка вады – недзе метраў 500 у дыяметры. Цяпер там, можа, цмока і не знойдзеш, бо там ідзе прамысловая здабыча сапрапелі. Мабыць, спалохалі цмока, ён перасяліўся… Але тая бабуля казала, што яе бабуля апавядала, што там жыла “нейкая істота”. І нават нейкія гукі адтуль было чуваць…
І тут я прыгадваю, што Антон Астаповіч нарадзіўся якраз у Асіповічах.
P.S. Відэаверсію маршруту беларускіх цмокаў глядзіце ніжэй.
Сяргей Плыткевіч – знаны беларускі фатограф, даследчык, дырэктар выдавецтва “Рыф-тур”, якое “зубы з’ела” на ўнутраным турызме і краязнаўчай тэматыцы. Як любы прафесіянал — чалавек сур’ёзны. Таму і да ідэі скласці маршрут беларускіх цмокаў паставіўся напачатку скептычна. Але ў часе гутаркі, як кажуць, уцягнуўся!..
— Да любой ідэі, якая прапагандуе падарожжы па Беларусі, я стаўлюся пазітыўна! – кажа спадар Плыткевіч. – І хоць да цмокаў я стаўлюся крыху скептычна… Але калі чалавек паедзе па Беларусі “ў пошуках цмока”, то ключавое тут для мяне – “паедзе па Беларусі”…
Прычыны сумневаў Сяргей Плыткевіч тлумачыць па-свойму. Кажа, што яму, палешуку, бабуля нічога пра цмокаў не расказвала. А паколькі “бабулі ведаюць усё”, а бабуля не расказвала – значыцца, кажа Плыткевіч, “ёсць пытанні”. Але тут жа папраўляецца, што адназначна аспрэчваць нічога не хоча.
– У маім уяўленні беларускія цмокі павінны жыць у цяжкадасяжных, цікавых, незвычайных мясцінах, – усміхаючыся ў вусы, кажа спадар Сяргей. – Напрыклад, ёсць у Мёрскім раёне заказнік Ельня і возераЕльня – гэта самае вялікае верхавое балота ў Еўропе. Гэта гучыць як казка ці загадка… Але гэтае балота ў сваім цэнтры вышэй на метраў 5-6, чым па краях!.. На Ельні ёсць даволі такі дзікі востраў. Мясцовыя жыхары кажуць, што каля гэтага вострава ёсць схаваны замак ці палац, які сышоў пад ваду… Дабрацца туды настолькі складана, асабліва летам, што цмоку, відаць, там жылося б цудоўна!
Іншае містычна-казачнае месца, кажа Плыткевіч, – гэта заказнік “Казьяны”. Дзе на балоце, наадварот, вельмі многа маленькіх азёр цікавых формаў. Самае вялікае там возера – Рассалай, дзе таксама “вельмі цікава і загадкава…”
Працягваючы пра Паазер’е, Сяргей Плыткевіч прыгадвае Браслаўшчыну.
– Напрыклад, на возеры Струста ёсць востраў Чайчын. А на тым востраве ёсць яшчэ адно ўнутранае возера! Сам востраў можна пабачыць з гары Маяк – найлепшага агляднага пунку таго рэгіёну. Але ўнутранае возера хаваецца за расліннасцю – і да яго ўвогуле мала хто дабіраецца. Для цмока – найутульнейшае месца!..
Да сярэдзіны гутаркі паляшук Плыткевіч лагаднее і “дазваляе” беларускаму цмоку жыць і на Палессі.
– Што казаць, Палессе – гэта неверагодныя і незвычайныя мясціны. Нездарма, кажуць, там бываў Герадот – і апісаў тут мора, якое цяпер умоўна завецца “мора Герадота”… Ёсць сведчанні, што ўся гэтыя нізіна сапраўды была залітая вадой. Таму калі і быць цмокам, то абавязкова на Палессі!..
Поруч Палесся цмокаў можна пашукаць у Белавежскай пушчы.
– Падчас маіх фотападарожжаў здараліся дзіўныя моманты, якія не ведаю, з чым звязваць… Здараецца, калі пачынаеш блукаць… Я ж даволі вопытны падарожнік – ведаю, што пры гэтым кола, якое ты “наразаеш”, складае крыху больш за кіламетр. Гэта тлумачаць тым, што ў кожнага чалавека адна нага карацейшая за другую. А на балоце ў Белавежскай пушчы я пачаў раптам хадзіць па колу – і радыюс склаў усяго метраў 200. Проста я здымаў – і запомніў канкрэтныя кадры: што гэтае дрэва я ўжо бачыў! Разумееце, я ўжо 30 гадоў хаджу па лесе – мне вельмі цяжка заблукаць. Я не хачу сказаць, што там сядзеў цмок і мяне кружыў, але…
Сяргей Плыткевіч мяркуе, што раскруціць брэнд Цмока можна было б не горш за пастаўскага Зюзю Паазерскага. Зюзя стаў ужо сапраўднай турыстычнай зоркай – фактычна на энтузіязме неабыякавых краязнаўцаў! На думку спадара Сяргея, у нацыянальным парку “Прыпяцкі” запраста магла б быць рэзідэнцыя беларускага Цмока! Прычым, каб турыстаў не падвозілі на аўтобусе да дзвярэй – а па-сапраўднаму, на чаўнах дабірацца!
Днямі Сяргей Плыткевіч наведаў Альбу, што пад Нясвіжам – даўнія радзівілаўскія ўладанні.
– Там і да сёння захавалася сетка з васьмі каналаў у выглядзе сонейка, закладзеная ячшэ Пане Каханку. У цэнтры “сонейка” – востраў, з усіх бакоў аточаны вадой. Некалі на ім стаяла вытанчаная альтанка Радзівілаў. А сёння на гэты зарослы дзікі востраў проста так летам не дабярэшся… Абапал каналаў растуць магутныя дубы… Чароўнае месца!.. Мяркую, тут можа жыць толькі шляхетны цмок! А ўлічваючы, што Нясвіж побач – гатовы турыстычны “цмачыны” пункт!
А вось у Наваградку на гары, мяркуе Плыткевіч, цмок не змог бы жыць. Бо гара – гэта такое святое месца. Ды і занадта адкрытае, няўтульнае для цмока. А вось у наваградскіх падзямеллях цмок мог хавацца запраста… Ці ў Тураве, дзе з зямлі крыж расце…
Да цмачынага маршруту Сяргей Плыткевіч дадае і Чарнобыльскую зону. Кажа, з іншых мясцін у апошнія 25 гадоў цмокі маглі перабрацца сюды.
– Там ёсць такая агромністая закінутая вёска Арэвічы ў Хойніцкім раёне. Я там нядаўна быў ужо ў прыцемках, побач могілкі, цені паўсюль… А як яшчэ сава пачала ўгукаць – ажно халадок па скуры ідзе. Падыходзячае месца для цмока!..
Сяргей Плыткевіч лічыць, што раскручваць цмока як турыстычны сімвал – вельмі перспектыўна. Калі разглядаць цмока як літаратурнага героя нашых казак, то адразу напрошваюцца алюзіі да літаратурнага героя Гашака – бравага жаўнера Швейка, вобраз якога проста запаланіў турыстычную Прагу. Альбо казачныя героі Андэрсэна, якімі напоўнены дацкія гарады…
– Думаю, што ёсць яшчэ адзін падвід нашых цмокаў – нацыянальныя цмокі. У нас жа шмат стагоддзяў жывуць людзі іншых нацыянальнасцяў… Яўрэйскі цмок, безумоўна, жыве ў Бабруйску, татарскі – у Іўі, рускі – у стараверскай Ветцы, польскі – у каралеўскім Гродна…
Апісваючы цмока ў сваім ўяўленні, Сяргей Плыткевіч называе дакладную колькасць галоваў: дзве.
– Для мяне цмок – такі добры ўдаўчык. Чамусьці не тры галавы, а дзве. Бо трохгаловы Змей Гарыныч – “занадта рускі”, у нашага не магло быць тры галавы! Ён і дзвюма абыходзіўся! Мне ён уяўляецца добрым, лагодным… Думаю, яго павінны любіць жанчыны, бо калі ў яго дзве галавы…
Прапануем вашай ўвазе таксама відэаверсію маршрута беларускіх цмокаў ад Сяргея Плыткевіча!
Глеб ЛАБАДЗЕНКА, для budzma.org
Фота, відэа аўтара. Фота азёраў – Сяргея Плыткевіча
Калі кампанія “Будзьма беларусамі!”пачынала шукаць айчынных цмокаў, знаўцы падказвалі, што галоўны эксперт па іх жыве ў Гомелі. Сапраўды, калі гутарыш з Андрэем Скіданам, няма сумневу, што з цмокамі ён у някепскіх стасунках. У будзённым жыцці спадар Андрэй — навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці імя Фёдара Шклярава. А ў вольны час…
“Мы знайшлі на могілках у адной вёсцы руднічны молат, перабіты цмокам…”
Пачынаючы з 1992 года ў Гомелі пры чынным удзеле Андрэя Скідана выходзіла самвыдатаўская газета “Аксамітны жах”, вакол якой сфармавалася Беліцкае кола даследчыкаў цмокаў. У кожным нумары газеты абавязкова было некалькі матэрыялаў пра цмокаў. Аднадумцы меркавалі, што цмок мусіць стаць брэндам Гомельшчыны — і актыўна развівалі гэтую ідэю.
— Нашае захапленне цмокамі прыйшло з літаратуры, фальклору, з мастацкай культуры, — кажа Андрэй Скідан. — Сёння мы нават не сумняемся, што Гомельшчына (і ўвогуле Беларусь) — край цмокаў! Пачыналі мы з таго, што проста даследавалі культуру Пасожжа. Але калі пачалі трапляцца выявы і згадкі пра цмокаў, вырашылі вылучыць гэтую галіну асобна…
Спадар Андрэй прыводзіць шматлікія прыклады з вуснай народнай творчасці — балады пра Юр’я і Ягор’я, якія даводзілася запісваць ад старых людзей. Матэрыяльныя сведчанні — гэта драўляная архітэктурная разьба. На вялікі жаль, усё гэта нішчыцца са страшэннай хуткасцю…
— Яшчэ нядаўна я бачыў у Гомелі цмачыную “карону” над акном хаты, — сумна апавядае спадар Скідан. — Днямі праходжу міма: хату абнаўлялі, рамантавалі — здзерлі, выкінулі… Ліштвы на вокнах з выявамі цмока… Усё гэта знікае — і застаецца толькі на нашых архіўных фота…
Археалагічныя выявы, кажа спадар Андрэй, рэдкія, але яны ёсць — хоць больш іх знойдзена на суседняй Чарнігаўшчыне. А летам Андрэй Скідан з калегамі быў у экспедыцыі ў Чачэрскім раёне — і цяпер упэўнена сцвярджае, што цмокі ў гэтым краі пільнуюць крыніцаў!
— Культ камянёў і культ крыніцаў у гэтым краі звязаны з цмокамі, — гаворыць спадар Скідан. — Мы бачылі некалькі камянёў, перапілаваных (фактычна недапілаваных) цмокамі. Бо ў цмокаў, вы ж ведаеце, на хвасце такі грабеньчык — ім ён гэтыя камяні і пілаваў! Мы знайшлі на могілках у адной вёсцы (не буду казаць, дзе) руднічны молат (якім у руднях выкоўвалі жалеза), перапілаваны цмокам! Сфатаграфавалі яго, зафіксавалі… Гавораць, што цмокі хапалі гэтыя молаты — і кідалі на галовы людзям у тых вёсках, дзе іх, цмокаў, не шанавалі альбо шкоду ім чынілі. Усе гэтыя звесткі адносяцца да позняга Сярэднявечча — канца XVIII стагоддзя.
Паводле даследаванняў Андрэя Скідана, цмокі вельмі часта атаясамляюцца з дабраходжымі людзьмі — “невідзімымі людзьмі”, як пра іх кажуць. Яны жывуць, перамяшчаюцца ў віхурах паветра, у смерчах… З гэтым усім звязваюцца і цмокі! То бок гэта такі антрапаморфны, “ачалавечаны” вобраз цмока.
“І як у каровы атрымліваецца з травы малако, так у цмока атрымліваецца агнамяная сумесь…”
Спадар Андрэй лёгка пагаджаецца апісаць беларускага цмока.
— Калі казаць пра памер, то гэта прыкладна як “каня адзін на аднаго паставіць” — я сустракаў такое апісанне. Ён мае крылы, канечне ж. І доўгія патлы ў яго — нашмат большыя, чым у каня грыва.
Маёй заўвазе, што не такі цмок, аказваецца, і вялікі, спадар Андрэй шчыра здзіўляецца.
— А чаго яму быць вялікім у Беларусі? Гэта калі надзяляць цмока як міфічную істоту цыклапічнымі рысамі… Цмок, вядома, большы за чалавека, але не такі ўжо агромністы.
Цікаўлюся, у якіх адносінах цмокі жылі з людзьмі: ці людзі іх любілі, ці паважалі, ці баяліся?
— Па-рознаму… — задумваецца спадар Андрэй. — На гэты конт ёсць філасофскае меркаванне аднаго з апалагетаў цмоказнаўства Беліцкага кола даследчыкаў Якава Пятровіча Стывенсана. Ён казаў, што цмок — гэта люстра, праява ўсіх адмоўных якасцяў чалавека. Усё кепскае, што чалавек хоча зрабіць з наваколлем, вяртаецца да яго ў асобе цмока. А добрыя людзі проста не бачаць цмока. Я не хачу сказаць, што я ў добрых стасунках з цмокам, але калі я праехаў па Чачэршчыне, то ўбачыў, што гэта край таямніцаў, край прыгажосці. Хоць і знявечаны Чарнобылем… Дарэчы, уЧачэрску ёсць круглая царква (а раней там былі тры круглыя царквы і адзін касцёл) — яе збудавалі, каб адпужваць цмока (бо няма вуглоў). Рускія масоны змагаліся з цмокамі, выветрывалі памяць пра іх! Нават выдралі са Статута ВКЛ некалькі аркушаў, дзе вялося пра цмока. А там быў артыкул аб абароне цмокаў! Пра пушчы і бабровыя гоні засталося, а пра цмока выдралі. Не хачу цяпер выдаваць усе крыніцы, з якіх мне гэта вядома, але там пісалася: “А цмокаў ніхто не мае права біці альбо шкоды ім чыніці…” Казалася, што з цмокам трэба “да ладу жыць”. І гравюра, дарэчы, з выявай цмока была… І чачэрскі Чарнышоў, і наш гомельскі Мікалай Пятровіч Румянцаў хутчэй за ўсё змагаліся з цмокамі, бо былі сябрамі масонскіх ложаў, як усе інтэлігенты таго часу.
На пытанне, ці елі беларускія цмокі людзей, у Андрэя Скідана адказ адназначны.
— Не! Наш цмок увогуле не крыважэрны! Яму не трэба есці людзей, ён траваедны. Ён проста спаліць можа альбо забіць хвастом — хвост у цмока даволі моцны, гнуткі такі, і з такой вялікай бамбешкай на канцы… У нас у “Аксамітным жаху” быў матэрыял “У небе над Чарацянкай”. Там цмок атакаваў самалёт сельскай авіяцыі і праводзіў паветраны бой. Так што цмок страляе агнём! А ўсё таму, што ён есць пэўны збор траваў. І як у каровы атрымліваецца з іх малако — так у цмока атрымліваецца агнамяная сумесь. І калі ён яе выплёўвае, то шчоўкае крамянымі зубамі — і выбівае іскру, ад чаго сумесь запальваецца. І чалавек можа проста згарэць у галузу!
“Калі вы думаеце, што недзе там стаіць пастамент цмоку, то памыляецеся…”
Паступова пераходзім да маршруту беларускіх цмокаў. Спадар Андрэй кажа, што за ўсю Беларусь казаць не будзе, а засяродзіцца на роднай Гомельшчыне.
— З Гомеля кіруемся ў Добруш. У нас некалі быў нават матэрыял пра добрушскія ліштвы, дзе сустракаецца вялікая колькасць цмачынай і вужынай сімволікі. На жаль, гэта ўсё нішчыцца, застаецца ўсё меней. Ясна, што ўсё не на пустым месцы — бо ў іншых мясцінах столькі няма! Там і цяпер багата вужоў — яны поўзаюць на Узвіжанне і вясной, проста на дарозе можна пабачыць… Пад Добрушам ёсць Змееў курган — гэта таксама ад таго, што шмат вужоў (а значыць, і цмокаў) у наваколлі…
З Добруша кіруемся ў Ветку. Хоць я і супрацоўнік Веткаўскага музея і як бы карыстаюся службовым становішчам, запрашаючы вас туды, але раю зазірнуць, каб адчуць вось гэтую цмачыную прысутнасць… У драўлянай архітэктуры Веткі таксама былі некалі ліштвы з цмокамі, і не проста так… Пад Веткай ёсць мясціна Хальч. Не хачу анансаваць прысутнасць там цмокаў (хоць гэта і відавочна). Проста зазірніце, як будзеце мець час.
З Хальча выпраўляемся ў сяло Свяцілавічы на рацэ Бесядзь. Чарнобыльская катастрофа звяла амаль усе вёскі на Бесядзі… А назва Свяцілавічы — бо побач ёсць Свяцілішча (якое яшчэ завуць Чортава гара)… Нехта мяне спытае, чаго я звязваю тое Свяцілішча з цмокамі. Запярэчу: а ці ёсць падставы не звязваць? Сённяшнім хрысціянам, можа, і складана верыць ва ўсё гэта. Але нашыя продкі былі паганцамі — і цмок бараніў іх!
Адтуль можна, перакрочыўшы мяжу і нічога не парушаючы, зазірнуць ужо ў Расію, дзе ажно да Бранска вы пачуеце беларускую мову. Там ёсць мясціна Сіні Калодзеж — хоць ніякага калодзежа там няма! Затое шмат валуноў, якім і цяпер пакланяюцца людзі, вераць у іх моц. Яшчэ там вялікая колькасць гаючых крыніц. Не думаю, што столькі крыніц і камянёў магло сабрацца ў адным месцы без удзелу цмока, бо дакладна вядома, што цмок шпурляў камяні ў злых людзей, якія хацелі нашкодзіць крыніцам…
Адтуль кіруемся на Чачэршчыну, дзе багата загадкавых камянёў, якія сведчаць пра цмачыную прысутнасць. Але калі вы думаеце, што недзе там стаіць пастамент цмоку, то памыляецеся… У вёсцы Будзішча ёсць перапілаваны камень, а таксама дзікая крыніца — вельмі маляўнічая, цяжка да яе дабрацца! Гэтую крыніцу таксама звязваюць з цмокам.
У Нясімкавічах цмачыны камень на могілках, непадалёк недапілаваны руднічны молат ляжыць… Усіх козыраў адкрываць не буду, каб няшчырыя людзі не нашкодзілі, але раю зазірнуць таксама ў вёскі Рудня Нясімкавіцкая, Рудня Барталамееўская, Воласавічы…
У самім Чачэрску апроч круглай царквы трэба паглядзець ратушу. Яна з такой драўлянай вежай, падобнай да галавы цмока. Але гэтая вежа якраз выкарыстоўвалася як каланча — каб назіраць, дзе цмок учыніў пажар. У Чачэрску жыў той самы змагар з цмокамі граф Чарнышоў…
Вяртаемся ў Гомель, дзе таксама ёсць цмачыныя месцы… Тут быў сакрэтны стратэгічны аб’ект — развадны мост праз Сож. Яго ўжо перарабілі на новы — і цяпер ён не разводзіцца. А раней разводзіўся, бо думалі, што цмок не здольны пералятаць, дык каб ад яго засцерагчыся. Але гэтае месца варта паглядзець, бо яно звязанае з цмокамі. Мост вядзе ўБеліцу — адзіны гарадскі раён у Беларусі, які меў уласны герб! У Гомелі ёсць прысутнасць цмокаў і ў драўлянай, і ў мураванай архітэктуры, у іх арнаментыцы… Але пра гомельскіх цмокаў я магу расказваць доўга, таму запрашаю ўсіх прыязджаць да нас на цмачыную экскурсію!
Прапануем вашай увазе відэаверсію маршруту беларускіх цмокаў ад Андрэя Скідана
Глеб Лабадзенка, для www.budzma.org Фота, відэа Ларысы Шчыраковай
Чарговы эксперт праекта “Будзьмы” “Маршрут беларускіх цмокаў” – кіраўнік турыстычнага партала Holiday.by Андрэй Барашка. Партал працуе вось ужо 11 гадоў, сам спадар Андрэй – знаны эксперт у галіне турызму, выкладае адпаведныя дысцыпліны ў мінскіх ВНУ, лаўрэат Пічэтаўскай прэміі БДУ. Да нашай ідэі ён паставіўся вельмі рацыянальна – як маркетолаг ад турызму. І разважаў збольшага не пра цмачыныя легенды, а пра тое, як зрабіць цмока турыстычным брэндам і героем сувеніраў…
“…Каб турыст прыехаў туды, і павёз з сабою цмока ў выглядзе сувеніра…”
– Ведаеце, сёння ўва ўсіх ёсць захапленне іміджападобнымі малюнкамі, – кажа Андрэй Барашка. – Праводзяцца канферэнцыі, семінары – прыватныя, дзяржаўныя… Выканкамы ў рэгіёнах атрымалі распараджэнне выпрацаваць імідж сваіх мясцінаў… І гэта зрабілася нейкай такой гульнёй – гульнёй у малюнкі. Аднак за гэтым малюнкам (няважна, ці гэта цмок, ці які іншы персанаж) трэба бачыць эканоміку. Гэтае “нешта” павінна рабіць “нешта”! І трэба разабрацца, што і што робіць. Вось мы кажам пра цмокаў. Першае “нешта” ў нас ёсць – гэта цмок. Дык давайце ж глядзець у другую частку: што ён можа зрабіць з эканамічнага пункту гледжання?
Андрэй Барашка сам адказвае на сваё пытанне – і прыводзіць для пачатку самы просты варыянт.
– Цмок можа стаць нейкім сувенірам. Не думаю, што гэта пан-беларускі сувенір. Але сувенір нейкага рэгіёна, нават месца (возера, балота, дрэва…) – каб турыст прыехаў туды, і павёз з сабою цмока ў выглядзе сувеніра.
Пытаюся ў спадара Андрэя, чаму ж цмок не можа стаць “усебеларускім” сувенірам?
– Я як маркетолаг разважаю ў такой паслядоўнасці. Па-першае, павінна быць нейкая база, падмурак. Сёння падмурка для агульнабеларускага кантэкста цмока няма. І яго немагчыма зрабіць штучна, раптам, знянацку. Вы можаце запытаць: дык што, пан-беларускі – гэта бусел, зубр і дуб?.. Я прыхільнік канцэпцыі, што агульнабеларускага турыстычнага сімвалу быць не можа. Я прыхільнік таго, што ў нас ёсць вельмі цікавыя рэгіёнчыкі, кожны з якіх мусіць мець свой унікальны турыстычны сімвал.
“Мы не бачым цмока ў прыродзе, але з ім можна звязаць нейкае месца”
– Скажам, Эйфелева вежа – сімвал Парыжа, але не Францыі, – прыводзіць прыклад спадар Андрэй. – Францыя ўжо больш за 10 гадоў уваходзіць ў ТОП турыстычна прывабных краін. І яны імкнуцца пазнаёміць турыстаў з гэтым сімвалам – Эйфелевай вежай. Але калі ўявіць, што ў Беларусь прыязджае шмат турыстаў (ды і самі мы – унутраныя турысты) – ці шмат мы бачым наўкол гэтых цмокаў? Трэба размяжоўваць сімвал і вобраз. Сімвал ствараюць дызайнеры, яны ўкладаюць у гэта пэўную маркетынгавую думку. А, напрыклад, Чырвоны касцёл – гэта вобраз. Чалавек сышоў з цягніка, выйшаў на плошчу – і бачыць касцёл. Бывае, што сімвал і вобраз стаяць побач. А здараецца, што вобразы робяцца сімваламі. Эйфелева вежа – вобраз, які выпадкова стаў турыстычным лагатыпам. Цмок – гэта сімвал. Таму вельмі патрэбна даць яму нейкае месца. Мы не бачым яго ў прыродзе, але з ім можна звязаць нейкае месца. І гэта адбудзецца, калі запрацуе маркетынг – гэта зробіцца некаму патрэбным. Як тая лахнэская пачвара. Яна патрэбная! Таму там і гатэльчыкі стаяць, і сувеніры прадаюцца: на гэтым някепска зарабляецца!
Андрэй Барашка перакананы: беларускаму цмоку з лахнэскай каляжанкі трэба браць прыклад! І не бадацца з зубром, буслом альбо дубам! А абмеркаваць, ці можа цмок зарабляць камусьці грошы. Таму ў працягу праекта “Будзьмы” пра цмокаў спадар Барашка прапануе наладжваць дыялог з турыстычнымі агенцыямі, магчыма, з аграсядзібамі. Каб знайсці таго, каму цмок не проста будзе падабацца ці не, а хто складзе для цмока бізнес-план. Праблема пакуль у тым, што сённяшнія людзі нязвыклыя да цмокаў. Спадар Андрэй прыводзіць падобны прыклад.
– У кастрычніку мы з аднадумцамі праводзілі цікавы эксперымент “Шляхецкі аўтаспын”. На трасе стаялі пераапранутыя “шляхціч” і “шляхцянка”, галасавалі “да сойміка ў Вільню”. Усё гэта здымала схаваная камера. Дык вось, за цэлы дзень не спынілася НІВОДНАЯ машына! Хоць галасавалі не нейкія абадранцы, а прыгожыя людзі ў цікавых касцюмах. Няма ў людзей сувязі з прапанаваным вобразам, не адчувае сябе сённяшні беларус у гэтай гістарычнай рэтраспектыве… Гэтак і з цмокамі: сённяшнія людзі ўжо забыліся, што для нашых продкаў цмок быў “сваім”.
Спадар Барашка працягвае развіваць думку, як зрабіць цмока турыстычна прывабным.
– Каб гэты цмок зарабляў грошы, ім павінны захапляцца тыя, хто будзе яго прадаваць. Яны павінны верыць у яго! Ведаць яго як сябе! Адчуваць, што калісьці на месцы іх аграсядзібы жыў цмок. Павінны быць яго сваякамі і спадкаемцамі. Мець яго партрэт у хаце! Таксама і турыстычныя кампаніі мусяць мець вельмі ўстойлівыя асацыяцыі свайго маршрута з гэтым вобразам. Добра прадае той, хто добра ведае свой прадукт і малюе яго вобраз у галаве іншага чалавека. Таму я перакананы, што цмок здабудзе ў нас поспех тады, калі не гісторыкі, не краязнаўцы, а бізнесоўцы захопяцца цмокам так, як захапілася кампанія “Будзьма”. Тады ў нашага цмока з’явяцца грошы! Наш цмок стане багатым, зможа абсталяваць сабе нейкае месца, сядзібу ці маршрут і зможа зарабляць для свайго гаспадара!
“Па-беларуску было б зрабіць помнік цмоку і церці яго “на шчасце”
Аднак добра вядома, што нашыя людзі вельмі “матэрыяльныя” і слаба вераць у тое, чаго нельга памацаць сваімі рукамі… Дык як зрабіць цмока сімвалам, калі яго нельга памацаць?
– А лахнэская пачвара матэрыяльная? – пасміхаецца Андрэй Барашка. – Калі скептыкі круцяць пальцам ля скроні, чуючы пра ідэю з цмокам, раю ім пацікавіцца, колькі грошай зарабляецца на тым “нематэрыяльным” сімвале! Беларускі прыклад – Зюзя Паазерскі, калі міфалагічных герояў можна ўбачыць у тэатральным варыянце. Анімацыя цяпер у фаворы! Калі разглядаць апошнія 15 гадоў, першае, што з’явілася, – гэта рыцары. Потым –рэканструктары напалеонаўскага часу, расійскага войска. Цяпер ідуць да шляхты – арганізоўваюцца балі, кшталту цяперашняга балю ў Нясвіжы… Вялікая айчынная вайна, лінія Сталіна – гэта таксама анімацыя. Зюзя Паазерскі – гэта анімацыя на тэму паганства. Мы бачым, што ўсе асноўныя гістарычныя эпохі ахопленыя. Дык вось, цмок можа заняць сабой дагістарычную частку анімацыі – гэта тое, што яшчэ не анімавана. Засталося знайсці таго, хто першы гэта падхопіць – і атрымае грошы!..
Раз ужо гутарым з маркетолагам ад турызму, то прашу падмацаваць і развіць гэтую думку. Што ж будзе рабіць той, хто падхопіць гэтую ідэю? Як забаўляць турыстаў?
– Як я ўжо казаў, цмок можа стаць сувенірам! – кажа Андрэй Барашка. – Каб было што паглядзець – варта таксама зрабіць анімацыю. Скажам, побач з Заслаўем ёсць музей лесу. Там, сярод іншага, апавядаюць і пра розных лясных пачвараў: гасне святло, нейкія гукі раздаюцца… Так можна і пра цмока апавядаць!
Тое, што самога цмока турысты ў выніку могуць так і не пабачыць, – не бяда, перакананы мой суразмоўца.
– Ведаеце, нашыя экскурсаводы і так вымушаныя ўвесь час расказваць пра тое, чаго няма: тут стаяў касцёл, тут была сядзіба, тут – цудоўны дом… Яны ўжо звыклыя да гэтых абставінаў, таму дадаць яшчэ, што тут “цмок прабягаў” – няцяжкая справа! Я не думаю, што патрэбны манумент… Хоць па-беларуску было б зрабіць помнік цмоку і церці яго “на шчасце”. Бабёр, цмок, дуб… Цмок становіцца ў гэты шэраг. І я б ставіў цмока дзе-небудзь у Пінску. Бо наўкол ёсць такія балоты, што цмок туды лёгка “ўпісваецца”! Хоць, паўтару, я не за такія манументы… Я – за легенды і паданні, за фальклор… Калі чагосьці няма, то гэта трэба зрабіць так, каб гэта было прыемна з пункту гледжання турыста. Таму цмок павінен пасяліцца ў галовах – і ў нейкім бізнес-плане.
“Уявіце: апусціцца на дно возера ў батыскафе – і там убачыць постаць цмока…”
Калі казаць пра канкрэтныя месцы маршрута беларускіх цмокаў, Андрэй Барашка прапануе два асноўныя рэгіёны.
– Я не вынаходжу ровар – таму гляджу ў бок палескіх балотаў. Пачвара ёсць пачвара. Таму былое “Мора Герадота” – ладнае для яе месца, тым больш яно мае пэўную гістарычную рэтраспектыву. Можа, той цмок яшчэ ў той час даплыў да нас аднекуль і заблукаў? З Грэцыі, напрыклад… Таму я б паглядаў на рэгіён заказніка “Сярэдняя Прыпяць”, дзе захаваліся аўтэнтычныя вёскі, непралазныя лугі, балоты, дубровы… Гэта добры малюнак для легенды пра цмока! І турыстаў давесці туды адносна проста. Бо, напрыклад, у Альмінскія балоты так проста не ўлезеш. А ў Пінску ёсць інфраструктура. Сеў на лодачку, даў турыстам аўдыёгід, плывуць, глядзяць – і тут у вадзе нешта булькнула… Усё, вобраз гатовы! Бо ў нас у турыстычным плане вада не выкарыстаная аніяк! А ўявіце: апусціцца на дно возера ў батыскафе – і там убачыць нейкую постаць гэтага цмока… Але для гэтага мусіць знайсціся чалавек, які паверыць у гэтую турыстычную ідэю і не пабаіцца ўкласці ў гэта грошы…
Пакуль жа, кажа Андрэй Барашка, у нас збольшага ўкладаюцца грошы ў аграсядзібы, чые гаспадары не заўсёды разумеюць, што цяперашні турыстычны паток з Расіі – сёння ёсць, заўтра няма. Не ўсведамляюць, што ўнутраны турыстычны паток – гэта таксама вялікія грошы. Што турыстычны бізнес – гэта бізнес штодзённы, а не толькі на Новы год. Заўтра нашыя санаторыі папросяць сто мільёнаў даляраў за дзень – і ўсё, расійцы паляцяць на самалётах у Карлавы Вары!..
– Другое месца – Браслаўскі рэгіён, – працягвае спадар Андрэй. – Можна расказаць, што замерзлага цмока прынёс да нас ледавік… Тут лёд растаў, і гэты цмок ажыў у нашым возеры. Дзе і цяпер даволі добра сябе адчувае. На Браслаўскіх азёрах багата мясцін, дзе б гэтая легенда добра ўпісалася ў рэальную карцінку прыроды!
Свае развагі спадар Андрэй падагульняе трыма тэзамі.
– Будучыня цмока – быць зарэгістраваным як гандлёвая марка (як Зюзя Паазерскі), зарабляць грошы і ехаць у якасці сувеніра з турыстамі на іх радзіму. Гэтыя тры рэчы абавязкова зробіць той, хто прыдумае пад цмока ладны бізнес-план. Дык хто будзе першым?..
Прапануем вам відэаверсію маршрута беларускіх цмокаў ад Андрэя Барашкі!
Скажам шчыра, стваральнік унікальнага сайта “Глобус Беларусі” Андрэй Дыбоўскі ўспрыняў прапанову кампаніі“Будзьма” скласці маршрут беларускіх цмокаў скептычна. Спадар Андрэй — праграміст з адукацыі, таму да “ўсякіх цмокаў” ставіцца з усмешкай. Аднак Дыбоўскі — занадта каштоўны эксперт, каб здавацца так проста! Бадай, гэта адзіны чалавек у Беларусі, які аб’ехаў 99% нашых помнікаў архітэктуры — і стварыў найпаўнейшую інтэрнэт-энцыклапедыю, куды трапілі 10 тысяч аб’ектаў на 50 тысячах фатаграфіяў. Таму замест “мясцінаў, дзе жыве цмок” мы пайшлі на саступку, запісаўшы ад спадара Андрэя “мясціны, дзе мог бы жыць беларускі цмок, калі б ён існаваў”.
“Другі падземны паверх палаца Сапегаў — добрае месца для цмока”
— Я карэнны мінчук, — кажа Андрэй Дыбоўскі, — таму і пачну з Мінска. Зразумела, што ў сённяшнім горадзе на паверхні цмоку не было б дзе схавацца, таму ён быў бы вымушаны жыць пад зямлёй. А таму як пячораў у нас няма, цмок, натуральна, абраў бы нашую падземную раку Нямігу, якую загналі ў трубы ў першай палове ХХ стагоддзя. Як мы памятаем, менавіта з гэтай ракой (а дакладней, з бітвай на Нямізе ў 1067 годзе) звязаная першая згадка пра Менск. Ды і на нашай памяці, у 1999 годзе, тут адбылася страшная трагедыя, калі загінулі 53 чалавекі… Калі б я не быў праграмістам, то сказаў бы, што гэтае месца нейкае містычнае, няпростае. І цмока тут можна было б уявіць! Зрэшты, калі мы не бачым саму раку, то ўявіць там можна ўсё што заўгодна.
Далей спадар Андрэй прапануе перанесціся адразу ў Пружанскі раён, у палац Сапегаў у Ружанах.
— Напэўна, гэта адзіная старая пабудова ў Беларусі, дзе я на свае вочы бачыў два падземныя паверхі, — кажа спадар Дыбоўскі. — Ну а раз ужо ў нас прынята ўсялякія падзямеллі звязваць з таямнічасцю і загадкавасцю, чаму б нам не ўявіць, што беларускі цмок мог жыць менавіта там? Нават калі да рэстаўрацыі самога палаца рукі дойдуць няхутка (пакуль адноўленая толькі брама і два прыбрамныя карпусы), то арганізаваць бяспечнае наведванне гэтых лёхаў варта было б, бо людзі ўсё адно пранікаюць туды самастойна, а гэта больш небяспечна для жыцця. А ў часе экскурсіі можна было б і цмока туды прыплесці!
Вандруючы па Берасцейшчыне, Дыбоўскі прапануе зазірнуць у маёнтак Рэйтанаў Грушаўка (Ляхавіцкі раён).
— Там захавалася адна з самых маляўнічых у Беларусі пахавальняў. Сёння яна ў неблагім стане, аднак патрабуе рэстаўрацыі. Стаіць яна на ўзлеску, непадалёк ад самой сядзібы. Векавыя дрэвы і агромністая пахавальня ў рэтраспектыўна-гатычным стылі робяць гэтае месца асабліва ўзнёслым. Не будзем сяліць нашага цмока ў саму пахавальню, але сядзець недзе побач у лесе і ахоўваць яе ён бы мог.
“Кажуць, у гэтага бліндажа ёсць і другі, падземны паверх”
Там жа, на Берасцейшчыне, варта зазірнуць у мястэчка Высокае, мяркуе наш эксперт.
— Тут таксама стаяў замак Сапегаў другой паловы XVII стагоддзя, — тлумачыць Дыбоўскі. — На вялікі жаль, ад яго захавалася толькі брама ды рэшткі земляных умацаванняў. Але і гэта дае нам уяўленне пра магутнасць замка. Руіны брамы ўздымаюцца над вадою, наўкол пагоркі параслі дрэвамі — месца вельмі маляўнічае. А калі ўжо мы пасялілі цмока ў падзямелле адной рэзідэнцыі Сапегаў, то ўявім, што перыядычна наш цмок завітваў і сюды. Калі ж уласна цмока вы там не знойдзеце, раю паглядзець у Высокім Траецкі касцёл 1772 года, сядзібу Патоцкіх 1816 года, кляштар баніфратаў 1773 года, руіны дзвюх сінагог і старадаўнюю гарадскую забудову.
Працягваючы падарожжа па поўдні Беларусі, наш эксперт запрашае ў вёску Парэчча Пінскага раёна.
— Для разнастайнасці маршруту паселім нашага ўяўнага цмока ў… самы вялікі нямецкі бліндаж часоў Першай сусветнай вайны! — прапануе спадар Андрэй. — Бліндажу, як вы разумееце, амаль 100 гадоў, і ён настолькі ўмела схаваны ў лесе, што і цяпер заўважыць яго нялёгка. Здалёк выглядае як звычайны пагорак, парослы дрэвамі. Бліндаж вельмі вялікі — усярэдзіне доўгі калідор, ад якога адыходзяць пакоі. Даследчыкі мяркуюць, што тут мог быць штаб альбо шпіталь. Мясцовыя краязнаўцы расказвалі мне, што насамрэч бліндаж двухпавярховы — яшчэ адзін паверх ідзе пад зямлю і цяпер завалены смеццем. І нібыта ў гэтым бліндажы аж паўтара дзясятка пакояў! Дарэчы, у Парэччы раю паглядзець таксама цукровы завод Скірмунтаў. Яго заснавальнік Аляксандр Скірмунт — аўтар першага вядомага на сёння беларускага патэнта. Звязанае вынаходніцтва Скірмунта з выпарваннем цукровага сіропу, якое паскорыла працэс у разы. Сядзіба Скірмунтаў не захавалася, але ў парку можна пабачыць магілу Рамана Скірмунта — чалавека, які ў 1918 годзе падтрымаў стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. У верасні 1939 яго без суда і следства забілі прыхільнікі новай савецкай улады.
На ўскрайку Берасцейскай вобласці Дыбоўскі прапануе наведаць два месцы. Першае — сядзіба Стайкі Баранавіцкага раёна.
— Гэтая сядзіба — прыклад нашай сённяшняй нядбайнасці, — абураецца Дыбоўскі. — Яна ў вельмі добрым стане — сцены стаяць цэлыя, толькі дах месцамі абваліўся. Сядзіба нетынкаваная, з чырвонай цэглы, збоку мае вельмі арыгінальную вежачку, аднак разбураецца літаральна на вачах, нікому не патрэбная… І такіх сядзібаў у нас сотні. Я не супраць, каб знайшліся людзі, якія “паселяць” туды цмока ці каго яшчэ. Калі гэта дапаможа ўратаваць нашыя помнікі архітэктуры — цудоўна!
Са Стайкаў варта заехаць у Вялікую Сваротву (таксама Баранавіцкі раён).
— Гэта адзіная ў Беларусі трохвугольная царква! Зразумела, што без цмокаў тут ніяк абысціся не магло, — смяецца Андрэй Дыбоўскі. — Яшчэ некалькі гадоў таму яна стаяла ў руінах і рабіла асабліва таямнічае ўражанне. Але цяпер святар аднавіў яе, дзякуй яму. Таму ў самім храме цмока ўжо дакладна няма, але наўкол пашукаць можаце! Чаму царква трохкутная, адзінага меркавання няма, версіі самыя розныя. І што грошай на чацвертую сцяну не хапіла, і што зрабілі так, каб між іншых храмаў вылучалася, і што масоны руку прыклалі…
“Калі цмока не знойдзеце, прынамсі на зубы маманта паглядзіце!”
З Берасцейскай вобласці пераносімся ў Гомельскую.
— Прыдатнае месца для нашага маршрута — вёска Юравічы Калінкавіцкага раёна, — кажа Андрэй Дыбоўскі. — 28 тысяч гадоў таму нашыя продкі арганізавалі тут адну з самых першых стаянак (паселішчаў) на тэрыторыі Беларусі. Археолагі знайшлі тут шмат артэфактаў таго часу. А косткі, біўні і нават зубы мамантаў можна пабачыць у мясцовым школьным музеі! Так што, калі цмока не знойдзеце, прынамсі гэта паглядзець вельмі цікава! Тут аднаўляецца езуіцкі касцёл і кляштар 1726 года.
У Веткаўскім раёне Гомельшчыны ёсць сядзіба Рудня, якая знаходзіцца ў пасёлку Першамайскі, але часам яе адносяць і да суседняй вёскі Рэчкі.
— Гэтая сядзіба канца ХІХ стагоддзя трапіла ў Чарнобыльскую зону, — апавядае Дыбоўскі. — Наўкол на шмат кіламетраў няма людзей, стаяць закінутыя хаты… Атмасфера там асаблівая, вельмі трывожная. Пры гэтым дзікія жывёлы пачуваюцца там сапраўды вольна — і дзікі, і ваўкі… Думаю, людзі з добрай фантазіяй могуць уявіць недзе там і цмока…
На Гарадзеншчыне Андрэй Дыбоўскі таксама прапануе некалькі пунктаў маршруту.
— Я чытаў меркаванні астатніх экспертаў “Будзьмы”, што цмокі жывуць у азёрах, — прыгадвае спадар Андрэй. — Калі дапусціць гэта, я б назваў возера Свіцязь (Наваградскі раён). Яно незвычайна прыгожае. Ды і Міцкевіч нездарма ўславіў яго ў сваёй паэме. Калі б я быў цмокам, то напэўна пасяліўся б менавіта тут!
Непадалёк, на Слонімшчыне, ёсць вёска Навадзявяткавічы.
— Некалі тут стаяў вялікі палац Слізняў, — кажа наш эксперт. — Як кажуць мясцовыя жыхары, яго знішчылі партызаны ў канцы вайны. Але ад палаца, здаецца, захаваліся падземныя хады — адзін нібыта да касцёла, другі — у панскі парк. Тое, што яны ёсць, — гэта дакладна. Чатыры гады таму ў адзін з гэтых хадоў уваліўся калгасны грузавік. Мясцовы настаўнік гісторыі знайшоў там чалавечыя парэшткі і некаторыя старыя рэчы, напрыклад, падсвечнікі… Так што калі казаць пра таямнічыя падзямеллі, то гэты пункт мусіць трапіць у маршрут дакладна!
У Астравецкім раёне Андрэю Дыбоўскаму запомнілася стараверская царква ХІХ стагоддзя ў Ляшчынаве (урочышча Стрыпішкі).
— Там далёка наўкола няма людзей, царква стаіць практычна пасярод лесу, — каментуе Дыбоўскі. — Яна закінутая, але ў даволі добрым стане. Не ведаю, чаму, але калі вы папрасілі скласці “маршрут беларускіх цмокаў”, мне адразу прыгадалася гэтае месца.
Скончыць маршрут беларускіх цмокаў Андрэй Дыбоўскі прапанаваў у Пустынках, дзе знаходзіцца старадаўні манастыр.
— Паводле легенды, яго заснаваў вялікі князь Альгерд у 1380 годзе. Сын Альгерда Лугвен аслеп, і нехта параіў яму прыйсці да цудадзейнай крыніцы ў гэтым месцы. Да Лугвена вярнуўся зрок, і Альгерд заснаваў манастыр. Крыніца дзейнічае і цяпер. Яшчэ колькі гадоў таму манастыр быў цалкам закінуты і рабіў таямнічае ўражанне. Потым сюды прыйшлі манахі, пачалі яго аднаўляць, і як раптам на сцяне аднаго з пакояў праявіўся лік Хрыста… А ўсяго за 200 метраў ад манастыра праходзіць мяжа з Расіяй. Карацей, гэта цікавае месца, каб скончыць на ім нашае падарожжа.
Прапануем вашай увазе відэаверсію маршруту беларускіх цмокаў ад Андрэя Дыбоўскага